radiosvaboda | Новости и СМИ

Telegram-канал radiosvaboda - Радыё Свабода — Беларусь

16588

Сувязь з рэдакцыяй — @SvabodaBelarus Даслаць навіну ў Signal можна па нумары +37068643669

Подписаться на канал

Радыё Свабода — Беларусь

Галоўнае за 16 чэрвеня на Радыё Свабода ❤️

📌«Нацыянальная ідэя разгромленая, яе найлепшыя носьбіты або забітыя, або сядзяць у турмах, або ў падпольлі і эміграцыі», — Сяргей Дубавец

📌Выпрабаваньне на ўкраінскі патрыятызм. Украінскія байцы з Расеі і Беларусі гадамі ня могуць атрымаць новыя пашпарты ва Ўкраіне

📌Радыё Свабода ідэнтыфікавала расейскіх вайскоўцаў, імаверна, датычных да забойстваў у Бучы

📌Нафтавы падарунак і ўзьвелічэньне Пуціна. Як канфлікт Ізраілю і Ірану можа паўплываць на вайну Расеі супраць Украіны?

📌Як выглядаюць іранскія заводы пасьля ўдараў Ізраілю. Фота з спадарожніка

📌Чым выкліканы дыпляматычны плюралізм Менску ў пытаньні вайны Ізраілю і Ірану

📌Публікацыя Свабоды атрымала ўзнагароду ад «Зялёнай сеткі»

📌У Беларусі на траціну вырасьлі даўгі прадпрыемстваў і фіксуецца запаволеньне росту розьнічнага таваразвароту

📌Улады Беларусі прыдумалі чарговае абмежаваньне для агратурыстычнага бізнэсу

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

У Канадзе адкрываецца саміт G7. Запрошаны і Ўладзімір Зяленскі

Лідэры ЗША, Вялікай Брытаніі, Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі і Японіі, а таксама прадстаўнікі ЭЗ, сустрэнуцца на фоне вайны Расеі супраць Украіны, рэзкага абвастрэньня канфлікту паміж Ізраілем і Іранам, а таксама рознагалосьсяў паміж ЗША і шэрагам іншых краін «сямёркі», у прыватнасьці, у пытаньні мытаў.

«Самай важнай мэтай для сямі вядучых індустрыяльных краін сьвету было б дасягнуць згоды і пачаць дзейнічаць», — заявіў перад пачаткам сустрэчы канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц, які ўпершыню ўдзельнічае ў такім мерапрыемстве.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Улады Беларусі прыдумалі чарговае абмежаваньне для агратурыстычнага бізнэсу

Міністэрства спорту і турызму вынесла на грамадзкае абмеркаваньне законапраект, у якім прадугледжаныя зьмены для тых, хто займаецца агра- і экатурызмам.

Адно з магчымых новаўвядзеньняў — забарона аграсядзібам праводзіць спартова-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Таксама чыноўнікі маюць намер увесьці цэнтралізаваны збор інфармацыі аб уладальніках аграсядзібаў.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

У Беларусі на траціну вырасьлі даўгі прадпрыемстваў і фіксуецца запаволеньне росту розьнічнага таваразвароту

Агенцтва «Позірк» прааналізавала зьвесткі эканамічнай статыстыкі Белстату. У краіне расьце запазычанасьць прадпрыемстваў, павялічваюцца складзкія запасы нерэалізаванай прадукцыі і падае розьнічны таваразварот.

Даўгі прадпрыемстваў (або так званая крэдыторская запазычанасьць) паводле стану на 1 траўня павялічыліся да 111,1 млрд рублёў (83,9 млрд; +32,4%). За год аб’ём складзкіх запасаў прамысловай прадукцыі вырас амаль на 30%.

Таксама ў Беларусі другі месяц запар фіксуецца запаволеньне росту розьнічнага таваразвароту. У студзені — траўні 2025 году розьнічны таваразварот склаў 31 млрд рублёў, павялічыўшыся на 9,3% у супастаўных цэнах да аналягічнага пэрыяду 2024 году.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Беларуская дыяспара Баўгарыі прапанавала назваць імем Алеся Пушкіна алею

Алея месьціцца ў парку імя Геа Мілева ў Сафіі, побач — амбасада Беларусі ў Баўгарыі. Беларусы Баўгарыі склалі пэтыцыю на адрас кіраўніка сталічнага раёна Слаціна.

«Мы лічым важным сымбалічна захаваць памяць пра такога годнага чалавека на нашай новай радзіме, якой, спадзяемся, стане для нас дэмакратычная і свабодная Баўгарыя», — адзначылі аўтары пэтыцыі.

Мастак Алесь Пушкін трапіў у няволю ў палітычна матываванай справе, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. 11 ліпеня 2023 году ён памёр у лякарні, куды яго прывезьлі з горадзенскай турмы № 1. У мастака была прабадная язва страўніка, разьвіўся пэрытаніт, паліорганная недастатковасьць. Пушкіну было 57 гадоў.

Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэньня, рэстаўраваў гістарычныя будынкі, расьпісваў цэрквы, яго шмат разоў затрымлівалі з палітычных матываў.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Чым выкліканы дыпляматычны плюралізм Менску ў пытаньні вайны Ізраілю і Ірану

https://smarturl.click/aReZJ

Афіцыйная пазыцыя Менску (нэўтральная) і Масквы (праіранская) ў пытаньні вайны Ізраілю і Ірану разыходзяцца. Таксама моцна адрозьніваецца зьмест заявы ШАС, якую падтрымала Беларусь, і заявы беларускага МЗС. Піша Валер Карбалевіч.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Сейм Літвы папярэдне ўхваліў магчымасьць увядзеньня нацыянальных санкцый на выпадак блякаваньня эўрапейскіх

Як адзначаецца на афіцыйным сайце парлямэнту, адпаведны праект закону аб увядзеньні абмежавальных мер у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны падтрымалі 123 дэпутаты, два прагаласавалі супраць і адзін утрымаўся. Сейм Літвы пастанавіў тэрмінова разгледзець дакумэнт на паседжаньні 19 чэрвеня.

Законапраект прадугледжвае магчымасьць увядзеньня нацыянальных эканамічных санкцый супраць Расеі і Беларусі ў выпадку спыненьня або частковага (ці поўнага) скасаваньня санкцый, уведзеных на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу.

Прадугледжваецца, што ўрад Літвы зможа ўводзіць два тыпы санкцый: замарожваньне актываў і сэктаральныя абмежаваньні.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Дырэктарку пецярбурскай кнігарні аштрафавалі на 20 тысяч рублёў за кнігу беларускага палітвязьня

Рашэньне аб штрафе ў дачыненьні да Алены Арловай прыняў Куйбышаўскі раённы суд Пецярбурга. Пра гэта паведамляе прэс-служба суда. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў дзейнасьці «непажаданай» арганізацыі.

Як паведамляла Радыё Свабода, падставай для пратакола стаў продаж кнігі «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча. Яе выдалі пры падтрымцы беларускага Анархічнага чорнага крыжа. Суд палічыў, што гэта падразьдзяленьне Фэдэрацыі анархічнага чорнага крыжа, якая прызнана ў Расеі «непажаданай» арганізацыяй.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Стала вядома яшчэ пра аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расеі і трапіў ва ўкраінскі палон

Цяпер ён мае статус ваеннапалоннага і можа трапіць у сьпіс будучых абменаў паміж Расеяй і Ўкраінай.

Грамадзяніну Беларусі Артуру Аракеляну, які ваяваў на баку Расеі, яшчэ ня споўніўся 21 год. Ён трапіў ва ўкраінскі палон сёлета ў траўні.
https://smarturl.click/Y3p7M

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Ва Ўкраіне ня выключылі «дэманстратыўных дзеяньняў» у напрамку ўкраінскай мяжы падчас вучэньняў Расеі і Беларусі

Пры гэтым сьпікер украінскай Дзяржаўнай памежнай службы Андрэй Дземчанка зазначыў, што ў Беларусі цяпер няма расейскіх ударных груповак, якія маглі б уяўляць пагрозу для Ўкраіны

«Для нас, вядома, прыярытэт – вывучэньне той інфармацыі, якую мы можам атрымаць, па актыўнай фазе сумесных вучэньняў, таму што менавіта ў гэты час рызыка для нашай краіны можа павялічвацца. Можна не выключаць якіх-небудзь дэманстратыўных дзеяньняў у напрамку нашай мяжы. Але наша асноўная задача – быць гатовымі да разьвіцьця любых сытуацый», – сказаў Дземчанка ў эфіры ўкраінскага тэлемаратону.

Расея і Беларусь у верасьні зьбіраюцца правесьці на тэрыторыі Беларусі сумесныя ваенныя вучэньні «Захад-2025». У NATO, у прыватнасьці ў краінах Балтыі, уважліва сочаць за імі, не выключаючы, што Беларусь можа стаць пляцдармам для расейскага нападу на краіны Балтыі і Польшчу.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Памежны камітэт: На мяжы Беларусі з Эўразьвязам больш за 3 тысячы машын

Самы загружаны маршрут для грузавікоў на ўезд у Эўразьвяз праходзіць праз літоўскі пункт пропуску Шальчынінкай (Беняконі) – 500 фур, паведамляе Памежны камітэт Беларусі.

На латвійскім напрамку перад Патэрніекамі (Грыгараўшчына) сабралася 295 грузавых аўтамабіляў.

У Казловічах у чарзе ў Польшчу 240 фур.

«Па стане на 10:00 уезду ў польскі пункт пропуску Цярэспаль (Берасьце) чакаюць 1560 легкавых аўтамабіляў і 45 аўтобусаў«, – інфармуе ДПК.

50 легкавых аўтамабіляў знаходзяцца ў чарзе перад літоўскімі пераходамі Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Дзяржаўная прапаганда параўнала перавозку радыеактыўных адыходаў з рухам «прэзыдэнцкага картэжу»

Усе радыеактыўныя адыходы, створаныя за апошнія больш за 60 гадоў, захоўваюцца пад Менскам, перадае news.by.

«Ніхто не павінен ведаць аб маршруце аўтамабіляў, якія перавозяць радыеактыўныя адыходы. Між іншым, па ўзроўні бясьпекі грузу перасоўваньне гэтых машын супастаўнае з рухам прэзыдэнцкага картэжу. Спэцаўтамабілі аснашчаныя ўсемагчымымі датчыкамі – дазымэтрамі, радыёмэтрамі, тэмпэратурнымі сэнсарамі, барамэтрычнымі прыладамі, камэрамі назіраньня і шмат іншым».


Начальнік спэцыялізаванага прадпрыемства «Экарэс» Сяргей Шпуньнікаў адмовіўся ўдакладняць месца захаваньня адыходаў.

Пункт доўгатэрміновага захоўваньня радыеактыўных адыходаў у Беларусі павінны пабудаваць да 2030 году. Дзяржатамнагляд назваў тры патэнцыйныя пляцоўкі для яго разьмяшчэньня – недалёка ад Беларускай АЭС, у Магілёўскай вобласьці, калі там вырашаць пабудаваць другую атамную станцыю, або ў Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведніку.

Раней паведамлялася, што Беларуская АЭС будзе штогод напрацоўваць каля 180 кубічных мэтраў радыеактыўных адыходаў.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Брытанскую выведку MI6 упершыню ўзначаліць жанчына. СМІ адзначаюць яе «ўсходнеэўрапейскія карані»

Гэтай восеньню MI6 узначаліць 47-гадовая Блэйз Мэтравэлі. Яна зьменіць на пасадзе Рычарда Мура, абвясьціла прэс-служба брытанскага ўраду.

Мэтравэлі ўзначальвае ў MI6 аддзел тэхналёгій і інавацый. Да гэтага яна займала вядучыя пазыцыі ў контрвыведцы MI5, а перад гэтым служыла ў выведцы ў Эўропе і на Блізкім Усходзе. Яна гаворыць па-арабску і мае досьвед працы на Блізкім Усходзе, у тым ліку ў зонах баявых дзеяньняў.

MI6 займаецца зборам інфармацыі за мяжой, супрацьдзеяньнем варожым дзяржавам і барацьбой з тэрарызмам, адзначае Бі-бі-сі. У інтэрвію газэце Telegraph у 2021 годзе Мэтравэлі казала, што пагрозу для Брытаніі ўяўляюць «дзеяньні расейскай дзяржавы – [але] не сама Расея», і што Кітай «зьмяняе сьвет, што ўяўляе для Брытаніі цудоўныя магчымасьці і адначасова пагрозу».

Газэта Financial Times зьвярнула ўвагу на грузінскае паходжаньне яе прозьвішча, напісаўшы пра «ўсходнеэўрапейскія карані» Блэйз Мэтравэлі.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

«Нацыянальная ідэя разгромленая, яе найлепшыя носьбіты або забітыя, або сядзяць у турмах, або ў падпольлі і эміграцыі», — піша Сяргей Дубавец

https://smarturl.click/WR6nA

«Над краінай лунае Лукашэнка, які «не адчувае» нацыянальную ідэю, а значыць, не адчувае нацыю і саму Беларусь».


«А ў чым нацыянальныя інтарэсы Беларусі, калі глядзець на Лукашэнку? У тым, каб даіць Расею ці Кітай? Каб пасварыцца з астатнімі суседзямі?»

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Беларусам прапаноўваюць бясплатны квіток у Расею і «лёгкі заробак» там

Махляры прыдумалі новую схему падману: беларусам прапануюць аднадзённую камандзіроўку ў Расею, каб адкрыць банкаўскую карту.

Як удакладняецца, апублікаваныя ў Telegram і сацсетках пасты абяцаюць беларусам аплочаную паездку ў Маскву, Санкт-Пецярбург ці Смаленск. Падчас паездкі трэба аформіць карту расейскага банка для «працэсінгу» або «крыпта-арбітражу». Аднак такую карту кібэрзлачынцы выкарыстоўваюць для вываду грошай, а той, хто аформіў карту на сваё імя, будзе несьці адказнасьць, папярэдзілі ў МУС Расеі, бо ўдзел у такіх схемах – крымінальнае злачынства.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Ціханоўская ў Стакгольме заявіла, што беларускія жанчыны ў 2020 годзе зьмянілі ход гісторыі

16–17 чэрвеня ў Стакгольм прымае форум «Women Empowerment & Democracy for Belarus Forum 2025» — міжнародную плятформу, прысьвечаную ролі беларускіх жанчын у змаганьні за дэмакратыю.

Сьвятлана Ціханоўская ў вітальным слове зьвярнула ўвагу на тое, як жанчыны сталі маральнай апорай рэвалюцыі 2020 году.

«Пасьля таго, як у нас скралі перамогу на выбарах, беларускія жанчыны зьмянілі ход гісторыі. Яны выступілі супраць адной з самых жорсткіх дыктатур, але не дзеля палітычных амбіцый. Яны ня выйшлі са зброяй ці лёзунгамі нянавісьці. Яны выйшлі з годнасьцю, мужнасьцю і любоўю — да сваёй краіны і свайго народу».

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

«Белтэлекам» зьменіць сымболіку на юбілей

Тэлекамунікацыйны апэратар падаў у Нацыянальны цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці заяўкі на рэгістрацыю чатырох таварных знакаў. Адзін знак выкананы на беларускай мове, а вось ягоны варыянт лацінскай графікай узяты з расейскай назвы кампаніі.

Сёлета «Белтэлекам» адзначае 30-годзьдзе. Кампанію стварылі ў пачатку ліпеня 1995 году.

Заяўкі на рэгістрацыю таварных знакаў «Белтэлекам» падаў ва ўсе клясы паслугаў і тавараў, апрача 25-га, які ўключае абутак і адзеньне.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Мінімум 20 чалавек за кратамі ў справе «Беларускага Гаюна»

Неўзабаве над імі пачнуцца суды. Беларусы фатаграфавалі расейскую тэхніку і дасылалі зьвесткі ў адмысловы бот, чым дапамагалі ўкраінскаму войску арыентавацца і ацэньваць пагрозы. На думку юрыста Паўла Сапелкі, іх дзеяньні паказалі сапраўдныя настроі беларускага народу, яго стаўленьне да расейскай вайны супраць Украіны і рэжыму Лукашэнкі, які гэтую агрэсію падтрымаў.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Ізраіль ударыў па будынку іранскай дзяржаўнай тэлевізіі

Сядзіба тэлевізіі Ірану была атакаваная ізраільскімі сіламі ў час жывога этэру. Ізраільская авіяцыя працягвае ваенную апэрацыю і атакуе сталіцу краіны Тэгеран.

Навіновая агенцыя Ісламскай рэспублікі Іран пацьвердзіла ўдар, аднак адзначыла, што празь некалькі хвілінаў вяшчаньне працягнулася.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Публікацыя Свабоды атрымала ўзнагароду ад «Зялёнай сеткі»

Журы, складзенае з эколягаў і журналістаў, адзначыла першую публікацыю і яе адаптацыю ў сацыяльных сетках з цыклю «Сьляды».

Эколягі «Зялёнай сеткі» назвалі пераможцаў 5 чэрвеня, ў Сусьветны дзень аховы навакольнага асяродзьдзя. 16 чэрвеня ў Вільні прайшло офлайн мерапрыемства, дзе пераможцам уручылі адпаведныя ўзнагароды.

Экалягічны цыкль публікацый «Сьляды» выходзіў на сайце Свабоды вясной 2025 году. Акрамя публікацыі-пераможцы, прысьвечанай стану аховы беларускіх лясоў пасьля падзей 2020 году, у яго ўвайшлі таксама публікацыя пра беларускія балоты, а таксама тэкст пра ўплыў Беларускай АЭС на экалёгію ва ўмовах адсутнасьці грамадзкага кантролю.

Публікацыі:
📄Дыктатура супраць лясоў. Як палітыка ўладаў шкодзіць прыродзе
📄Дыктатура супраць балотаў. Як улады Беларусі шкодзяць лёгкім Эўропы
📄Дыктатура і БелАЭС. Як улады Беларусі шкодзяць людзям і прыродзе праз атамную станцыю

«Ва ўмовах, калі чалавецтва сутыкнулася з кліматычным крізысам, а ў глябальнай павестцы ізноў гучыць пагроза ядзернай вайны, асабліва важна падтрымліваць тых, хто кажа пра каштоўнасьці міру, прыроды, жыцьця, — адзначыла прадстаўніца „Зялёнай сеткі“ Ірына Сухій. — Адзначаючы найлепшых, мы абвяшчаем, што праўда, адказнасьць і клопат пра плянэту застаюцца нашымі каштоўнасьцямі ды прыярытэтамі».

У складзе журы конкурсу Green Awards Belarus працавалі Надзея Белахвосьцік, Барыс Гарэцкі, Ірына Сухій, Эдуард Мельнікаў ды Яніна Мельнікава. На конкурс сёлета падалі 47 работаў, якія ацэньвалі па 10-бальнай шкале паводле 7 крытэраў. Журы вызначыла перможцаў у чатырох намінацыях: аналітычныя матэрыялы СМІ, відэа, падкасты і кантэнт сацыяльных сетак.

Поўны сьпіс пераможцаў

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Кіраўнік МУС Украіны заявіў, што ў час апошніх абменаў Кіеву «перадалі і целы расейскіх вайскоўцаў — зьмяшаныя зь целамі ўкраінцаў»

Міністар унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка ў сваім тэлеграм-канале заявіў, што пры апошніх абменах Кіеву «перадалі і целы расейскіх вайскоўцаў — зьмяшаныя зь целамі ўкраінцаў». У Расеі ягоную заяву пакуль не камэнтавалі.

Кліменка заявіў, што пасьля кожнай рэпатрыяцыі пачынаецца карпатлівая праца па выкрыцьці, аглядзе сьледчым, правядзеньні ДНК і праверкі ўсіх дэталяў.

«Гэты працэс і так складаны і працяглы. А Расея яшчэ наўмысна ўскладняе нам працэс ідэнтыфікацыі. Целы вяртаюцца ў вельмі зьнявечаным стане, часткі целаў — у розных мяшках. Ёсьць выпадкі, калі рэшткі аднаго чалавека вяртаюць нават у час розных этапаў рэпатрыяцыі. Да таго ж, у час апошніх рэпатрыяцый нам перадалі і целы расейскіх вайскоўцаў — зьмяшаныя зь целамі ўкраінцаў. На жаль, гэта факт».

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Сьвет увайшоў у новую небясьпечную гонку ядзерных узбраеньняў, — Інстытут дасьледаваньня міру

Міжнародны Стакгольмскі інстытут дасьледаваньня праблемаў міру (SIPRI) апублікаваў штогадовую справаздачу пра мір, вайну і міжнародную бясьпеку.

Паводле справаздачы, сьвет уступае ў новую, небясьпечную гонку ядзерных узбраенняў. Правілы і дамовы, якія раней абмяжоўвалі ядзерную гонку, цяпер моцна аслабленыя або зусім ня дзейнічаюць.

Актыўна абнаўляюць свае арсэналы амаль усе дзевяць краін, якія валодаюць ядзернай зброяй. ЗША, Расея, Вялікая Брытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Пакістан, Паўночная Карэя і Ізраіль мадэрнізуюць старую зброю і ствараюць новую.

Падрабязьней у тэксьце: https://smarturl.click/3Q1YG

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Расея і Ўкраіна правялі чарговы абмен целамі загінулых вайскоўцаў. Але лічбы назвалі розныя

У Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведамілі аб вяртаньні на ўкраінскую тэрыторыю целы 1245 загінулых вайскоўцаў.

«Ва Ўкраіну вярнулі яшчэ 1 245 целаў, якія паводле сьцьвярджэньня расейскага боку належаць украінскім грамадзянам, у прыватнасьці, вайскоўцам. Такім чынам, Украіна атрымала 6057 целаў у межах Стамбульскіх дамоўленасьцяў», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

У той жа час Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб перадачы Ўкраіне 1248 целаў і вяртаньні цел 51 свайго вайскоўца. Усяго ў часе апошніх абменаў Расея атрымала целы 78 загінулых.

«Гатовы на цяперашнім этапе перадаць яшчэ 2239 целаў загінулых вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны», — паведамілі ў Мінабароны Расеі.

Памочнік прэзыдэнта Расеі Ўладзімір Мядзінскі паведаміў, што працягваецца і абмен палоннымі. «Наладзілі тэрміновыя санітарныя перадачы цяжкапараненых зь лініі фронту», — падкрэсьліў ён.

(Фота — з каналу Мядзінскага)

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Як выглядаюць іранскія заводы пасьля ўдараў Ізраілю. Фота з спадарожніка

https://smarturl.click/9oeJ4

На здымках, зробленых спадарожнікам Maxar 15 чэрвеня, выразна бачныя наступствы ізраільскіх удараў па розных аб’ектах у Іране.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Нафтавы падарунак і ўзьвелічэньне Пуціна. Як канфлікт Ізраілю і Ірану можа паўплываць на вайну Расеі супраць Украіны?

https://smarturl.click/p2lGj

Пасьля тэлефоннага абмеркаваньня з Уладізімерам Пуціным 14 чэрвеня абвастрэньня канфлікту на Блізкім Усходзе, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сацыяльных сетках, што ён і прэзыдэнт Расеі лічаць аднолькава: «гэтая вайна паміж Ізраілем і Іранам павінна скончыцца».

Трамп на дадатак сказаў Пуціну, што «ягоная вайна» павінна скончыцца таксама.

Баявыя дзеяньні паміж Ізраілем і Іранам наўрад ці прымусяць Маскву спыніць уварваньне ва Ўкраіну, больш за тое — могуць ёй паспрыяць, лічаць аналітыкі.

#rfe_rl

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

На Магілёўшчыне тэрабарона вучыцца адбіваць групы дывэрсантаў

У Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах Магілёўскай вобласьці 16 чэрвеня пачаліся трохдзённыя зборы тэрытарыяльных войскаў, якія адпрацоўваюць навыкі аховы і абароны аб’ектаў, «барацьбы з дывэрсійна-выведнымі групамі праціўніка» і забесьпячэньне захадаў ваеннага становішча.

Як паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі, у вучэньнях таксама задзейнічалі атрады народнага апалчэньня.

Краснапольскі раён мяжуе з Расеяй.

(На архіўным фота — беларускія сілы тэрытарыяльнай абароны)

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Беларуска, якая асудзіла рэпрэсіі і расейскую агрэсію, стала мэдалісткай прэстыжных лёгкаатлетычных спаборніцтваў

Беларуская скакуха ў вышыню Марыя Жодзік, якая выступае за Польшчу, заняла трэцяе месца ў прэстыжных спаборніцтвах «Дыямэнтавай лігі» ў Стакгольме ў нядзелю. Яна ўзяла плянку на вышыні 1.93 мэтра, саступіўшы аўстралійцы Нікале Оліслэджэрс (2.01) і алімпійскай чэмпіёнцы з Украіны Яраславе Магучых (1.99).

Гэта першы мэдаль 28-гадовай Марыі Жодзік на спаборніцтвах экстра-клясы.

Жодзік родам з Баранавічаў. У 2020 годзе яна падпісала адкрыты ліст спартоўцаў, у якім асуджалася фальсыфікацыя выбараў у Беларусі, а таксама гвалт з боку сілавікоў. Таксама спартоўка асудзіла вайну Расеі супраць Украіны. Беларуска трэнуецца ў беластоцкім клюбе Podlasie Białystok. Яна атрымала польскі пашпарт і летась выступіла (няўдала) на Алімпіядзе ў Парыжы.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

Гарадзенская блогерка прарэклямавала краму ДВП – ёй нагадалі, што гэтыя «сувэніры» робяць і палітвязьні

Гарадзенская блогерка Леначка Лукашык апублікавала ў Instagram агляд крамы Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў (ДВП) «еДИН»», якая нядаўна адкрылася ў Горадні. Падпісчыкі нагадалі ёй, што гэтыя рэчы робяць вязьні, у тым ліку палітзьняволеныя.

Крама разьмешчаная ў «Турэмным дворыку» на вуліцы Урыцкага, 28. На шыльдзе напісана, што там прадаюцца «сувэніры і ня толькі», піша Hrodna.lfe.

На продаж выстаўленыя мангалы, печы і іншыя рэчы для саду, мэбля, драўляныя гадзіньнікі і іншыя прадметы інтэр'еру, кухоннае начыньне, тэкстыль, карціны, шахматы. Прадаюць спэцвопратку. «Уся прадукцыя зробленая ўручную», – удакладняе блогерка.

Карыстальнікі абурыліся кантэнтам і прапанавалі скардзіцца на пост. Раніцай 16 чэрвеня Лукашык ужо выдаліла пост з Instagram, піша тэлеграм-канал "Право имеют".

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

📹 Украінская служба Радыё Свабода здолела ўстанавіць расейскіх вайскоўцаў, якія, верагодна, датычныя да расстрэлаў чатырох цывільных грамадзян і двух удзельнікаў мясцовай тэрытарыяльнай абароны.

https://smarturl.click/VRv7b

Гэтых шасьцёх чалавек забілі 4-5 сакавіка 2022 году падчас расейскай акупацыі ў раёне Яблунскай вуліцы ў горадзе Буча, які месьціцца за 30 кілямэтраў на захад ад Кіева.

Читать полностью…

Радыё Свабода — Беларусь

У Горадні сёньня пачнецца як найменш 108-мы суд за «здраду дзяржаве»

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 16 чэрвеня ў Гарадзенскім абласным судзе пачынаецца завочны суд над 39-гадовым Андрэем Занеўскім. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Сутнасьць абвінавачваньня невядомая.

Агулам ад 2020 году за «здраду дзяржаве» былі засуджаныя прынамсі 107 чалавек.

Читать полностью…
Подписаться на канал