tsikhanouskaya | Неотсортированное

Telegram-канал tsikhanouskaya - Светлана Тихановская

106517

Канал пресслужбы штабов Тихановской, Бабарико, Цепкало.

Подписаться на канал

Светлана Тихановская

Святлана Ціханоўская ўжо на шляху ў ЗША. У кароткім відэа беларуская лідарка распавядае пра мэты візіту і запланаваныя сустрэчы.

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Святлана Ціханоўская — пра вызваленне Юрася Зянковіча

«З вялікай радасцю даведалася пра вызваленне Юрася Зянковіча — беларускага палітвязня і грамадзяніна ЗША, несправядліва асуджанага рэжымам Лукашэнкі. Гэта вынік вялікіх намаганняў. Дзякуй Прэзідэнту ЗША, Дзярждэпартаменту і ўсім, хто працаваў дзеля яго вызвалення.

Але нам варта памятаць: у беларускіх турмах застаецца больш за 1200 палітвязняў. Іх трымаюць за кратамі толькі за тое, што яны хацелі праўды, справядлівасці і свабоды.
Вызваленне аднаго — гэта крок наперад. Але нашая мэта — свабода для ўсіх»

Читать полностью…

Светлана Тихановская

«Калі дыктатары аб'ядноўваюцца, мы таксама павінны быць адзіныя»

Святлана Ціханоўская з працоўным візітам наведала Валенсію, дзе прыняла ўдзел у Пленарным пасяджэнні Еўрапейскай народнай партыі (EPP). Партыя з’яўляецца найбуйнейшай фракцыяй у Еўрапейскім парламенце, таму яе пазіцыя істотна ўплывае на фарміраванне агульнаеўрапейскай палітыкі. У пасяджэнні прынялі ўдзел Прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, старшыня Еўрапарламента Раберта Мецола, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, прэзідэнт EPP Манфрэд Вебер, прэзідэнтка Малдовы Мая Санду і шэраг вядучых еўрапейскіх палітыкаў.

У сваёй прамове Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што без дэмакратычнай Беларусі не можа быць справядлівага і трывалага міру:

«Беларусь практычна не згадваецца ў мірных перамовах, але мірныя перамовы вызначаць будучыню не толькі Украіны. Гаворка ідзе пра ўвесь еўрапейскі рэгіён, уключаючы Беларусь, Малдову, Грузію і Арменію. Для Пуціна мы як непаслухмяныя дзеці, якіх трэба пакараць і вярнуць «дадому». Але мы суверэнныя еўрапейскія нацыі. І мы маем права самі вырашаць сваю будучыню. Нягледзячы на пагрозы і тэрор, мы працягваем змагацца.

Мір не павінен быць часовым рашэннем. Ён павінен быць справядлівым і доўгатэрміновым. І гэта немагчыма без свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Як слушна сказаў прэзідэнт Зяленскі, усходняя мяжа Беларусі — гэта і ўсходняя мяжа Еўропы. Гэта не проста геаграфічная лінія. Еўропе трэба адмовіцца ад ілюзіяў, што Пуцін і Лукашэнка хочуць міру. Яны не хочуць. Вайна падсілкоўвае іх рэжымы, апраўдвае іх рэпрэсіі. Таму нам нельга адступаць.

Калі дыктатары аб'ядноўваюцца, мы таксама павінны быць адзіныя. Мы павінны абараняць Еўропу ў цэлым, як нашую агульную прастору каштоўнасцяў. І мы, беларусы, гатовыя зрабіць свой унёсак. Ваенная сіла сама па сабе нічога не значыць без людзей, гатовых абараняць свае каштоўнасці. Таму падтрымка свабоднай Беларусі — гэта стратэгічная інвестыцыя для Еўропы».

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Святлана Ціханоўская — на саміце Ініцыятывы Трохмор’я ў Варшаве

Беларуская лідарка прыняла ўдзел у саміце Ініцыятывы Трохмор’я ў Варшаве, які адбыўся па запрашэнні Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. Упершыню Ціханоўская была запрошаная на саміт, да якога далучыліся дэлегацыі з больш чым 20 краінаў.

Трохмор’е — гэта рэгіянальная ініцыятыва супрацоўніцтва паміж краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў сферах транспарту, энергетыкі, бяспекі і лічбавай інфраструктуры. Удзел Святланы Ціханоўскай у форуме паказвае — Беларусь павінна быць часткай еўрапейскага рэгіёну, а дэмакратычная Беларусь будзе гатовая стаць надзейным партнёрам для суседзяў.

Падчас саміту Святлана Ціханоўская правяла шэраг кароткіх размоваў з лідарамі краінаў-удзельніцаў. Яна паразмаўляла з прэзідэнтамі Чэхіі, Славакіі, Балгарыі, Польшчы, Эстоніі, Албаніі, а таксама з міністрам транспарту Турцыі, міністрам па еўрапейскіх справах Іспаніі і памочнікам сакратара ЗША па энергетыцы.

«Я выступаю за тое, каб Беларусь вярнулася ў еўрапейскую прастору — не толькі палітычна, але і эканамічна, лагістычна, энергетычна. Ініцыятыва Трохмор’я — гэта тая платформа, дзе мы можам будаваць будучыя партнёрствы для вольнай Беларусі»,

— адзначыла Ціханоўская падчас саміту.

Таксама беларуская лідарка падкрэсліла, што ізаляцыя Беларусі, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі, супярэчыць інтарэсам народа і адрывае краіну ад супрацоўніцтва з суседзямі. Беларусь павінна быць не ваенным плацдармам Расіі, а часткай стабільнага і бяспечнага рэгіёну.

Читать полностью…

Светлана Тихановская

«Мы не павінны закрываць вочы і вушы. Мы павінны адкрыта глядзець на пагрозы, з якімі сутыкаемся, і рыхтавацца да магчымай эскалацыі»

У інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай з генералам МакМастэрам гаворка ідзе пра тое, як важна быць гатовымі да абароны сваіх прынцыпаў і суверэнітэту ў перыяд, калі дыктатары імкнуцца падпарадкаваць краіны, зруйнаваць іх каштоўнасці і кіраваць на сваіх умовах. Ціханоўская падкрэслівае: нягледзячы на жаданне міру, неабходна рыхтавацца да эскалацыі канфлікту, паколькі пагрозы не знікаюць, а толькі ўмацоўваюцца.

«Зброя бесперспектыўная, калі людзі не гатовыя абараняць свае землі і адстойваць свае прынцыпы. Таму мы павінны растлумачыць тым, хто так доўга карыстаўся дэмакратыяй і мірным жыццём, што яны забыліся, як змагацца з дыктатарамі.

І мы, людзі, якія знаходзяцца тварам да твару з дыктатарамі, сапраўды можам растлумачыць, як паводзіць сябе з імі, як не верыць і не давяраць ім. Бо часам я нават цяпер чую размовы пра тое, што, магчыма, нам прыйдзецца пайсці на здзелку з Пуціным, бо мы не хочам эскалацыі.

Але з дыктатарамі так не бывае. Стоіць толькі паказаць слабасць – і дыктатары могуць напасці. Таму вы павінны быць гатовыя абараняцца, калі спатрэбіцца. Канешне, мы ўсе хочам міру. Мы не хочам ніякай вайны ў Еўропе і па-за яе межамі. Мы павінны жыць у міры, але рыхтавацца да вайны, бо часы зараз сапраўды складаныя і незразумелыя.

І таму мы не павінны закрываць вочы і вушы. Мы павінны адкрыта глядзець на пагрозы, з якімі сутыкаемся, і рыхтавацца да магчымай эскалацыі. Не таму, што мы хочам эскалацыі, а таму, што дыктатары хочуць падпарадкаваць вас, зруйнаваць вашыя прынцыпы, зруйнаваць вашыя каштоўнасці і кіраваць светам».

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Што не так з Канстытуцыяй 1994 года і што з гэтым рабіць?

Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе, тлумачыць, чаму вяртанне да Канстытуцыі 1994 года – не выйсце для краіны, якая імкнецца да дэмакратыі. Таксама палітык распавядае, што ўжо зроблена для стварэння сучаснай, справядлівай і збалансаванай сістэмы кіравання.

У чым дарадца Ціханоўскай бачыць галоўныя праблемы Канстытуцыі 1994 года:

⭕️Прэзідэнцкая форма кіравання: канцэнтрацыя ўлады ў адных руках;
⭕️Адсутнасць балансу паміж галінамі ўлады;
⭕️Магчымасць татальнага кантролю.

Якую альтэрнатыву прапаноўваюць дэмакратычныя сілы Беларусі?

⭕️Распрацаваны праект Канстытуцыі Новай Беларусі (КНБ);
⭕️У 2022–2023 гадах атрымана больш за 2000 прапановаў па папраўках ад беларусаў;
⭕️Кожная прапанова была разгледжаная – гэта сапраўдны прыклад удзелу грамадства ў законаўтварэнні;

Глядзіце відэа, каб даведацца падрабязнасці.

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Дзяніс Кучынскі: «Папа Францыск верыў, што дыялог – гэта вырашэнне любога крызісу»

Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў, у якую ўвайшлі дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікі арганізацыі «Хрысціянская візія», узяла ўдзел у жалобнай цырымоніі развітання з пантыфікам Францыскам у Ватыкане. Чальцы дэлегацыі выказалі спачуванні прадстаўнікам Святога Прастола, а таксама далучыліся да памінальнай імшы на пляцы каля Сабора Святога Пятра.

Пасля цырымоніі Дзяніс Кучынскі меў магчымасць правесці серыю нефармальных размоваў з вядучымі палітыкамі свету. Ключавымі суразмоўцамі сталі прэзідэнты Аргенціны, Албаніі і Малдовы, сенатары Італіі, а таксама міністры замежных справаў Ірландыі, Нідэрландаў і Румыніі.

Акрамя таго, дарадца Святланы Ціханоўскай сустрэўся з іерархамі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў – кардыналам Матэа Дзупі, Вярхоўным архібіскупам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаславам і Патрыярхам Варфаламеем.

Падчас дыялогаў абмяркоўваліся важныя для беларусаў пытанні:

1️⃣Спосабы і метады вызвалення беларускіх палітвязняў, спыненне рэпрэсіяў;
2️⃣Захаванне Беларусі на высокім узроўні ў міжнароднай павестцы;
3️⃣Падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя.

Дзяніс Кучынскі:

«Адна з маіх першых вялікіх місіяў у Офісе Святланы Ціханоўскай у 2020 годзе – усталяванне стасункаў з Ватыканам і перадача ліста ад Святланы Ціханоўскай да Папы Францыска праз Апостальскага Нунцыя ў Літве. Тады мы толькі пачыналі будаваць гэтыя кантакты, спрабуючы данесці да Святога Прастола голас беларускага народу, які змагаецца за праўду і свабоду. Папа Францыск верыў, што дыялог – гэта вырашэнне любога крызісу. Таму сённяшнія сустрэчы ў Ватыкане – гэта працяг той працы і сведчанне таго, што беларускае пытанне і надалей знаходзіцца ў сферы ўвагі ўплывовых міжнародных інстытутаў і лідараў».

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Святлана Ціханоўская ўсклала кветкі да помніка Маці Чарнобыля ў Вільні разам з дыпламатамі і амбасадарамі Літвы, Польшчы, Эстоніі, Іспаніі, ЗША, Харватыі, Францыі, Ірландыі, Чэхіі і Нідэрландаў.

Таксама сёння і заўтра беларусы ладзяць акцыі па ўсім свеце з нагоды гадавіны Чарнобыльскай трагедыі.

Калі ў вас ёсць магчымасць, далучайцеся да іх самі і заахвочвайце далучыцца сяброў!

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Святлана Ціханоўская – да гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС

«Прайшло амаль чатыры дзесяцігоддзі, а наступствы той катастрофы Беларусь адчувае і сёння.

Чарнобыль не такі далёкі, як можа здавацца. Рэжым сёння паводзіць сябе гэтаксама, як і савецкія ўлады падчас катастрофы. Ім прасцей змаўчаць, забыць, праігнараваць. Чарнобыль – нязручная тэма, якая руйнуе прыгожую карцінку дабрабыту і стабільнасці.

Гісторыя паказвае, што дастаткова адной чалавечай памылкі ці цынічнага загаду зверху, каб гэтая афёра абярнулася трагедыяй.

Кожны год 26 красавіка беларусы выходзяць на Чарнобыльскі шлях – каб не толькі ўшанаваць памяць ахвяраў і ліквідатараў, але і сказаць «не» – безадказнасці і хлусні, якімі прасякнуты як савецкі, так і цяперашні рэжым.

У будучыні Беларусь стане краінай, дзе галоўная каштоўнасць – чалавечае жыццё. Дзе ўлада будзе служыць людзям і адказваць за свае памылкі. Дзе не будзе месца ні ядзерным пагрозам, ні вайне».

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Леанід Марозаў – пра вырашэнне праблемаў беларусаў у Грузіі

Дарадца Святланы Ціханоўскай па юрыдычных пытаннях Леанід Марозаў у відэа пра магчымасці атрымання візавай падтрымкі для беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі і адмовай у міжнароднай абароне.

Калі ваш кейс падыходзіць пад адзначаныя крытэрыі – звяжыцеся па наступных кантактах:
Офіс Святланы Ціханоўскай: askoffice@tsikhanouskaya.org
– намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Віталія Малчанава: estonia.representative@tsikhanouskaya.org

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Святлана Ціханоўская – у дзень народзінаў Марыі Калеснікавай

«Мне не хочацца нават верыць, што ўжо пяты год запар Маша сустракае дзень народзінаў у зняволенні.

Ведаеце, калі мы з ёй толькі пазнаёміліся, я была бясконца ўражаная яе сілай волі і цвёрдасцю! Але тое, што патрапіла ў сэрца мне і тысячам беларусаў – усмешка і цеплыня Машы. Іх адчуваў кожны, хто сустракаўся з Машай хоць раз: у размовах, на мінскіх вуліцах ці падчас жаночых пратэстаў. І я ўпэўненая, што нават за кратамі яна не страціла ні кропелькі аптымізму і здольнасці падтрымліваць іншых нават у самых цяжкіх абставінах.

Дарагія, дапамагайце нашым палітвязням, калі для вас гэта бяспечна. Кожнаму з іх патрэбная нашая ўвага і падтрымка. Распавядайце іх гісторыі ў сацсетках, падтрымлівайце дабрачынныя ініцыятывы. Бо салідарнасць гэта тое, што робіць нас мацнейшымі за страх і несправядлівасць».

Читать полностью…

Светлана Тихановская

«Больш за 280 прадпрыемстваў у Беларусі пастаўляюць абсталяванне для расійскай агрэсіі»

Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю каналу «И Грянул Грэм» распавяла пра тое, як змянялася стаўленне да беларусаў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Яна падкрэсліла: рэжым актыўна ўдзельнічае ў вайне, і абгрунтавала, чаму Лукашэнку не варта разглядаць як самастойнага палітыка ў гэтым кантэксце.

Тры пытанні, на якія адказала беларуская лідарка:

📌Ці адчулі вы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне негатыў да ўсіх беларусаў, незалежна ад палітычных поглядаў?

«Вядома, пасля пачатку расійскага ўварвання стаўленне да беларусаў змянілася, перш за ўсё з боку ўкраінцаў. Для беларусаў было шокам, што з тэрыторыі Беларусі паляцелі першыя ракеты, і ў той перыяд для нас было вельмі важна захаваць нармальныя адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі. Гэта было вельмі складана, але з цягам часу мы сталі больш украінцам распавядаць, тлумачыць, што беларусы супраць вайны і яны не падтрымліваюць дзеянні Лукашэнкі. Сваімі актыўнымі дзеяннямі беларусы паказалі, што мы на баку Украіны. Таму з часам у нас усталяваліся добрыя сувязі з Парламентам Украіны, з грамадзянскай супольнасцю, палітыкамі на розных узроўнях».


📌Якой вы бачыце палітыку Лукашэнкі ў гэтай вайне?
«Відавочна, што рэжым Лукашэнкі ўдзельнічае ў вайне. Ён даў тэрыторыі Беларусі для ўварвання ва Украіну. Цяпер рэжым зарабляе на гэтай вайне: больш за 280 прадпрыемстваў у Беларусі пастаўляюць абсталяванне для расійскай агрэсіі ў той ці іншай форме. І Лукашэнка, і Пуцін уцягнулі нашую краіну ў вайну, хоць у беларусаў вельмі моцны антываенны настрой. Лукашэнка першапачаткова ведаў, што калі ён адправіць нейкай падставай або падманам беларускія войскі ва Украіну, то беларусы проста адмовяцца ваяваць. Яны будуць здавацца ў палон, пераходзіць на бок Украіны, але не будуць забіваць украінцаў. Гэта значыць, нягледзячы на прапаганду, рэжыму не ўцягнуў беларускае войска наўпрост у баявыя дзеянні».


📌Чаму Лукашэнку не варта разглядаць як самастойнага палітычнага гульца?
«Хаця рэжым забараніў праводзіць сацапытанні ў Беларусі, у нас усё яшчэ ёсць магчымасць мець зносіны з людзьмі. І толькі 4% беларусаў падтрымліваюць удзел беларускіх войскаў у вайне. У беларусаў вельмі моцны антываенны настрой. Таму Лукашэнка хоча паказаць, што ён адыгрывае нейкую важную ролю ў гэтым геапалітычным крызісе. Але міжнародная супольнасць не ўспрымае яго як нейкую фігуру, як суб'ект. Яго ўспрымаюць як марыянетку Крамля, якая гатовая аддаць, прадаць незалежнасць, суверэнітэт Беларусі, каб выжыць палітычна. Таму Лукашэнка ідзе ў давесак да Пуціна».

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Прыходзьце на асабістыя размовы са Святланай Ціханоўскай і Леанідам Марозавым у гэты чацвер, 24 красавіка

На гэтым тыдні ў асабістых размовах з беларусамі разам са Святланай Ціханоўскай возьме ўдзел дарадца па юрыдычных пытаннях Леанід Марозаў. Вы зможаце абмеркаваць з Леанідам праблемы юрыдычнага кшталту – і даведацца пра асаблівасці працы і выклікі, з якімі сутыкаюцца юрысты Офіса.

Размовы пройдуць у чацвер, 24 красавіка, з 13:00 да 14:00 па Мінску. Да гэтых размоваў можна далучыцца анлайн з любой часткі свету. Гэта бяспечны фармат для беларусаў і беларусак унутры краіны.

Каб трапіць на размову са Святланай і Леанідам, трэба зарэгістравацца па гэтай спасылцы.

Читать полностью…

Светлана Тихановская

«Пуцін мае аднолькавыя мэты і ва Украіне, і ў Беларусі»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька распавёў, як Крэмль рэалізуе план анексіі Беларусі праз залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад расійскай энергіі, адсутнасць самастойнай знешняй палітыкі і ваенныя дамовы.

У відэа дарадца патлумачыў асноўныя факты, згодна з якімі ў Беларусі адбываецца паўзучая анексія:
⭕️Беларусь цалкам залежыць ад расійскіх энергарэсурсаў;​
⭕️Знешняя палітыка краіны ўзгадняецца з Крамлём;​
⭕️Пуцін атрымаў права ўводзіць войскі ў Беларусь паводле дамовы.​

Глядзіце відэа, каб даведацца больш.

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Святлана Ціханоўская віншуе ўсіх беларусаў і беларусак з Вялікаднем!

«Вялікдзень – свята перамогі дабрыні над злом. Яно нагадвае пра тых, хто працягваў верыць і захоўваць надзею, нягледзячы на цёмныя часы. Нават калі здавалася, што зло бярэ верх, ні страх, ні падман, ні гвалт не змаглі перамагчы чалавечнасць і праўду.

Няхай гэты дзень стане нам напамінам: будучыня за тымі, хто захоўвае чалавечнасць. За тымі, хто не прымае хлусню і працягвае мяняць сусвет праз любоў і падтрымку. Няхай нашыя сэрцы заўсёды будуць поўныя святла і дабрыні. І няхай гэтая дабрыня вядзе нас да вольнай краіны, дзе не будзе месца гвалту, страху і нянавісці. 

Хрыстос Уваскрос – Сапраўды Уваскрос!»

https://youtu.be/zIhIIxNI8j8

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Святлана Ціханоўская – з нагоды 1 траўня

«Сённяшняе «свята» прыйшло да нас з савецкіх часоў, калі пра працу казалі як пра гонар, пра рабочага — як пра героя. Але толькі на словах. На справе рабочы быў толькі рухавіком у вялікай сістэме, дзе чалавечае жыццё не каштавала нічога. На жаль, менавіта гэта пераняў і сучасны рэжым. Улада дагэтуль жыве ў тым свеце, дзе чалавек — не асоба, а рэсурс, які можна вычарпаць на сваю карысць.

Таму 12-гадзінныя змены, пасля якіх не застаецца ні сілаў, ні часу на сям’ю — гэта рэчаіснасць. Заробкі, што ледзь пакрываюць камуналку і харчаванне, сталі звычайнай з’явай. Медыкам адмяняюць абяцаныя выходныя, спасылаючыся на недахоп кадраў, а за фота з пратэстаў звальняюць чарговага работніка пасля доўгіх гадоў адданых працы.

І гэта — на фоне гучных прамоваў пра «стабільнасць» і «развіццё». Але цэны растуць, умовы не паляпшаюцца, а прадпрыемствы ператвараюцца ў руіны — без інвестыцыяў і стратэгіі.

І ўсё ж вы працягваеце працаваць, карміць сем’і, падтрымліваць адно аднаго. І вы заслугоўваеце іншага: прызнання, годнай аплаты, чалавечых умоваў працы. Вы маеце права патрабаваць павагі і чалавечага стаўлення. Маеце права планаваць жыццё без страху за пасаду, будучыню сваіх дзяцей і сваё здароўе.

Клопат пра чалавека і падтрымка — вось што павінна быць у цэнтры ўвагі дзяржавы. Бо людзі не вінцікі. Людзі — нашая найвышэйшая каштоўнасць. І гэты дзень не свята пустых лозунгаў, а даніна павагі ўсім, хто сваёй працай стварае лепшую Беларусь».

Читать полностью…

Светлана Тихановская

«Беларусь стаіць перад трагедыяй, якая можа стаць знакавай: палітзняволеная Вікторыя Кульша знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці»

Сёння стала вядома, што палітзняволеная Вікторыя Кульша, якую будуць судзіць у пяты раз, абвясціла бестэрміновую галадоўку — шостую за час зняволення.

Дарадца па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў аператыўна праінфармаваў міжнародныя арганізацыі і прадстаўнікоў краінаў ЕС аб сітуацыі і звярнуўся з просьбай аб тэрміновай дапамозе:

«Беларусь стаіць перад трагедыяй, якая можа стаць знакавай: палітзняволеная Вікторыя Кульша знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці. Паводле інфармацыі былой палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, яна распачала галадоўку на знак пратэсту супраць новых рэпрэсіяў, і сёння можа стаць першай жанчынай, якая загінула ў вязніцы па палітычных прычынах».


Цалкам — чытайце па спасылцы.

Читать полностью…

Светлана Тихановская

«Мы заўжды выступалі за дыялог з прадстаўнікамі рэжыму»

Падчас візіту ў Варшаву Святлана Ціханоўская завітала да каналу Белсат. У інтэрв’ю беларуская лідарка патлумачыла пазіцыю адносна кантактаў з прадстаўнікамі рэжыму. Яна падкрэсліла, што будучая Беларусь патрабуе не помсты, а справядлівасці і сумленнага працэсу пераходу.

«Насамрэч, мы заўжды выступалі за дыялог з прадстаўнікамі рэжыму, бо мы разумеем, што нам разам будаваць будучую Беларусь, але на дадзены момант мы не бачым ніякіх крокаў з боку рэжыму. Я лічу, што рэжым разумее толькі моцныя наратывы, яны не разумеюць паслабленняў. Яны хочуць капітуляцыі – каб усе паўзлі да іх на каленях і прасілі прабачэння.

Але ж людзі выбралі сваю будучыню. Мы еўрапейскі народ, мы хочам жыць у нармальнай, свабоднай краіне, а рэжым, канечне, гэтаму замінае. Але ў нас няма такіх наратываў, як у Лукашэнкі, што кожнага яны потым павесяць на стаўбах. Не, нам разам далей працаваць. Канешне, трэба будзе правесці пэўныя працэдуры, каб тыя, хто парушаў закон, прайшлі праз справядлівыя суды. Гэтыя моманты трэба ўлічваць, але ўвогуле людзі, якія зараз працуюць пры гэтай уладзе могуць працаваць і на дэмакратычную Беларусь».


Цалкам інтэрв'ю глядзіце па спасылцы.

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Святлана Ціханоўская – падчас пасяджэння Аб’яднанага Пераходнага Кабінета

📌 «Хацелася б адзначыць: тэма палітычных зняволеных застаецца адной з цэнтральных. На жаль, сітуацыя толькі пагаршаецца. Нягледзячы на намаганні нашых саюзнікаў, колькасць рэпрэсій працягвае расці»

📌 «У пачатку наступнага месяца мы плануем правесці Кангрэс па пытаннях палітычных зняволеных, дзе збяруцца дыпламаты, прадстаўнікі краін-партнёраў, былыя палітвязні і праваабаронцы, каб абмеркаваць сітуацыю з катаваннямі і іншымі парушэннямі правоў чалавека»

📌 «Таксама 21 мая я заклікаю ўсіх далучыцца да Дня салідарнасці з палітычнымі зняволенымі»

📌 «Акрамя таго, з 23 па 25 мая ў Варшаве адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў беларускіх суполак і дыяспар з усяго свету. Мы будзем распрацоўваць супольныя праекты і кампаніі на найбліжэйшы час»

📌 «Сёння падчас саміту Ініцыятывы трох мораў я буду размаўляць з еўрапейскімі лідарамі. Мая галоўная думка на такіх сустрэчах – інтарэсы Беларусі павінны паважацца, умовы для беларусаў – паляпшацца, і нельга дапусціць захавання расійскага кантролю над Беларуссю ў будучыні»

📌 «Неўзабаве я распачну візіт у Злучаныя Штаты Амерыкі. Я наведаю Арызону, Тэхас і Вашынгтон, вазьму ўдзел у міжнародных форумах і правяду сустрэчы з прадстаўнікамі новай адміністрацыі. Для нас вельмі важна захаваць Стратэгічны дыялог з ЗША, аднавіць падтрымку незалежных журналістаў і, вядома, прыкласці ўсе намаганні дзеля вызвалення палітвязняў»

@CabinetBelarus

Читать полностью…

Светлана Тихановская

«Дэмакратычная Беларусь – гарантыя бяспекі для ўсяго рэгіёну»

Сёння Святлана Ціханоўская наведала Ваенную акадэмію імя генерала Ёнаса Жамайціса ў Вільнюсе, дзе сустрэлася з начальнікам штаба акадэміі Дэнісам Старыковічусам.

Што важнага падкрэсліла ў сваёй прамове Ціханоўская:

заклікала не паддавацца правакацыям і маніпуляцыям рэжыму, адрозніваць беларускі народ ад прарасійскай улады:

«Беларусы паважаюць Літву, яе гісторыю, культуру і цэласнасць. Мы павінны адкінуць і прадухіляць усе спробы ўбіць клін паміж нашымі народамі. Гісторыя – гэта тое, што нас аб’ядноўвае і ўмацоўвае».


надала асаблівую ўвагу пытанням бяспекі і сучасным выклікам:
«Гібрыдныя атакі супраць Літвы, Польшчы і Латвіі, выкарыстанне мігрантаў – гэта інструменты помсты рэжыму за вашую прынцыповую пазіцыю. Але мы разумеем, дзе сапраўдная пагроза. Наш агульны вораг – гэта дыктатура Лукашэнкі і расійскі імперыялізм».


падкрэсліла, што перамога Украіны адкрые шлях і для вольнай Беларусі, і для трывалай бяспекі ва ўсім рэгіёне:
«Барацьба за Украіну – гэта барацьба і за Беларусь, і за ўсю Еўропу. Толькі вольная і дэмакратычная Беларусь стане надзейным суседам і гарантам бяспекі для Літвы».


Сустрэча завяршылася дыскусіяй з афіцэрамі і прадстаўнікамі акадэміі, падчас якой беларуская лідарка адказала на пытанні пра падтрымку Украіны, барацьбу з гібрыднымі пагрозамі, мірныя перамовы па Украіне, а таксама працу дэмакратычных сілаў Беларусі.

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Аляксандр Дабравольскі: «Дыктатура – другі Чарнобыль для Беларусі»

Сёння беларусы Вільні ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі. Дзясяткі людзей далучыліся да акцыяў, прымеркаваных да 39-й гадавіны аднаго з самых жахлівых здарэнняў у нашай гісторыі. Таксама ў івэнце ўзялі ўдзел украінцы, літоўцы, шведы, прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў, палітыкі і эксперты. Адной з галоўных мэтаў мітынгу стала выказванне пратэсту супраць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.

Спікерам ад Офіса Святланы Ціханоўскай выступіў Аляксандр Дабравольскі, старэйшы палітычны дарадца лідаркі. Ён адзначыў: выбух на Чарнобыльскай АЭС абудзіў беларускае грамадства, паказаўшы, што савецкая сістэма – злачынная, безадказная і хлуслівая.

«Праз памяць пра Чарнобыльскую трагедыю, мы мусім зрабіць усё магчымае, каб падобныя катастрофы больш ніколі не паўтарыліся. Дыктатура Лукашэнкі стала другім Чарнобылем для Беларусі, закрануўшы амаль кожную сям’ю праз рэпрэсіі, палітычных зняволеных, вымушаную эміграцыю і пагрозу страты незалежнасці. Аднак беларусы навучыліся жыць без падтрымкі дзяржавы, дапамагаць адно аднаму і змагацца за свае каштоўнасці. Дыктатура не вечная – і надыдзе час, калі сам народ будзе вырашаць сваю будучыню»,

– падкрэсліў Дабравольскі.

Практычным вынікам мерапрыемства стала рэзалюцыя, якая заклікае вярнуць нашую краіну да бяз'ядзернага, нейтральнага статусу. Тады як фінальнай кропкай івэнту стаў велапрабег актывістаў па вуліцах Вільні.

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Святлана Ціханоўская – да дня народзінаў праваабарончага цэнтра «Вясна»

«Ужо 29 гадоў як «Вясна» абараняе правы беларусаў. 29 гадоў няспыннай працы дзеля справядлівасці. Увесь гэты час дзясяткі праваабаронцаў былі побач з кожным, хто трапляў у рэпрэсіўныя жорны беларускага рэжыму.

«Вясна» – гэта людзі. Гэта нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, гэта праваабаронца Марфа Рабкова і юрыст Уладзімір Лабковіч, гэта валанцёр Андрэй Чапюк. Гэта тыя, хто распавядае гісторыі палітвязняў, правярае факты, фіксуе парушэнні, вядзе статыстыку, каардынуе дапамогу. І працягвае ўсё гэта рабіць, нават калі іх прызнаюць «экстрэмістамі», сайты блакіруюць, а за працу ў камандзе пагражае турма.

Алесь Бяляцкі казаў:

«Тыя, хто беспадстаўна кідаюць за краты пісьменнікаў, актораў, дзеячаў культуры, парушаюць правы чалавека – разбураюць беларускі народ і дзяржаўны суверэнітэт».


І менавіта праца вясноўцаў і беларускіх праваабаронцаў падкрэслівае, што беларусы маюць правы і што побач заўсёды ёсць тыя, хто заўсёды гатовы іх абараняць. Я вельмі ўдзячная вам, дарагія, за стойкасць і чалавечнасць. За тое, што нягледзячы ні на што яны не пакідаюць людзей сам-насам з бядой».

Фота: Еўрарадыё

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Дзяніс Кучынскі — наўпрост з цырымоніі пахавання Папы Рымскага ў Ватыкане

Читать полностью…

Светлана Тихановская

«Калі Захад дазволіць Пуціну дамінаваць у Беларусі, гэта можа дэстабілізаваць увесь рэгіён»

У новым інтэрв'ю з генералам МакМастэрам Святлана Ціханоўская разважае пра пагрозу з боку дыктатараў, тлумачыць, чаму дэмакратычны свет не можа быць абыякавым, і як важна падтрымліваць краіны, што змагаюцца за свабоду. Беларуская лідарка таксама кажа пра неабходнасць салідарнасці, каб не дапусціць пашырэння агрэсіі.

«Хто кантралюе Беларусь – той кантралюе браму ў Еўропу. Расія гэта цудоўна разумее, таму і спрабуе цалкам дамінаваць у Беларусі. Калі Захад дазволіць гэтаму здарыцца, гэта можа дэстабілізаваць увесь рэгіён. Без Беларусі Пуцін не зможа захапіць Украіну і напасці, напрыклад, на краіны Балтыі. Але і наадварот: калі Беларусь будзе вольная, гэта стане найважнейшым рычагом ціску на Пуціна.

І, вядома, мы ўсе ведаем, што Расія спрабуе аднавіць імперскія межы. Яна пагражае Украіне, Малдове, Грузіі і ўсім іншым краінам – яна хоча аднавіць імперыю.

Лукашэнка не клапоціцца пра беларускі народ, пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасць – ён проста служыць інтарэсам Пуціна. Таму Лукашэнка прадае нашую краіну па частках Расіі ў абмен на ўладу. І тое, што мы бачым у Беларусі – гэта паўзучая акупацыя. Калі ва Украіне Расія дзейнічае танкамі, то ў Беларусі гэта адбываецца маўкліва.

Мы бачым, як Расія ўмешваецца ва ўсе сферы жыцця – у адукацыю, у армію, у медыяпрастору. Вядома, беларускі народ супраціўляецца, бо мы не хочам быць у ланцугах Расіі.

Але цяжка змагацца, калі мы адны, таму для нас вельмі важная падтрымка і салідарнасць дэмакратычнага свету. Але я не хачу, каб нашыя дэмакратычныя партнёры глядзелі на Беларусь выключна як на гуманітарны выпадак, дзе адбываюцца рэпрэсіі і ёсць палітвязні. Мы павінны разумець, што незалежная Беларусь – гэта ядро, ключавы элемент стабільнасці і бяспекі ўсяго рэгіёну.

Вось чаму так важна вывесці Беларусь з-пад кантролю Расіі. І менавіта гэта мы імкнёмся растлумачыць новай адміністрацыі Трампа і нашым заходнім партнёрам».

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Святлану Ціханоўскую запрасілі на пахаванне Папы Рымскага

Святлана Ціханоўская атрымала запрашэнне ад Святога прастола сфармаваць дэлегацыю ад дэмакратычных сілаў Беларусі на пахаванне Папы Рымскага Францішка ў Ватыкан, якая адбудзецца раніцай у суботу.

Ціханоўская даручыла Дзянісу Кучынскаму, дыпламатычнаму дарадцу, узначаліць дэлегацыю і ўзяць удзел у афіцыйных мерапрыемствах з нагоды пахавання Папы.

Дзяніс Кучынскі – практыкуючы рыма-каталік, на працягу апошніх гадоў адказваў у Офісе Святланы Ціханоўскай за сувязі з Ватыканам.

Читать полностью…

Светлана Тихановская

IV Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету: новыя магчымасці для дыяспары

Ужо ў траўні беларуская дыяспара зноў збярэцца разам, каб абнавіць і ўзмацніць унутраныя сувязі, абмеркаваць агульныя выклікі і распрацаваць сумесныя праекты, важныя для Беларусі.

Што чакае ўдзельнікаў і ўдзельніц:

⭕️Сустрэча са Святланай Ціханоўскай;
⭕️Прэзентацыі дыяспаральных арганізацыяў;
⭕️Майстар-класы, прысвечаныя:
легалізацыі і бяспецы,
падтрымцы рэпрэсаваных,
адукацыі і культуры,
нацыянальнай ідэнтычнасці,
развіццю і фінансавым магчымасцям для дыяспары;
⭕️Серыя інтэрв’ю ў фармаце Q&A з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў;
⭕️Праца ў групах над праектамі для Беларусі.

❗️ Колькасць месцаў абмежаваная, таму прапануем зарэгістравацца ўжо цяпер!

Да Канферэнцыі можна будзе далучыцца не толькі афлайн, але і ў анлайн-фармаце.

📅 23–25 траўня 2025 года
📍 Варшава, Польшча


Да сустрэчы!

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Што могуць зрабіць беларусы, каб захаваць краіну?

У новым відэа Анатоль Лябедзька называе галоўныя кірункі дзейнасці, якія дапамогуць беларусам спыніць паўзучую акупацыю з боку Расіі:

⭕️дэлегітымацыя дыктатуры;
⭕️умацаванне дэмакратычных сілаў,
⭕️міжнародная кааліцыя і пошук стратэгічных рашэнняў для нейтралітэту Беларусі.

Падрабязнасці – у відэа.

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Святлана Ціханоўская – да міжнароднага дня Зямлі

«Здаецца, што падчас эканамічных крызісаў, вайны і рэпрэсіяў зусім не да экалогіі. Але менавіта ў такія перыяды нам трэба з асаблівым клопатам ставіцца да прыроды і дбаць пра тое, якім мы пакінем наваколле нашым дзецям. У краіне, дзе рэжым не звяртае ўвагі на здароўе і стан людзей і змагаецца не з экалагічнымі пагрозамі, а з зялёнымі арганізацыямі і іх актывістамі, асабліва важна клапаціцца пра прыроду, якой багатая Беларусь.

У гэтых умовах надзвычайную ролю адыгрываюць тыя, хто працягвае працаваць для чыстай і бяспечнай краіны. Калі чыноўнікі адводзяць вочы пры запытах на экалагічную тэматыку, актывісты (як і заўсёды) прыцягваюць увагу да праблемаў з АЭС, распавядаюць пра жахлівую колькасць вырубленага ў краіне лесу, уздымаюць пытанне якасці паветра. Яны абараняюць прыроду і тлумачаць, як важна жыць у гармоніі з навакольным асяроддзем. І ўсё гэта – не проста нягледзячы на пасіўнасць рэжыму, але і пры яго супрацьдзеянні.

Даведацца больш пра экалогію ў Беларусі можна дзякуючы Экадому – нашай старэйшай прыродаахоўнай арганізацыі. Ініцыятыва ўжо амаль тры дзесяцігоддзі не толькі пашырае веды пра стан беларускай экалогіі, але і надае карысныя кансультацыі па вырашэнні экапраблемаў.

Існуе і Зялёны Партал – вялікае аб’яднанне беларускіх экалагічных арганізацыяў і экаактывістаў, а таксама інфармацыйны рэсурс, дзе вы можаце знайсці цікавыя эканавіны з усяго свету.

Мы ўсе прызнаем важнасць экалогіі, ведаем пра азонавы слой і вугляродны след, але часам лічым, што паўплываць на наваколле не ў нашых сілах. Што можа зрабіць адзін чалавек? Не мы скідваем утыль нафтаперапрацоўкі ў акіян, не мы ўладальнікі заводаў з хімікатамі. Аднак і мы маем магчымасць рабіць маленькія крокі, якія паляпшаюць экалогію тут і цяпер. Пачніце са свайго невялічкага ўнёску: прыбярыце смецце побач з домам, далучайцеся да праектаў, якія высаджваюць дрэвы ці проста абірайце шопер замест аднаразовых пакетаў. Зямля – наш агульны дом. І варта клапаціцца пра яе разам».

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Спачуванне ад імя Святланы Ціханоўскай у сувязі са смерцю Папы Францішка

«З глыбокім смуткам даведалася пра смерць Папы Рымскага Францішка.

Яго пантыфікат – прыклад сапраўднага служэння чалавеку: з клопатам пра людзей, з нястомнай барацьбой за годнасць, свабоду і справядлівасць. Ён заўсёды быў побач з тымі, каго зневажаюць і праследуюць. Ягоны голас гучаў у абарону народаў, што патрапляюць пад прыгнёт альбо пакутуюць ад несправядлівасці.

Папа Францішак падзяляў каштоўнасці важныя для беларусаў – павагу да жыцця, свабоды і чалавечай годнасці. Ён выступаў супраць смяротнага пакарання, называў чалавечае жыццё найвышэйшай каштоўнасцю і святасцю. Ён не раз праяўляў салідарнасць з палітвязнямі і заклікаў да іх вызвалення, а таксама падтрымліваў імкненне да свабоднай Беларусі. Ён называў вайну трагедыяй, што прыносіць смерць і слёзы.

Духоўная спадчына Папы Францішка – яго прынцыповасць, мужнасць і вера ў чалавечую годнасць – застанецца жывой і будзе натхняць нас у барацьбе за праўду і волю.

Спачуваю каталіцкай супольнасці і ўсім, каго закранула гэта страта. Святлая памяць пантыфіку».

Читать полностью…

Светлана Тихановская

Далучайцеся да Чарнобыльскага тыдня-2025!

Чарнобыль – гэта не толькі частка нашай трагічнай гісторыі, але і нагода зноў узняць тэмы бяспекі, адказнасці і будучыні без пагрозаў радыяцыі. З 19 па 26 красавіка Экадом – адна з найстарэйшых экалагічных арганізацыяў Беларусі – зноў ініцыюе Чарнобыльскі тыдзень, і мы запрашаем вас далучыцца!

Некалькі простых ідэяў для ўдзелу – але фармат цалкам залежыць ад вас. Выбірайце тое, што бліжэй, або прапануйце сваё!

1️⃣ Тэматычны кінапаказ. Арганізуйце прагляд дакументальных ці мастацкіх фільмаў пра аварыю на ЧАЭС, наступствы ядзерных катастрофаў і сучасныя тэхналогіі энергетыкі.

Падборка ад Экадома дапаможа вам у гэтым!

2️⃣Майстар-клас па вырабе «сід-бомбаў» – гэта невялікія шарыкі з гліны, зямлі і насення, якія можна «пасеяць» у горадзе – на пустках або неўпарадкаваных тэрыторыях. Пасля дажджу з іх прарастуць кветкі! Падыходзіць для ўсіх узростаў – і выдатны фармат для пазітыўнага, экалагічнага івэнту.

Інструкцыя па вырабе. 

3️⃣Прагляд і абмеркаванне TED Talks. Паглядзіце відэа пра зялёную і ядзерную энергетыку – як працуюць ветракі, ці варта выкарыстоўваць сонечныя панэлі, ці могуць абнаўляльныя крыніцы сапраўды задаволіць патрэбы чалавецтва.

4️⃣Кніжны клуб. Збярыце сяброў, каб абмеркаваць кнігі або эсэ пра Чарнобыль. Гэта можа быць і літаратура пра аварыю, і творы, якія асэнсоўваюць яе ўплыў на чалавека і грамадства.

Дапаможны спіс кнігаў – тут!

5️⃣Далучыцца да Чарнобыльскага шляху. 26 красавіка традыцыйна адбываецца Чарнобыльскі шлях. Вы таксама можаце арганізаваць лакальную акцыю або сустрэчу. Экадом зможа падзяліцца актуальнай рэзалюцыяй, якая штогод агучваецца на мерапрыемстве.

6️⃣Лекцыя ад эксперта. Каля 40% беларусаў не ведаюць пра сапраўдны стан справаў з БелАЭС, хаця пытанне радыяцыйнай бяспекі лічыцца важным. 45% ставяцца да запуску станцыі негатыўна. Што адбываецца ў Астравецкім рэгіёне, ці ёсць будучыня ў атамнай энергетыкі і што рабіць з адходамі?

Паглядзіце лекцыю Андрэя Ажароўскага — вядомага спецыяліста ў гэтай галіне.

7️⃣Прасоўвайце ваш івэнт у сацсетках. Каб больш людзей даведаліся пра вашае мерапрыемства, вы можаце выкладаць анансаванні, фота і відэа з івэнтаў пад хэштэгамі #чарнобыльскітыдзень і #чернобыльскаянеделя.

Калі вы плануеце ці арганізоўваеце івэнт, дашліце калі ласка нам інфармацыю на пошту askoffice@tsikhanouskaya.org.
______________

Дзякуем Экадому за цудоўную падборку магчымасцяў на любы густ!

Читать полностью…
Подписаться на канал