У Адэсе пад заваламі знайшлі целы яшчэ дваіх дзяцей, — мясцовыя ўлады
Целы 10-гадовага хлопчыка і яго 8-гадовай сястры знайшлі пад заваламі шматпавярховага дома ў Адэсе, ў які 2 сакавіка трапіў расейскі бесьпілётнік «Шагед», паведаміў журналістам увечары 3 сакавіка Алег Кіпер, кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі.
«Яшчэ адно памерлае дзіця — дзяўчынка Злата. Ёй было восем гадоў. Зараз ратавальнікі дэблякуюць іх з братам Сяргеем целы», — напісаў кіраўнік АВА.
Паўгадзінай раней ён паведаміў, што ратавальнікі знайшлі пад заваламі цела 10-гадовага хлопчыка. Колькасьць загінулых у Адэсе вырасла да 12 чалавек. https://smarturl.click/DaXV0
Галоўнае за 3 сакавіка
📌 Пасьля сьмерці згвалтаванай беларускі ў Польшчы вырашылі перагледзець заканадаўства
📌 Ціханоўская наведае з афіцыйным візытам Баўгарыю, адносіны зь якой разьлічвае аднавіць Лукашэнка
📌 МУС Беларусі заявіла пра першае затрыманьне за «адмаўленьне генацыду беларускага народа»
📌 Гутарка з паэткай Ганнай Комар: «Мы сваё пакараньне за тыя дні ў 2020-м ужо адбылі»
📌 36 праваабарончых арганізацый выступілі з заявай з нагоды гадавіны суду над праваабаронцамі «Вясны»
📌 У Нацыянальнай галерэі мастацтваў ЗША выправілі подпіс да карціны Суціна, дадаўшы згадку пра Беларусь
📌 Ці шмат вы ведаеце пра словы, зьвязаныя зь Менскам і яго жыхарамі? Прайдзіце наш ТЭСТ
У Маскве трэці дзень запар была чарга з кветкамі да магілы Навальнага
Да магілы расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, пахаванага 1 сакавіка на Барысаўскіх могілках Масквы, у нядзелю людзі працягвалі несьці кветкі. Чарга да магілы Навальнага расьцягнулася прыкладна на 600 мэтраў, паведамляе незалежнае расейскае выданьне ASTRA.
Тэлеканал «Дождь» паведаміў, што калі могілкі зачыніліся а 17-й гадзіне па мясцовым часе, прысутныя каля ўваходу патрабаваць іх упусьціць. Людзі пры гэтым кідалі кветкі праз агароджу.
Сёньня ж Канада абвясьціла пра новыя санкцыі супраць прадстаўнікоў Расеі ў сувязі са сьмерцю Навальнага. Як паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на міністарку замежных спраў Канады Мэляні Джалі, пад санкцыі трапяць шэсьць расейскіх чыноўнікаў, у тым ліку прадстаўнікі пракуратуры, судовай сыстэмы і сыстэмы выкананьня пакараньняў.
https://smarturl.click/mpb0m
Трамп перамог на кокусах у штаце Місуры
Былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп атрымаў перамогу на кокусах (сходах выбарнікаў) Рэспубліканскай партыі ў штаце Місуры. Паводле афіцыйных зьвестак, прыхільнікі яго суперніцы Нікі Гэйлі не былі ў большасьці ні на адным з больш чым 200 сходаў, праведзеных у штаце.
Трамп таксама набраў больш за 90% галасоў удзельнікаў партыйнага сходу ў штаце Мічыган, які выбіраў дэлегатаў на зьезд рэспубліканцаў. Раней ён упэўнена перамог на праймэрыз (папярэдніх выбарах кандыдата) у гэтым штаце.
Трамп атрымаў перамогу ва ўсіх штатах, дзе дагэтуль праводзіліся праймэрыз або кокусы. Паводле ацэнак многіх камэнтатараў, ён даб’ецца істотнага посьпеху і ў так званы Супэраўторак, 5 сакавіка, калі пройдзе адразу 16 галасаваньняў у розных штатах. https://smarturl.click/qljOw
На Гомельшчыне ліквідуюць ляяльнае ўладам аб'яднаньне, кіраўнік якога летась атрымаў мэдаль за «раскрыцьцё фактаў генацыду беларускага народа»
15 сакавіка Гомельскі абласны суд разгледзіць справу аб ліквідацыі пошукавага грамадзкага аб’яднаньня «Ніколі не забудзем». Прычыны ліквідацыі невядомыя. Арганізацыя ляяльная ўладам, пра яе рэгулярна пішуць дзяржаўныя СМІ.
У 2023 годзе Мінюст правёў праверкі і вынес пісьмовыя папярэджаньні 410 некамэрцыйным арганізацыям. Пасьля выбараў 2020 году грамадзкі сэктар Беларусі страціў ужо сама меней 1533 некамэрцыйныя арганізацыі:
https://smarturl.click/1dwxe
Пасьля сьмерці згвалтаванай беларускі ў Польшчы вырашылі перагледзець заканадаўства
Намесьніца міністра юстыцыі Польшчы Марыя Эйхарт заявіла, што вызначэньне згвалтаваньня ў Крымінальным кодэксе зьменяць, каб гэта стала злачынствам, а не правапарушэньнем, піша Onet. Паводле чыноўніцы, згодна са зьменамі, згвалтаваньнем будзе лічыцца палавы акт без папярэдняй сьвядомай і добраахвотнай згоды абодвух бакоў. Сёньня згвалтаваньне вызначаецца як «давядзеньне да палавога акту з дапамогай сілы, незаконнай пагрозы або падману»:
https://smarturl.click/vwq25
Ганна Комар: «Мы сваё пакараньне за тыя дні ў 2020-м ужо адбылі»
У лёнданскім выдавецтве Skaryna Press пабачыла сьвет кніга паэткі і перакладчыцы Ганны Комар «Калі я выйду на волю». Гэта дакумэнтальная проза пра турэмны досьвед аўтаркі ў 2020 годзе, дапоўненая гісторыямі іншых беларускіх зьняволеных. Пагаварылі з аўтаркай пра яе герояў і няпросты шлях кнігі да чытачоў.
«Я нават свайго тату запытала, што ён думаў пра мой арышт. Яго адказ быў адзіным, які выбіваўся з агульнага рытму ўзаемаразуменьня і падтрымкі», — узгадвае Ганна Комар:
https://smarturl.click/mpblm
👆🏻 Запытайся ў Дубаўца. Ці ня зробіць «ваенна-патрыятычнае выхаваньне» з нашых дзяцей зомбі?
25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.
Гэта як паралельная прастора — расейскі мілітарызм, цалкам пазбаўлены высакародзтва. Трэба верыць у мэнтальнае здароўе і крытычны розум беларусаў, якіх немагчыма ў масе сваёй ператварыць у хунвэйбінаў (няма гістарычнага прэцэдэнту) і якія на генэтычным узроўні адчуваюць, што для іх сваё, а што чужое. Так было ў савецкім камсамоле, да якога большасьць беларусаў належала, але ня ўдзельнічала, а многія ставіліся цынічна. Так і гэтая мілітарызацыя — пустая трата часу і рэсурсаў, якая калісьці дасьць адваротны зададзенаму вынік.
80 год таму забілі Францішка Аляхновіча, аўтара адной зь першых у сьвеце кніг пра савецкую турму
3 сакавіка 1944 году ў Вільні быў забіты Францішак Аляхновіч, беларускі драматург і пісьменьнік, рэдактар і выдавец, аўтар адной зь першых у сьвеце кніг пра савецкую турму «Ў капцюрох ГПУ». Ён пісаў беларускія п’есы, граў як актор у беларускіх спэктаклях, быў, як цяпер бы сказалі, тэатральным мэнэджарам і стаў адным са стваральнікаў беларускага тэатру.
Іншыя запамінальныя даты і падзеі 3 сакавіка — у рубрыцы «Ўжо сёньня» на сайце Свабоды:
https://smarturl.click/xBYdM
Вынікі тыдня з Карбалевічам: Лукашэнка мог апынуцца ў сытуацыі «кульгавай качкі»
Палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч падводзіць вынікі тыдня і разважае, чаму Аляксандар Лукашэнка заявіў пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, якія ўлады зьбіраюцца правесьці ў 2025 годзе.
ВІДЭА: https://www.youtube.com/watch?v=-l973ic8r3k
У Літве пачалі расьсьледаваньне ў справе беларуса, які абразіў у Youtube літоўцаў
У інтэрвію мясцовай блогерцы мужчына, які назваўся беларусам, заявіў, што прынцыпова ня вучыць літоўскую, яму не падабаецца ні Літва, ні яе ўлада, ні законы. Ён назваў літоўскіх палітыкаў «дурненькімі» і сказаў, што не паважае літоўцаў.
Справай зацікавіўся Дэпартамэнт міграцыі.
https://smarturl.click/8Edx7
Памёр вядомы беларускі скульптар Ігар Голубеў
Ігар Голубеў (11.06.1961 — 1.03. 2024) — творца шэрагу помнікаў славутым гістарычным асобам Беларусі: Уладзімеру Караткевічу ў Воршы, Язэпу Драздовічу ў Менску, Напалеону Орду ў Янаве, Эўфрасіньні Полацкай ў Полацку і Менску, Васілю Цяпінскаму і Сымону Буднаму каля БДУ ў сталіцы і іншых.
Плошчу Незалежнасьці ў Менску асьвячае сакральная манумэнтальная скульптурная кампазыцыя Голубева «Архангел Міхаіл перамагае зло», яна ўсталяваная каля Чырвонага касьцёлу, — нагадала, паведамляючы пра сьмерць творцы, Тамара Габрусь у сваім фэйсбуку.
На факультэтах БДУ ўтварылі камісіі па прыёме на працу
Пра гэта напісала былая выкладчыца катэдры міжнародных адносін БДУ, кандыдат гістарычных навук, палітоляг Роза Турарбекава ў нататцы «Адмысловая камісія ў БДУ. Пра рэпрэсіі, ідэалягізацыю і сэк’юрытызацыю».
«Мала таго, што БДУ пад кантролем і кадравая палітыка ў руках рэктара па бясьпецы (афіцэра КДБ). Мала ўсякіх наглядчыкаў на кожным факультэце. Мала таго, што загадчыкі катэдры зараз пазбаўлены ўсякай магчымасьці прымаць на працу адмыслоўцаў. Цяпер стварылі адмысловую камісію. Што ж мне гэта нагадвае? Сталінскія „тройкі“? Ці мясцовыя партыйныя ячэйкі? Не. Гэта менавіта адмысловыя камісіі, якіх раней не было ніколі. Гэта вынаходка рэжыму Лукашэнкі. Цяпер кожны дэкан і ўсе сябры камісіі будуць несьці адказнасьць за „экстрэмістаў“».
Падзея, безь якой Віцебск і Магілёў засталіся б расейскімі, а Лукашэнка ня меў бы шанцаў стаць прэзыдэнтам Беларусі
Бывалі часы, калі Масква мірна вяртала чужыя землі. Так здарылася сто гадоў таму, 3 сакавіка 1924 году, калі беларусы без вайны больш як удвая павялічылі тэрыторыю рэспублікі.
Піша Віктар Багдзевіч.
https://smarturl.click/3kMQg
Кароткі гід па сымптомах і лячэньні ковіду на 2024 год
Каранавірус SARS-CoV-II, які выклікаў у 2020 годзе пандэмію COVID-19, працягвае цыркуляваць у сьвеце. Пры гэтым ён зьмяняецца і выклікае ўсё больш лёгкае цячэньне хваробы і, адпаведна, больш лёгкія сымптомы.
https://smarturl.click/VDGR7
«Яе звалі Ліза». У Варшаве пройдзе марш у памяць пра беларуску, якая памерла пасьля згвалтаваньня.
Марш мае пачацца а 18-й гадзіне ў сераду, 6 сакавіка, на месцы, дзе адбылося злачынства. Арганізатаркі заклікаюць апрануцца ў чорнае.
«Мы выходзім на вуліцы ў яе гонар і ў памяць аб усіх жанчынах, якія падвергліся сэксуалізаванаму гвалту, — пішуць яны. — Мы не жадаем баяцца. Мы не жадаем, каб баяліся нашы дочкі і нашыя сяброўкі».
1 сакавіка ў Варшаве памерла 25-гадовая беларуска Лізавета. Мужчына ў масцы напаў на яе, калі яна вярталася дадому раніцай 25 лютага, прыставіў да яе шыі нож, сілай адцягнуў да суседняй брамы, дзе зьбіў і згвалтаваў. Аголеную жанчыну, якая ляжала на сходах без прытомнасьці, знайшоў вартаўнік і паведаміў пра ўсё ў паліцыю.
Ціханоўская наведае з афіцыйным візытам Баўгарыю, адносіны зь якой разьлічвае аднавіць Лукашэнка
4–5 сакавіка дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская наведае Баўгарыю з афіцыйным візытам, паведаміла яе прэс-служба.
Анансаваны шэраг сустрэч з баўгарскімі палітыкамі, у тым ліку з прэм’ер-міністрам Мікалаем Дэнкавым і кіраўніцай Міністэрства замежных спраў Марыяй Габрыэль. Чакаецца, што па выніках візыту ў парлямэнце Баўгарыі будзе створана група «За дэмакратычную Беларусь».
Гэта першы візыт Ціханоўскай у Баўгарыю, якая ўваходзіць у Эўрапейскі зьвяз і NATO.
Як адзначае «Позірк», 3 сакавіка, напярэдадні візыту Ціханоўскай у Баўгарыю, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць да аднаўленьня «канструктыўнага супрацоўніцтва» з Баўгарыяй, «у першую чаргу ў гандлёвай і гуманітарнай сфэрах». https://smarturl.click/RAm0b
У сталіцы Сэрбіі пройдуць паўторныя выбары. Іх правядзеньня дабілася апазыцыя
У Сэрбіі ўрадавая партыя пагадзілася на правядзеньне ў Бялградзе новых муніцыпальных выбараў — пасьля масавых пратэстаў апазыцыі і нэгатыўных ацэнак галасаваньня, праведзенага 17 сьнежня мінулага году, з боку Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ.
Апазыцыя абвінавачвала ўлады ў фальсыфікацыях на выбарах у Бялградзе, сьцьвярджаючы, што афіцыйныя вынікі галасаваньня, паводле якіх ніводная палітычная сіла не атрымала большасьці, не адлюстроўваюць волю выбарнікаў.
Дата новага галасаваньня павінна быць прызначаная на працягу 30 дзён. https://smarturl.click/vwqW5
У Нацыянальнай галерэі мастацтваў ЗША выправілі подпіс да карціны Суціна, дадаўшы згадку пра Беларусь
У Нацыянальнай галерэі мастацтваў ЗША памянялі подпіс да карціны Хаіма Суціна «Партрэт хлопчыка».
На выставе ў галерэі ў подпісе да карціны Суцін раней быў пазначаны проста як «расеец». Мастак нарадзіўся ў 1893 годзе ў Сьмілавічах у Беларусі, якая на той час была часткай расейскай імпэрыі. Суцін вучыўся ў Менску і Вільні, а большую частку жыцьця ён правёў у Францыі, куды перабраўся ў 1913 годзе.
Дзяніс Баранаў, беларус, які жыве ў ЗША, наведаў выставу ў лютым і зьвярнуў увагу куратараў на неадпаведны подпіс. Цяпер подпіс памянялі, пазначыўшы, што Суцін — гэта францускі мастак, які нарадзіўся ў тагачаснай «Расеі» там, дзе цяпер Беларусь. (Фота Дзяніса Баранава)
Менск і яго жыхары. Моўны ТЭСТ
Менск упершыню згаданы ў летапісе 3 сакавіка 1067 году. Бітва на Нямізе — ня самая станоўчая нагода, але ад гэтага дня адлічваецца гісторыя сталіцы Беларусі. Моўны ТЭСТ — пра словы, назвы, імёны, зьвязаныя зь Менскам:
https://smarturl.click/ny5kV
Найвялікшую сонечную электрастанцыю Беларусі, якую «адціснулі» ў брытанскага інвэстара, вырашылі прадаць з аўкцыёну
Сонечную электрастанцыю плошчай 220 га, разьмешчаную ў Чэрыкаўскім раёне, прадаюць з аўкцыёну з прычыны даўгоў кампаніі-ўладальніка ТАА «Солар Лэнд». Таргі пачнуцца 14 сакавіка, стартавы кошт — 79,751 млн рублёў, мінімальны задатак — 10% ад сумы.
«Солар Лэнд» (100% долі ў ёй належыць брытанскай фірме Сameliaside) раней трапіла пад контрасанкцыі Менску: уладальнікам фірмаў з «чорнага сьпісу» забаранілі распараджацца акцыямі. Інвэстар кампаніі патрабуе ад уладаў Беларусі кампэнсаваць яму сотні мільёнаў даляраў:
https://smarturl.click/e5L1e
МУС Беларусі заявіла пра першае затрыманьне за «адмаўленьне генацыду беларускага народа»
54-гадовага менчука затрымаў ГУБАЗіК. Паводле СК, мужчына адміністраваў групу ў «Одноклассниках», дзе нібыта расказваў, што «зьверствы, учыненыя на тэрыторыі Беларусі, памылкова прыпісаныя нацысцкім акупантам» і «што сусьветна вядомая „Хатынь“ пацярпела ад рук партызан».
МУС піша, што гэта першы выпадак прыцягненьня да адказнасьці за адмаўленьне генацыду. Магчыма, гаворка пра першае затрыманьне, бо крымінальныя справы за гэта ўжо заводзілі. Так, у студзені Генпракуратура завяла справу за адмаўленьне генацыду беларускага народу на аўтара Радыё Свабода Сяргея Дубаўца:
https://smarturl.click/1dwje
Хто забіў Францішка Аляхновіча. Новыя адкрытыя факты
Хто забіў вядомага беларускага драматурга Францішка Аляхновіча і хто замовіў гэта забойства? Праўда пра гэта заставалася да апошняга часу загадкай, хоць дапушчэньняў выказвалася шмат.
Сяргей Дубавец з дапамогай дасьледніка зь Беларусі знайшоў інфармацыю, якая можа дапамагчы знайсьці адказы на гэтыя пытаньні:
https://smarturl.click/aJzeq
Украінцы сталі горш ставіцца да Беларусі і Лукашэнкі — дасьледаваньне
Пра адмоўнае стаўленьне да Беларусі заявіла 87,4% апытаных.
https://smarturl.click/M1e4V
«Хопіць гвалціць». Беларускі і беларусы дзеляцца гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт
Пасьля навіны пра сьмерць у Варшаве згвалтаванай 25-гадовай беларускі Лізаветы, у сацыяльных сетках пачалася акцыя #хопіцьгвалціць. У Інстаграме, Фэйсбуку і плятформе X людзі дзеляцца гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт.
Агулам гэтым хэштэгам скарысталіся ўжо каля сотні разоў на розных плятформах.
https://smarturl.click/gp8ww
Ціханоўская расказала пра сэксізм у палітыцы, «катлеты» і параўнаньні з Навальнай
У інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» Сьвятлана Ціханоўская расказала, ці можа забойства Навальнага неяк адбіцца на беларускіх палітвязьнях і ці ёсьць цяпер сувязь з Сяргеем Ціханоўскім.
Чытайце тут: https://smarturl.click/RAmml
У Грузіі па «наркатычным» артыкуле затрымалі групу асоб, у тым ліку беларусаў
Супрацоўнікі грузінскай паліцыі і Службы дзяржаўнай бясьпекі затрымалі паводле абвінавачаньня ў злачынствах, зьвязаных з наркотыкамі, 10 чалавек.
https://smarturl.click/l5XX6
У Гомлі асудзілі галоўнага інжынэра «Мілкавіты»
Чарговы вырак за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» атрымаў 47-гадовы гамяльчук Аляксандар Стругальскі.
https://smarturl.click/2qw0X
Расейскія войскі атакавалі Адэсу, зруйнавана частка шматпавярховіка
Ратавальнікі дасталі з-пад завалаў целы 2 загінулых. Папярэдне пацярпелі 8 чалавек, у тым ліку 1 дзіця, 4 жыхароў удалося выратаваць. Пажарныя зьліквідавалі пажар на плошчы 50 квадратных мэтраў. Зруйнаваныя 18 кватэр.
Выбух таксама пашкодзіў разьмешчаны побач будынак кацельні, у выніку чаго безь цяпла засталіся 11 шматкватэрных жылых дамоў.
Фота ДСНС Украіны
👆🏻Запытайся ў Дубаўца. Расейскі патрыярх Кірыл кажа, што на Ўкраіну яны напалі, бо там — прапаганда ЛГБТ. Ці гэта прычына забіваць людзей?
25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.
Гэта ў сфакусаванай форме — адмаўленьне прыватнасьці. У Расеі ЛГБТ атаясамліваюць з правамі чалавека, каб, у сваю чаргу, зрабіць правы чалавека такімі ж «непрымальнымі», як ЛГБТ. Адным махам яны адмаўляюць права на жыцьцё, прэзумпцыю невінаватасьці, недатыкальнасьць жыльля ці свабоду думкі — як «чужыя каштоўнасьці». То бок «па-нашаму» — гэта забіваць, урывацца ў кватэру, садзіць у турму за іншадумства, лазіць у чужым тэлефоне... Хоць, падумаўшы, хто такі чалавек без правоў? Раб.