Канал пресслужбы штабов Тихановской, Бабарико, Цепкало.
Святлана Ціханоўская — упершыню на міністэрскай сустрэчы Рады Еўропы
Святлана Ціханоўская распачала працоўны візіт у Люксембург, каб прыняць удзел у міністэрскай сустрэчы Рады Еўропы, дзе будзе абвешчана пра стварэнне трыбуналу за злачынствы Расіі супраць Украіны.
Беларуская лідарка выступіць перад міністрамі, каб патлумачыць і дэталёва раскрыць суагрэсарскую ролю рэжыму Лукашэнкі ў вайне, а таксама данесці неабходнасць прыцягнення ўсіх датычных да адказнасці.
Акрамя таго, Святлана Ціханоўская правядзе шэраг асабістых сустрэчаў з міністрамі, якія ўдзельнічаюць у сесіі. Бакі абмяркуюць наступныя тэмы:
– магчымасці, метады і шляхі вызвалення беларускіх палітзняволеных;
– падтрымка беларускай дыяспары;
– дапамога беларускім незалежным медыя;
– супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і Радай Еўропы.
Ужо цяпер адбываецца сустрэча з віцэ-прэм’ерам Люксембурга Ксаўе Бетэлем.
Святлана Ціханоўская — да Міжнароднага дня медсясцёр
«Праца медсясцёр — апора ўсёй сістэмы аховы здароўя. Але самі яны часта застаюцца незаўважанымі. Гэта прафесія патрабуе ведаў, вытрымкі, хуткіх рашэнняў і спагады. Важна памятаць: медсястра — гэта не «малодшы медыцынскі супрацоўнік», а самастойны спецыяліст, без якога немагчыма ўявіць ні шпіталь, ні паліклініку, ні хуткую дапамогу.
У Беларусі прафесія медсястры, на жаль, абясцэненая. Умовы гэтай працы часта знаходзяцца на мяжы чалавечых магчымасцяў. Медсёстры працуюць без адпачынку, ноччу, у перапоўненых аддзяленнях, з нізкімі заробкамі і без сацыяльных гарантыяў. Але нават у такіх умовах яны не губляюць пачуцця адказнасці за людзей. Таму што для іх гэта не проста праца — гэта місія. Медсястра — гэта чалавек, які кожны дзень ставіць чужы боль вышэй за ўласную стомленасць.
У гэты дзень я звяртаюся да вас, дарагія, са словамі падзякі. Ваш уклад у сучасную медыцыну не проста крытычна важны — ён незаменны. Без вашай працы не можа быць ніводнай аперацыі, ніводнай рэанімацыі, ніводнага стацыянару. Дзякую вам за вытрымку, прафесіяналізм і чалавечнасць. Настане час, калі вам будзе дзякаваць і ўся краіна. Беларусь, да якой мы ўсім сэрцам імкнёмся, — гэта краіна, якая беражэ тых, хто беражэ людзей».
Што будзе чакаць удзельнікаў IV Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету? Апошнія навіны!
23–25 траўня ў Варшаве адбудзецца галоўная падзея для беларускай дыяспары — IV Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету.
Мы абнавілі праграму: цяпер падрабязнасці пра сайд-івэнты 23 траўня і асноўны дзень 24 траўня можна пабачыць па спасылцы.
У першы дзень:
➖ круглы стол пра культурную дыпламатыю;
➖ прэзентацыя даклада пра ўдзел рэжыму ў вайне ва Украіне;
➖ размова пра фінансаванне культурных ініцыятываў;
➖ сустрэча з Народнымі амбасадамі.
Усе падзеі адкрытыя для ўсіх жадаючых — рэгістрацыя не патрэбная!
У асноўны дзень, 24 траўня — адкрыццё Канферэнцыі з удзелам Святланы Ціханоўскай, праца ў групах, майстар-класы, фандрайзінг-сесія і Q&A з палітыкамі.
Калі вы хочаце паўдзельнічаць у канферэнцыі — зарэгіструйцеся праз гэтую спасылку.
Пакінуць свае прапановы і пытанні, каб разглядзець іх падчас Канферэнцыі можна тут.
Да сустрэчы ў Варшаве!
«Усё, чаго мы хочам — гэта даць беларусам магчымасць самім выбраць сваю будучыню»
Святлана Ціханоўская працягвае свой працоўны візіт у Рыгу. Пасля адкрыцця выставы «Мастацтва з-за кратаў», беларуская лідарка прыняла ўдзел ў адкрыцці івэнту «Роля Беларусі ў палітычнай архітэктуры і архітэктуры бяспекі Еўропы: перспектывы Балтыйскага рэгіёна», якое арганізаваў латвійскі інстытут міжнародных адносінаў і МЗС Латвіі ў Рызе.
Пра што казала Ціханоўская падчас выступу:
⭕️Сённяшнія парады ў Мінску і Маскве — гэта не свята міру, гэта спробы апраўдаць вайну
«Сёння, 9 траўня, мы ўспамінаем ахвяраў Другой сусветнай вайны. Калісьці гэты дзень азнаменаваў перамогу над злом — цяпер ён выкарыстоўваецца для апраўдання самога зла. У Мінску і Маскве мы ўбачым ваенныя парады і прапагандысцкія шоу. Але нельга падманвацца. Гэта не святкаванне міру. Гэта кампаніі па апраўданні жорсткай агрэсіўнай вайны».
«Расійскія войскі павінны быць выведзеныя не толькі з Украіны, але і з Беларусі, уключаючы іх ядзерную зброю. Мы не павінны дапусціць новай Ялты, дзе лёсы краінаў вырашаюцца за іх спінай».
«У 2020 годзе беларусы прагаласавалі за перамены. Яны прагаласавалі за Еўропу. Нягледзячы на тэрор, гэтае жаданне не змянілася. Як толькі Беларусь верне сабе поўны суверэнітэт, мы пачнём працэс еўрапейскай інтэграцыі — як гэта зрабілі латышы два дзесяцігоддзі таму».
Святлана Ціханоўская сустрэлася з парламенцкай групай «За дэмакратычную Беларусь» у Латвіі
Беларуская лідарка распачала свой працоўны візіт у Рыгу з насычанай сустрэчы з парламенцкай групай «За дэмакратычную Беларусь». Ціханоўская падзякавала латвійскім дэпутатам за падтрымку беларусаў у выгнанні, асабліва за зробленыя ў заканадаўстве выключэнні, а таксама за дапамогу палітвязням і прынцыповую пазіцыю адносна рэжыму. Асобна лідарка адзначыла намаганні тых, хто ўжо стаў хроснымі бацькамі беларускіх палітвязняў у рамках ініцыятывы Libereco, і заклікала іншых дэпутатаў далучыцца.
У пачатку сустрэчы Ціханоўская агучыла практычныя прапановы, накіраваныя на ўзмацненне супрацоўніцтва паміж Латвіяй і дэмакратычнымі сіламі Беларусі:
➖Сінхранізацыя дзейнасць парламенцкіх групаў краінаў Балтыі «За дэмакратычную Беларусь»: Ціханоўская прапанавала наладзіць каардынацыю паміж парламентскімі групамі «За дэмакратычную Беларусь» у краінах Балтыі і правесці супольную сустрэчу восенню ў Вільні.
➖Трэцяя сустрэча Міжпарламенцкага альянсу: лідарка запрасіла латвійскіх дэпутатаў далучыцца да трэцяй сустрэчы Міжпарламенцкага альянсу «За дэмакратычную Беларусь», якая адбудзецца сёлета ў Парыжы.
➖Мемарадум аб супрацоўніцтве: Ціханоўская заклікала ініцыяваць падпісанне мемарандума паміж Сеймам Латвіі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі — аналагічнага таму, што ўжо быў падпісаны з Еўрапарламентам.
➖Рэалізацыя Люксембургскіх рашэнняў: прагучала прапанова разглядзець магчымасці прымянення рэкамендацый ПАРЕ ў Латвіі для падтрымкі беларускіх уцекачоў.
Святлана Ціханоўская:
«Мы жывём у неспакойныя часы, таму я разумею, як цяжка трымаць Беларусь у цэнтры ўвагі. І ўсё ж вам гэта ўдаецца. Галоўнае — разумець, што беларусы гэта не рэжым. Але і не варта класці іх у адзін кошык з расіянамі. Дзякуй, што вы гэта разумееце».Читать полностью…
Святлана Ціханоўская — з нагоды абрання Роберта Фрэнсіса Прэво новым Папам
«Вашая святасць, я шчыра віншую Вас з абраннем пантыфікам, з новым адказным заданнем і служэннем. Несумненна, Вашае прызначэнне з’яўляецца важнай падзеяй як для католікаў, так і для ўсіх хрысціян, і ўвогуле кожнага чалавека на нашай Зямлі.
Ваш голас будуць чуць мільёны. І сярод іх — мы, беларусы. Народ, які мірна змагаецца за свае правы і свабоду. Народ, які верыць у сілу спачування і салідарнасці. Які ставіць чалавечнасць і дабрыню вышэй за ўсё іншае.
Мы верым, што Вашае слова можа стаць голасам падтрымкі для нашых палітвязняў, для іх сем’яў. Голасам для ўсіх, хто не страціў веры нават у самых цяжкіх умовах нашай рэчаіснасці.
Няхай Вашае служэнне стане праменем надзеі для ўсіх, хто змагаецца за праўду».
Святлана Ціханоўская сустрэлася з Прэзідэнтам Джорджам Бушам у Даласе
Падчас візіту ў Злучаныя Штаты беларуская лідарка правяла сустрэчу з 43-м Прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам у Даласе. Сустрэча доўжылася больш за паўтары гадзіны. Бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю, а таксама ролю Беларусі ў рэгіянальнай бяспецы.
Абмяркоўваліся ключавыя тэмы:
➖як вызваліць беларускіх палітвязняў і надаць справе міжнародны розгалас;
➖як зрабіць Беларусь часткай справядлівага і доўгатэрміновага міру ва Усходняй Еўропе;
➖як змагацца з дыктатурай і рэпрэсіямі, а таксама абараніць беларусаў, якія не спынілі супраціў.
Святлана Ціханоўская ў размове адзначыла:
«Дзякую вам за вашую адданасць беларускай справе і асабліва — за ўсе вашыя намаганні па вызваленні палітвязняў. Вас беларусы памятаюць, ведаюць і ніколі не забудуць вашую падтрымку. Я ганаруся магчымасцю сустрэцца з вамі і хачу, каб вы ведалі — вы для нас герой, як і прэзідэнт Рэйган для вашага пакалення».
«Тое, што адбываецца ў Беларусі, мае значэнне для нас тут, дома. Калі дыктатары, падобныя да Лукашэнкі, прыгнятаюць свой народ за мяжой, гэта змяняе наш свет і нашае жыццё ў цэлым. Краіна становіцца менш бяспечнай. Такія смелыя лідары, як Святлана Ціханоўская, якія адстойваюць дэмакратыю, нягледзячы на наступствы, неабходныя для нашай будучыні міру і працвітання».
Святлана Ціханоўская ў Вашынгтоне: сустрэчы з кангрэсменамі, сенатарамі і прадстаўнікамі новай адміністрацыі ЗША
Падчас свайго візіту ў ЗША, беларуская лідарка правяла шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі Кангрэса ЗША, Дзярждэпартамента і аналітычных цэнтраў у Вашынгтоне.
У Кангрэсе Ціханоўская сустрэлася з:
Кангрэсменамі Крысам Смітам, Джо Уілсанам, Марыё Дыяс-Балартам, Чакам Эдвардсам,
сенатарамі Дэнам Саліванам, Рыкам Скотам, Джын Шахін, Дзікам Дурбінам і Роджэрам Уікерам. Таксама адбыліся брыфінгі з дарадцамі па нацыянальнай бяспецы і прадстаўнікамі Рэспубліканскай партыі, у тым ліку блізкіх да прэзідэнта Дональда Трампа.
Пра што дамовіліся падчас сустрэчаў?
➖ініцыяванне слуханняў па Беларусі;
➖падача на разгляд абноўленага Belarus Democracy Act;
➖уключэнне рэпрэсіяў супраць вернікаў у дакументы Кангрэсу.
Святлана Ціханоўская:
«Беларусь павінна быць часткай стратэгіі ЗША ў рэгіёне. Без вольнай Беларусі не будзе трывалага міру ў Еўропе».
Святлана Ціханоўская — пра вызваленне 42 палітвязняў
«Сёння мы даведаліся пра вызваленне 42 палітвязняў. Яшчэ 42 чалавекі нарэшце вернуцца дадому. 42 сям’і ўбачаць сваіх родных і абдымуць адно аднаго. Гэта людзі, якія зноў будуць побач з блізкімі.
Але ніводны з гэтых людзей не павінен быў апынуцца ў турме. І пакуль за кратамі застаюцца больш за 1100 палітвязняў, мы патрабуем вызвалення ўсіх, без выключэння. Свабода аднаго — гэта крок, але не канец шляху.
Мы ведалі, што вызваленні адбудуцца напярэдадні 9 траўня. Гэтыя вызваленні сталі магчымыя дзякуючы салідарнасці. Я ўдзячная кожнаму: грамадзянскай супольнасці, сем’ям, праваабаронцам, дыпламатам, міжнародным партнёрам. Асабліва хачу падзякаваць Злучаным Штатам Амерыкі, Еўрапейскаму Саюзу, прадстаўнікам міжнародных арганізацыяў, у тым ліку ААН. Дзякуй усім, хто няспынна ўздымае пытанні палітвязняў і дабіваецца іх вызвалення.
Мы працягнем працу, каб кожная і кожны, хто несправядліва застаецца за кратамі, выйшлі як мага хутчэй. Каб кожны і кожная вярнуліся дадому».
«Праект Канстытуцыі Новай Беларусі – гэта прышчэпка ад дыктатуры і палітыкаў, хворых на ўладу»
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька распавёў пра асноўныя рысы Канстытуцыі Новай Беларусі і чаму менавіта цяпер важна далучыцца да працы над праектам па яе распрацоўцы.
Асновы Новай Канстытуцыі:
➖Парламенцкая сістэма кіравання з прэзідэнтам як механізмам стрымлівання, а не галоўнакамандуючым.
➖Чалавек, яго правы і свабоды – у цэнтры: амаль траціна тэксту Канстытуцыі прысвечаная менавіта гэтаму напрамку.
Акрамя непасрэдна тэксту сфармаваны пакет іншых рэформаў, каб здзейсніць падрыхтаваны і прагназуемы юрыдычны базіс для Новай Беларусі, бо перамены – гэта момант, да якога мы мусім быць гатовымі. І чым больш людзей далучыцца зараз да распрацоўкі – тым мацнейшай будзе падмурак нашай будучыні.
📌 Накіраваць свае прапановы можна па спасылцы.
Падрабязнасці – у відэа.
«Запалохаць, трымаць у страху і раздзяліць — галоўная стратэгія дыктатараў»
Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю TVP World, дзе абмеркавала сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, метады рэжыму Лукашэнкі і пагрозы для рэгіёна з боку дыктатара і яго саюзніка — Крамля.
Асноўныя тэзы з размовы з беларускай лідаркай:
⭕️Вызваленне зняволеных да 9 траўня — звычайная практыка Лукашэнкі
«Але я ўпэўненая, што яны не ўключаць у гэтую групу ніводнага палітвязня, проста каб паказаць беларусам — усе, хто супрацьстаіць нам, не заслугоўваюць амністыі. Так што гэта проста паказуха. Ведаеце, мы нават не звяртаем на гэта ўвагі. Мы працягваем спробы вызваліць палітвязняў і вывучаем розныя магчымасці, як гэта можна зрабіць. Нядаўна, з дапамогай нашых амерыканскіх саюзнікаў, былі вызваленыя тры чалавекі. Але нашая мэта — вызваленне ўсіх палітвязняў».
«Яны выхваляюцца сваёй жорсткасцю. Яны здымаюць людзей на відэа, прымушаючы іх прызнавацца ў злачынствах, якіх яны не здзяйснялі. Яны спрабуюць трымаць людзей у страху. І нягледзячы на ўвесь гэты страх, нават у сістэме Лукашэнкі ёсць шмат людзей, якія даюць нам вельмі важную і канфідэнцыяльную інфармацыю пра тое, як дзейнічае рэжым».
«Гэта могуць быць вучэнні на межах, міграцыйныя атакі, разгортванне ядзернай зброі. Так што гэта правакацыі і шантаж. І таму цяпер, у кантэксце вайны супраць Украіны, вельмі важна захоўваць адзінства, сілу і паслядоўнасць палітыкі ў дачыненні да дыктатараў».Читать полностью…
Святлана Ціханоўская на форуме ў Седоне
Святлана Ціханоўская распачала свой візіт у ЗША з удзелу ў Sedona Forum — штогадовым форуме, які арганізуе Інстытут Маккейна. Мерапрыемства аб’ядноўвае сусветных лідараў для абмеркавання ключавых выклікаў дэмакратыі, правоў чалавека і бяспекі.
Беларуская лідарка выступіла на панэлі, прысвечанай наступствам вайны ва Украіне, зменам у бяспецы Еўропы і ролі ЗША пры новай адміністрацыі.
Падчас выступу Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што перамір’е без справядлівасці толькі ўзмоцніць Пуціна і пагрозу для Беларусі і рэгіёну.
Галоўныя тэзы, якія агучыла Ціханоўская:
📌Мір — гэта не проста адсутнасць вайны
«Мір павінен быць справядлівым і ўстойлівым. Мір не павінен стаць перадышкай, каб даць Пуціну перагрупавацца і праз некалькі гадоў напасці на Беларусь, Еўропу ці Украіну. Ні Пуціну, ні Лукашэнку не патрэбны сапраўдны мір. Таму што вайна падсілкоўвае іх рэжымы. Яны проста хочуць вас падмануць. Дыктатарам нельга давяраць. Таму вельмі важна, каб любыя перамовы і мірныя ініцыятывы адбываліся на ўмовах Украіны».
«Калі гэтыя перамовы ўмацуюць пазіцыі Пуціна і Расіі, яны працягнуць свае рэпрэсіі супраць дэмакратычнага свету: супраць Грузіі, Арменіі, Малдовы і ўсяго нашага рэгіёну. І цалкам магчыма, што ў будучыні яны нападуць на Еўропу ці на найбліжэйшых саюзнікаў ЗША. Таму важна, каб Злучаныя Штаты заставаліся паслядоўнымі і прынцыповымі».
«Мы ўжо бачым, як беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца для шантажу нашых заходніх суседзяў — размяшчэнне ядзернай зброі, вайсковыя вучэнні, якія ў мінулы раз скончыліся вайной ва Украіне. Таму мы просім вас — стойце побач з беларускім народам, стойце побач з украінцамі. Мы на перадавой у гэтай барацьбе супраць дыктатуры».Читать полностью…
«Расійская апазіцыя павінна дыстанцыявацца ад імперыялістычнага наратыву і паважаць сваіх суседзяў»
Падчас размовы з галандскім выданнем RAAM Святлана Ціханоўская разважала пра тэндэнцыю збліжэння ЗША і Расіі, ролю Лукашэнкі ў гэтым кантэксце, праблематычныя сувязі з расійскай апазіцыяй і тое, што матывуе яе працягваць змаганне.
Прыводзім галоўнае з размовы:
📌 Раз’яднанне ЕС і ЗША — зброя для Лукашэнкі
«НАТА — важны інструмент у барацьбе з дыктатурамі. Дыктатуры не любяць нічога больш за прынцып «падзяляй і пануй». Як толькі яны бачаць рознагалоссі, то імкнуцца імі скарыстацца. Лукашэнка таксама спрабуе гуляць на гэтым — ён робіць гэта ўжо больш за 30 гадоў. Яго цікавіць толькі выжыванне ўласнага рэжыму».
«Мяне трывожаць гэтыя вучэнні. З іх дапамогай Расія хоча націснуць на НАТА, падаць палітычны сігнал. Гэта яшчэ раз даказвае: Беларусь і стабільнасць у Еўропе нельга разглядаць асобна. Без Беларусі Расія не зможа захапіць Украіну ці напасці на краіны Балтыі. І менавіта гэта мы спрабуем данесці да нашых партнёраў на Захадзе».
«Я не маю маральнага права сказаць: «Я сыходжу», бо ў нас больш за тысячу палітвязняў, якія ахвяравалі сваёй свабодай. Вядома, бываюць моманты, калі я адчуваю расчараванне. Але адзінства беларусаў працягвае мяне натхняць. Мы так шмат дасягнулі! Шмат хто на Захадзе больш не лічыць нас прыдаткам Расіі, мы нават вядзём стратэгічны дыялог з Злучанымі Штатамі, Канадай і Вялікабрытаніяй. Шмат краінаў адмаўляюцца прызнаваць Лукашэнку. Гэта ўжо перамога».
«Кантакты з расійскай апазіцыяй ёсць, але яны не з'яўляюцца структурнымі. Мы пераследуем адны і тыя ж мэты, і я думаю, што большасць чальцоў расійскай апазіцыі выступаюць супраць вайны ва Украіне. Мы хочам, каб расійскія апазіцыйныя сілы дыстанцыяваліся ад імперыялістычнага расійскага наратыву і шанавалі сваіх суседзяў».Читать полностью…
Як на асабістым прыкладзе Ціханоўская вучыць дзяцей салідарнасці і эмпатыі?
Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета абвясціла збор гуманітарнай дапамогі для ўкраінскіх дзяцей-сіротаў і пажылых людзей з інваліднасцю.
Беларуская лідарка ў відэа падзялілася асабістай гісторыяй таго, як гуманітарная дапамога зацікавіла дачку і прывяла да шчырай размовы пра салідарнасць і эмпатыю:
«Калі вы з дзецьмі пойдзеце і купіце неабходныя рэчы, а потым растлумачыце ім, чаму гэта важна, вы вучыце іх эмпатыі. Яны будуць разумець, чаму мама ці тата гэта робяць, што ёсць людзі, якія апынуліся ў цяжкім становішчы і ім патрэбна дапамога. І хто, калі не мы, можа дапамагчы? Таму ў мяне была з дачкой такая доўгая гутарка: пра нашых палітвязняў, пра вайну ва Украіне, што гэта такое, калі бамбяць мірных людзей, што людзі застаюцца без жытла, у дзетак няма ніякай дапамогі. І калі дзеці лепш разумеюць гэты свет, яны на прыкладзе сваіх бацькоў вучацца таму, што трэба дапамагаць адно аднаму ў цяжкіх сітуацыях».
«Хачу яшчэ раз падзякаваць кожнаму, хто, нягледзячы на цяжкасці, нягледзячы на, магчыма, і сваё цяжкае становішча, працягвае дапамагаць іншым людзям. Паверце, нават маленькі крок, маленькая дапамога вартыя многага, і людзі, якія маюць патрэбу, гэта вельмі моцна цэняць. Дзякуй вам»,
Святлана Ціханоўская – з нагоды 1 траўня
«Сённяшняе «свята» прыйшло да нас з савецкіх часоў, калі пра працу казалі як пра гонар, пра рабочага — як пра героя. Але толькі на словах. На справе рабочы быў толькі рухавіком у вялікай сістэме, дзе чалавечае жыццё не каштавала нічога. На жаль, менавіта гэта пераняў і сучасны рэжым. Улада дагэтуль жыве ў тым свеце, дзе чалавек — не асоба, а рэсурс, які можна вычарпаць на сваю карысць.
Таму 12-гадзінныя змены, пасля якіх не застаецца ні сілаў, ні часу на сям’ю — гэта рэчаіснасць. Заробкі, што ледзь пакрываюць камуналку і харчаванне, сталі звычайнай з’явай. Медыкам адмяняюць абяцаныя выходныя, спасылаючыся на недахоп кадраў, а за фота з пратэстаў звальняюць чарговага работніка пасля доўгіх гадоў адданых працы.
І гэта — на фоне гучных прамоваў пра «стабільнасць» і «развіццё». Але цэны растуць, умовы не паляпшаюцца, а прадпрыемствы ператвараюцца ў руіны — без інвестыцыяў і стратэгіі.
І ўсё ж вы працягваеце працаваць, карміць сем’і, падтрымліваць адно аднаго. І вы заслугоўваеце іншага: прызнання, годнай аплаты, чалавечых умоваў працы. Вы маеце права патрабаваць павагі і чалавечага стаўлення. Маеце права планаваць жыццё без страху за пасаду, будучыню сваіх дзяцей і сваё здароўе.
Клопат пра чалавека і падтрымка — вось што павінна быць у цэнтры ўвагі дзяржавы. Бо людзі не вінцікі. Людзі — нашая найвышэйшая каштоўнасць. І гэты дзень не свята пустых лозунгаў, а даніна павагі ўсім, хто сваёй працай стварае лепшую Беларусь».
Што такое Рада Еўропы і чым яна карысная для беларусаў?
Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзі і студэнцтву Маргарыта Ворыхава тлумачыць, што такое Рада Еўропы і як арганізацыя можа дапамагчы беларусам.
«Беларусь ніколі не была паўнапраўнай удзельніцай Рады Еўропы — бо ў нас няма свабодных выбараў, свабоды слова, а рэжым парушае правы чалавека. Але Рада Еўропы не адварочваецца. Яна працягвае падтрымліваць беларусаў і беларусак».
«Калі дыяспара прасоўвае Беларусь у медыя — у любой краіне свету палітыкі будуць звяртаць на гэта ўвагу»
У інтэрв'ю на канале «NEXTA PLUS» Святлана Ціханоўская распавяла, чаму важна трымаць беларускую тэму на міжнародным парадку дня, нават у часы глабальных крызісаў. Акрамя таго, лідарка адказала на заявы Лукашэнкі пра яе нелегітымнасць.
Пытанні, на якія адказала Святлана Ціханоўская ў размове са Сцяпанам Пуціла:
⭕️Як, нягледзячы на хаос у свеце, вы працягваеце кожны дзень падтрымліваць беларускі парадак дня?
«Падтрымліваць складана, бо з прычыны ўсіх падзеяў Беларусь не ў прыярытэце. І нашая задача — выводзіць Беларусь высока на парадку дня, каб пра Беларусь гаварылі і ў медыя, і ў палітычных колах. Я разумею, што калі гэтага не будзе, пра Беларусь хутка забудуць. І таму нашая задача — каб Беларусь не выпускалі з-пад увагі. Але гэта задача не толькі палітычных структураў, але і дыяспары. Таму што ў любой краіне, калі дыяспара актыўная, калі дыяспара прасоўвае Беларусь у медыя, то і палітыкі будуць звяртаць на гэта ўвагу».
«Ціск на рэжым — гэта ледзь не адзіны інструмент, які ёсць у дэмакратычным свеце, каб прымусіць дыктатараў мяняць свае паводзіны. Важна знаходзіць шляхі вызвалення людзей, але не шляхам іх выкарыстання. Таму перш за ўсё мы патрабуем спынення рэпрэсіяў, і толькі пасля гэтага можна весці нейкі дыялог аб прыпыненні альбо памяншэнні ціску на рэжым».
«Лукашэнка ўвесь час вяртаецца да 2020 года, да нелегітымнасці Ціханоўскай, да пытання палітвязняў — яму гэта баліць. Яму гэта перашкаджае беспакарана кіраваць. Ён разумее, што мы запусцілі працэсы прыцягнення яго да адказнасці, што беларускае дэмакратычнае грамадства не дае яму здзяйсняць злачынствы ціхенька, хаваючыся за вайной. Таму нам важна гучаць на міжнароднай арэне, каб не даваць гэтаму рэжыму ціха абыходзіць ціск і рэпрэсаваць людзей».Читать полностью…
Латвія вылучае 30 тысяч еўра на дапамогу рэпрэсаваным
Падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Рыгу Міністэрства замежных справаў Латвіі абвясціла аб далучэнні да Міжнароднага гуманітарнага фонду і дадатковым унёску ў памеры 30 000 еўра. Гэтыя сродкі пойдуць на непасрэдную падтрымку былых палітвязняў, іх сем’яў і рэпрэсаваных — на лячэнне, рэабілітацыю і іншыя патрэбы.
Акрамя таго, у рамках візіту Ціханоўская сустрэлася са спікеркай парламента Латвіі Дайгай Міерыняй і прапанавала падпісаць Мемарандум аб супрацы паміж Парламентам Латвіі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Асобна бакі абмеркавалі міжнародную кампанію падтрымкі палітвязняў. Лідарка заклікала далучыцца да Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі 21 траўня.
Асаблівая ўвага была нададзеная праграме стажыровак для беларускіх актывістаў у латвійскім парламенце — першыя ўдзельнікі ўжо праходзяць у Сейме.
Падрабязней пра візіт — па спасылцы.
«Гэтая выстава — паглыбленне ва ўнутраны свет людзей, адзіным злачынствам якіх была мара пра вольную і справядлівую Беларусь»
Падчас візіту ў Рыгу Святлана Ціханоўская адкрыла выставу «Мастацтва з-за кратаў», арганізаванай асацыяцыяй беларусаў Латвіі «Суполка» і Праваабарончым цэнтрам «Вясна».
У сваёй прамове лідарка падкрэсліла, што мастацтва стала душой беларускага пратэсту і формай супраціву нават у зняволенні. Да таго ж, Ціханоўская згадала пра тых, хто ўсё яшчэ за кратамі:
«Гэтая выстава — паглыбленне ва ўнутраны свет людзей, адзіным злачынствам якіх была мара пра свабодную і справядлівую Беларусь.Читать полностью…
Гэтыя працы былі створаныя ў турэмных камерах, пад пастаянным наглядам, на марозе або без належнага асвятлення. Гэта не проста малюнкі або карціны. Гэта сведчанні. Гэта акты непадпарадкавання. І гэта абяцанні, што народ Беларусі не забудзе, не здасца і не спыніцца, пакуль кожны палітвязень не будзе вызвалены».
«Другая сусветная вайна — гэта боль, які мусіць нагадваць нам: вайна ніколі не павінна быць сродкам вырашэння праблемаў», — Ціханоўская да Дня Перамогі
Да 80-ай гадавіны Перамогі Святлана Ціханоўская звяртаецца да беларусаў і беларусак з важнымі словамі пра вайну, мір і адказнасць перад гісторыяй:
«Другая сусветная вайна – гэта рана, якая не зарастае. Гэта боль, які мусіць нагадваць нам: вайна ніколі не павінна быць сродкам вырашэння праблемаў. Нашыя бабулі і дзядулі ішлі на фронт не дзеля медалёў, а дзеля таго, каб мы з вамі жылі без страху. Каб не было больш бамбёжак, голаду, стратаў.Читать полностью…
Я бачу, як сёння ў Беларусі спрабуюць ператварыць гэтую дату ў яшчэ адно шоу — гучныя лозунгі, ваенная тэхніка. Але мір не нараджаецца ў маршах. Мір — у нашай памяці, у спачуванні, у клопаце пра блізкіх і адно аднаго.
Асабліва балюча глядзець, як гэты дзень цяпер выкарыстоўваюць для апраўдання новай вайны. Для маніпуляцыяў і рэпрэсіяў. І ўлада карае людзей, якія маюць смеласць сказаць «Не вайне». Але менавіта так — словамі «Не вайне!» — намагаемся пазбегнуць памылак мінулага».
«Мы ўжо бачым першыя вынікі супрацоўніцтва з адміністрацыяй прэзідэнта Трампа»
Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі і дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька падзяліліся вынікамі візіту ў ЗША. Падчас працоўнага візіту беларуская дэлегацыя сустрэлася з новай адміністрацыяй Дональда Трампа, правяла больш за 15 сустрэчаў у Кангрэсе ЗША з прадстаўнікамі дэмакратычнай і рэспубліканскай партыяў.
Два галоўныя вынікі, якія акрэслілі дарадцы Ціханоўскай:
1️⃣Падача Акта аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі — гэта прававая аснова таго, каб Беларусь была ў амерыканскім парадку дня: магчымасці новых стыпендыяў, падтрымкі праваабаронцам, патрабаванне вызвалення палітвязняў.
2️⃣ЗША прызнае легітымнасць і суб’ектнасць Святланы Ціханоўскай.
Дзяніс Кучынскі падкрэсліў, што на кожнай сустрэчы ўздымаліся пытанні вызвалення беларускіх палітвязняў, падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя.
Падрабязней — у відэа!
Святлана Ціханоўская падзякавала адміністрацыі Трампа за дапамогу ў вызваленні палітвязняў
Беларуская лідарка сустрэлася з Крысам Смітам — намеснікам памочніка дзяржсакратара па справах Усходняй Еўропы, які адказны за працу з Беларуссю ў новай амерыканскай адміністрацыі. Сярод іншага, Крыс Сміт вядзе працу па вызваленні беларускіх палітвязняў. У сустрэчы таксама брала ўдзел кіраўніцтва Бюро па дэмакратыі, правах чалавека і працы Дзярждэпартамента ЗША (DRL) Моніка Джэкабсан і Райлі Барнс.
Святлана Ціханоўская падзякавала за намаганні новай адміністрацыі ЗША ў вызваленні Андрэя Кузнечыка, Юрася Зянковіча і Алены Маўшук, а таксама прывітала анансаванае ўчора вызваленне 42 чалавек, асуджаных за палітыку — што стала магчымым у тым ліку праз намаганні ЗША.
Падчас сустрэчы абмеркавалі:
➖наступныя крокі ў справе вызвалення палітвязняў, Ціханоўская падзякавала за каардынацыю і супрацоўніцтва ў гэтым напрамку;
➖магчымасць прызначэння спецыяльнага пасланніка ЗША па Беларусі, які б курыраваў пытанні вызвалення палітвязняў і спрыяў у мірным вырашэнні ўнутрыпалітычнага крызісу;
➖аднаўленне праграмаў падтрымкі незалежных медыя, грамадзянскіх ініцыятываў і рэпрэсаваных.
Святлана Ціханоўская:
«Мы ўдзячныя Злучаным Штатам, Прэзідэнту Трампу і Дзярждэпартаменту за ўвагу да нашых палітвязняў, і ўсе намаганні, якія яны робяць. Я ведаю, наколькі гэта няпростая задача. Мы разам радуемся вызваленню кожнага. Але і не забываем, што тысячы беларусаў застаюцца за кратамі, з’яўляюцца новыя зняволеныя. Мы застаёмся ў шчыльнай і амаль штодзённай камунікацыі з амерыканскай адміністрацыяй, каб дабіцца спынення рэпрэсіяў, і вызвалення ўсіх нашых закладнікаў з турмаў».Читать полностью…
Святлана Ціханоўская сустрэлася з дыяспарай у Вашынгтоне
Падчас візіту ў Вашынгтон лідарка сустрэлася з беларускай дыяспарай і ўручыла ўзнагароды Аб’яднанага Пераходнага Кабінета выбітным суайчыннікам. Таксама ў цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх суполак, ініцыятываў, дыпламаты і прадстаўнікі дзярждэпартамента ЗША.
Святлана Ціханоўская адзначыла ўнёсак удзельнікаў беларускай дыяспары ў Вашынгтоне:
«Я вельмі радая і ўдзячная, што магу быць сёння сярод вас. Што магу сустрэцца тут, у Вашынгтоне, не толькі з амерыканскімі сенатарамі і кангрэсменамі, але і з маімі дарагімі беларускамі і беларусамі. Калі сустрэчы з палітыкамі — гэта перадусім праца дзеля будучай Беларусі, то з вамі — адпачынак для душы. Дзякуй вам за гэтую магчымасць!Читать полностью…
Як і многія іншыя, я вымушана апынулася ў выгнанні разам з дзецьмі. Я добра ведаю, што эміграцыя — няпросты лёс. Нават для тых, хто прыехаў у новую краіну ў раннім узросце, разам з бацькамі. Але тым больш важна ў чужыне не забываць пра свае карані.
З сённяшніх лаўрэатаў хтосьці нарадзіўся ў эмігранцкай сям’і, хтосьці з’ехаў яшчэ ў 90-х, пасля прыходу да ўлады дыктатуры, а хтосьці, як і большасць з нас — пасля 2020-га года. І тым не менш, усе яны па-ранейшаму жывуць Беларуссю, беларушчынай, робяць усё дзеля таго, каб нашая радзіма была дэмакратычнай і незалежнай».
Офіс Святланы Ціханоўскай змяняе спосаб зваротнай сувязі
Вашая бяспека — наш галоўны прыярытэт. З-за росту рызыкаў, звычайныя каналы сувязі больш не гарантуюць дастатковай абароны. Каб пазбегнуць магчымых пагрозаў, Офіс пераходзіць на новы, больш надзейны спосаб сувязі.
Чаму чат-бот спыняе працу і як цяпер звязацца з Офісам?
1️⃣Чаму мы адключаем чат-бот?
Рашэнне прынятае з меркаванняў бяспекі. Пасля апошніх спробаў ціску і актыўнасці спецслужбаў, выкарыстанне Telegram-ботаў стала ўразлівым каналам сувязі, дзе складаней гарантаваць ананімнасць і абарону даных.
2️⃣Як цяпер можна звязацца з Офісам?
Новы Telegram-акаўнт для зваротнай сувязі — @askoffice_15. Гэта звычайны акаўнт, а не бот, але ён настроены на аўтаматычнае выдаленне перапіскі праз 24 гадзіны. Вашыя паведамленні не захоўваюцца.
3️⃣Што адбудзецца з @AskOffice_Bot?
Бот спыніць працу на працягу бліжэйшага месяца. Да канца траўня мы працягнем прымаць і апрацоўваць звароты праз бот. Пасля гэтага мы выдалім усе дыялогі з нашага боку.
4️⃣Ці трэба нешта рабіць з перапіскай з ботам?
Так. Мы настойліва рэкамендуем выдаліць гісторыю перапіскі з чат-ботам. Гэта асабліва важна, калі вы знаходзіцеся ў зоне рызыкі. Інструкцыю па выдаленні дыялогаў з ботамі падрыхтавалі Кіберпартызаны. Калі ласка, дбайце пра сваю бяспеку — выдаленне зойме 1 хвіліну.
5️⃣ Як абараніцца ад фэйкаў?
Мы чакаем, што рэжым можа пачаць ствараць фальшывыя акаўнты, імітуючы наш стыль і назву. Заўсёды правярайце спасылкі — пераходзьце толькі па кантактах з афіцыйных каналаў Офіса. Наш адзіны новы акаўнт для сувязі: @askoffice_15
Мы робім гэта, каб захаваць ваш давер і абараніць кожнага, хто звяртаецца да нас. Дзякуем за разуменне і падтрымку!
Магчымыя сцэнарыі развіцця падзеяў у Беларусі і рэгіёне
У сувязі з вайной Расіі супраць Украіны і нестабільнасцю ў рэгіёне будучыня Беларусі застаецца залежнай не толькі ад унутраных, але і ад шэрагу знешніх фактараў.
Эксперты Офіса Святланы Ціханоўскай прапануюць шэраг магчымых сцэнарыяў развіцця сітуацыі ў рэгіёне і ўнутры Беларусі, каб дапамагчы зразумець патэнцыйныя рызыкі, выклікі і магчымасці для краіны ў цяперашняй складанай геапалітычнай рэчаіснасці. Варыянты сцэнарыяў прапануюцца для лепшага разумення сітуацыі і стымулявання шырэйшай грамадскай дыскусіі.
Сцэнарыі для Беларусі падрабязней глядзіце ў картках. Пра магчымыя падзеі ў рэгіёне можна даведацца па спасылцы.
Святлана Ціханоўская — да Міжнароднага дня барацьбы за правы інвалідаў
«Сёння я хачу ўзгадаць тых, чыё права на годнае жыццё патрабуе асаблівай увагі і абароны. Міжнародны дзень барацьбы за правы людзей з інваліднасцю — гэта нагода, што нашая супольнасць мусіць быць справядлівай і роўнай для ўсіх, без выключэнняў.
У Беларусі жыве больш за 560 тысячаў людзей з інваліднасцю. Але праблемы гэтых людзей часта застаюцца нябачнымі. Бар’еры існуюць не толькі на вуліцах — яны прысутнічаюць у законах, у адукацыі, у медыцынскай сістэме, на рынку працы.
Людзям з СМА больш за два гады не ўсталёўваюць аўтаматычны пад’ёмнік у пад’ездзе. Бацькам, якія даглядаюць дарослага сына з інваліднасцю, адмяняюць пенсію, бо ён не можа падпісаць дакументы аб непрацаздольнасці. Рэабілітацыйных дзяржаўных праграмаў для людзей, старэйшых за 18 гадоў, амаль не існуе.
Асабліва балюча, калі людзі з інваліднасцю становяцца ахвярамі рэпрэсіяў. Асуджаным не аказваецца належная медычная дапамога. Адсутнасць элементарных умоваў утрымання для Ігара Ледніка і Мікалая Клімовіча прывяла да трагічных смерцяў. Гэта вынік існавання сістэмы, у якой чалавечае жыццё не мае каштоўнасці. Як і закрыццё Офіса па правах людзей з інваліднасцю — арганізацыі, якая дапамагала тым, каму не дапамагае дзяржава. Сённяшняя «ўлада» не бачыць у гэтых людзях роўных грамадзянаў.
Але я ведаю: Беларусь магчыма змяніць да лепшага. Мы імкнёмся да будучыні, дзе кожны чалавек будзе мець права і магчымасць вучыцца, працаваць, удзельнічаць у грамадскім жыцці і атрымліваць якасную дапамогу. Апошнія гады паказалі — мы не той народ, што заплюшчыць вочы на патрэбы іншых. Мы тыя, хто адчыняе дзверы, дапамагае з цяжкімі пакетамі, саступае месцы ў транспарце, стварае пляцоўкі падтрымкі, вучыць суперажываць і дзейнічаць. Мы ўжо разам будуем Беларусь, у якой ніхто не будзе забыты. Таму што сапраўдная каштоўнасць краіны — у яе людзях. Ва ўсіх людзях без выключэння».
Калі ў вас ёсць магчымасць і гэта для вас бяспечна — падтрымайце дабрачынны збор да Міжнароднага дня барацьбы за правы інвалідаў.
Святлана Ціханоўская – да Дня свабоды прэсы
«Пачала сённяшнюю раніцу, як і многія іншыя, з utro">«Обычное утро». Прабеглася па навінах, праверыла апошнія звесткі пра рэпрэсіі. Гэта ўжо стала звычкай — нават у дні візітаў, калі графік напоўнены сустрэчамі і выступамі. Але ў тым ліку дзякуючы працы незалежных медыя я магу распавядаць пра Беларусь на самым высокім узроўні.
Рэжым у Беларусі помсціць журналістам. Ён пазбавіў волі дзясяткі прафесіяналаў: Ларысу Шчыракову, Ігара Лосіка, Марыну Золатаву, Кацярыну Андрэеву і многіх іншых. Іх асудзілі не за злачынствы, а за тое, што яны выкрывалі карупцыю, дакументавалі гвалт, паказвалі тое, што ўлада хацела схаваць.
Свабода прэсы — гэта не толькі пра журналістаў. Гэта пра тое, што важна ведаць нам з вамі. Пра тое, што адбываецца ў нашых гарадах і вёсках, школах і шпіталях. Гарантыя таго, што праблемы не знікнуць у цішыні — і будуць мець шанец на вырашэнне.
Журналістыка павінна служыць людзям. Яна павінна ставіць нязручныя пытанні і патрабаваць адказаў ад тых, хто прымае рашэнні. Чаму ў школе няма ацяплення? Чаму хуткая не прыехала? Чаму ў шпіталі бракуе лекаў?
Сотні беларускіх журналістаў вымушаныя былі пакінуць краіну. Але нават у выгнанні яны працягваюць сваю працу — насуперак ціску, рэпрэсіям, «экстрэмісцкім» штампам. Я захапляюся тым, як яны працягваюць шукаць, разбірацца, тлумачыць: чаму растуць кошты? Чаму чэргі ў паліклініках? Як і дзе Расія ўмацоўвае сваю прысутнасць у Беларусі? Яны расказваюць пра тое, пра што дзяржаўныя СМІ або маўчаць, або скажуць толькі тое, што «спусцілі зверху».
І мы можам падтрымаць незалежных журналістаў: чытаць, а калі бяспечна — каментаваць, падпісвацца, распавядаць іншым, данаціць. Бо пакуль жыве незалежная журналістыка — жыве сувязь паміж намі. Мы ведаем, што адбываецца ў Лепелі, Івацэвічах, Чавусах. І гэта робіць нас трошкі бліжэйшымі адно да аднаго».
Роўна тры тыдні да IV Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету ў Варшаве!
23–25 траўня ў Варшаве пройдзе ўжо чацвёртая Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. Гэта ўнікальная магчымасць сабрацца разам, каб:
➖умацаваць сувязі паміж прадстаўнікамі дыяспары;
➖падзяліцца досведам, паўдзельнічаць у майстар-класах;
➖абмеркаваць будучыню разам з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў;
➖пашырыць кола карысных кантактаў падчас нефармальнага нэтворкінгу.
Колькасць удзельнікаў абмежаваная — 200 месцаў. Далучыцца да мерапрыемства можна па гэтай спасылцы.
Пакінуць свае прапановы і пытанні, каб разглядзець іх падчас Канферэнцыі можна тут.
Да сустрэчы ў Варшаве!
Святлана Ціханоўская ўжо на шляху ў ЗША. У кароткім відэа беларуская лідарка распавядае пра мэты візіту і запланаваныя сустрэчы.
Читать полностью…Святлана Ціханоўская — пра вызваленне Юрася Зянковіча
«З вялікай радасцю даведалася пра вызваленне Юрася Зянковіча — беларускага палітвязня і грамадзяніна ЗША, несправядліва асуджанага рэжымам Лукашэнкі. Гэта вынік вялікіх намаганняў. Дзякуй Прэзідэнту ЗША, Дзярждэпартаменту і ўсім, хто працаваў дзеля яго вызвалення.
Але нам варта памятаць: у беларускіх турмах застаецца больш за 1200 палітвязняў. Іх трымаюць за кратамі толькі за тое, што яны хацелі праўды, справядлівасці і свабоды.
Вызваленне аднаго — гэта крок наперад. Але нашая мэта — свабода для ўсіх»