Трэнэр менскага «Дынама» адмовіўся камэнтаваць адсутнасьць трансьляцыі ў Беларусі эўрапейскага матчу каманды
На перадматчавай прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве трэнэр «Дынама» Вадзім Скрыпчанка сказаў, што задаволены вялікай цікавасьцю да матча, на які прадалі 22 тысячы квіткоў, але адмовіўся камэнтаваць адсутнасьць трансьляцыі матча на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі. Таксама ён адмовіўся адказваць на пытаньне пра тое, ці зьвязаны цяперашні ўзровень беларускага футболу з палітычнай сытуацыяй у краіне:
https://smarturl.click/2qZ0D
У Беларусі за «здраду дзяржаве» асудзілі 88 чалавек, — праваабаронцы
Па стане на 6 лістапада 2024 году за «здраду дзяржаве» ў Беларусі асудзілі сама меней 88 чалавек, зь іх 13 жанчын — на тэрміны да 25 гадоў калёніі, паведамляе «Вясна». Гэтая лічба імкліва расьце, 9 месяцаў таму яна была амаль удвая меншая.
Сярод асуджаных — незалежныя журналісты, вайскоўцы, фігуранты справы «Рабочага руху», сьвятар, музыка, палітыкі, бізнэсоўца, айцішнік, культурніцкі мэнэджар, аналітык і інш.:
https://smarturl.click/4kBOY
«Затэрарызаваць прасьцей». Псыхоляг і былы міліцыянт пра тое, чаму ў Беларусі дзецям прысуджаюць вялікія тэрміны
«Праваахоўная сыстэма хоча, каб была раскрытая крымінальная справа, каб статыстыка ня падала. А што потым будзе з гэтым дзіцем у будучыні, нікога не хвалюе».
СТВ не пакажа матчу менскага «Дынама» ў Варшаве, на які беларусы зьбіраюцца са сьцягамі
Матчу асноўнага раўнду Лігі канфэрэнцый паміж польскай «Легіяй» і менскім «Дынама» няма ў праграме дзяржаўнага тэлеканала СТВ за 7 лістапада. Пры гэтым канал паказваў папярэднія матчы «Дынама» ў асноўным раўндзе Лігі канфэрэнцый з «Хартсам» і XIK. Фанацкая група менскага «Дынама» раней заклікала беларусаў прыйсьці на матч у Варшаве са сьцягамі і іншай сымболікай:
https://smarturl.click/RABem
Чаго чакаць ад вяртаньня Дональда Трампа на пасаду прэзыдэнта ЗША. Аналіз Свабоды
Цяпер, калі Трамп выйграў другі прэзыдэнцкі тэрмін, чаго можна чакаць ад ягонай будучай адміністрацыі? Адказ на гэтае пытаньне шмат у чым залежыць ад асобы, якую вы спытаеце. Прыхільнікі Трампа вераць, што ён зноў зробіць Амэрыку вялікай як унутры краіны, так і за мяжой. Яго нядобразычліўцы папярэджваюць, што Трамп падарве дэмакратыю ў ЗША. Падрабязьней — у аналізе Свабоды:
https://smarturl.click/M1wE3
Дабравольскі: Беларускі рэжым ня мае чаго прапанаваць Дональду Трампу
Беларускі апазыцыйны палітык, старшы палітычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі ў інтэрвію Свабодзе выказаў свае думкі пра тое, чаму ня варта зьдзіўляцца перамозе Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. Паводле Дабравольскага, казаць, што перамога Дональда Трампа прывядзе да рэзкіх зьменаў у рэгіёне, дзе знаходзіцца Беларусь, зарана.
https://smarturl.click/mp989
Другі раўнд Стратэгічнага дыялёгу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі пройдзе 3–4 сьнежня
Пра гэта паведаміў кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павел Латушка. Паводле яго, беларуская дэлегацыя на чале з дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай будзе налічваць 24 чалавекі. У яе ўвойдуць прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, грамадзянскіх ініцыятыў.
Першая сэсія дыялёгу адбылася 6–8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне.
https://smarturl.click/ql95W
Што казаў Дональд Трамп пра Беларусь
Дональд Трамп зноў будзе прэзыдэнтам ЗША. Беларусы, як у дыяспары, так і ў краіне, з гэтай нагоды разважаюць, якой будзе палітыка Злучаных Штатаў у дачыненьні Беларусі і беларускіх пытаньняў.
Свабода сабрала, што Трамп раней казаў пра Беларусь.
Кавалеўскі ацаніў працяг Стратэгічнага дыялёгу беларускай апазыцыі і ЗША пасьля выбараў
Валер Кавалеўскі, кіраўнік Агенцтва Эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, які быў датычны да арганізацыі Стратэгічнага дыялёгу Дэмакратычных сіл Беларусі і ўладаў ЗША, камэнтуе Свабодзе імавернае вяртаньне ў Белы дом Дональда Трампа.
https://smarturl.click/M1MJ3
У Менску будуць судзіць цэлую сям’ю за «распальваньне варожасьці». Пагражае да 12 гадоў турмы
Суд над сям’ёй Стаўрыцкіх пачнецца 13 лістапада ў Менскім гарадскім судзе.
https://smarturl.click/nyY9A
Дональд Трамп назваў сябе прэзыдэнтам ЗША
Палітык зьвяртаецца да прыхільнікаў на Ўэст-Палм-Біч у Флёрыдзе. Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі абвясьціў сябе пераможцам выбараў і падзякаваў за падтрымку жонцы і дзецям.
Агенцтва Associated Press назвала Трампа пераможцам у яшчэ адным «хісткім» штаце — Пэнсыльваніі.
Цяпер у Трампа 267 галасоў электараў, а ў Камалы Гарыс 214. Да перамогі Трампу не стае ўсяго трох галасоў.
Мапа прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША: https://smarturl.click/W3pWk
Рэспубліканцы зьбіраюцца вярнуць кантроль над Сэнатам ЗША
Рэспубліканцы забралі два важныя месцы ў Агаё і Заходняй Вірджыніі, у той час як большасьць у іншай палаце Кангрэсу, Палаце прадстаўнікоў, яшчэ ня вызначылася.
https://smarturl.click/9z42z
Рэспубліканцы блізкія да кантролю над Сэнатам
Пра гэта сьведчаць апошнія лічбы на выбарах у Сэнат. Што тычыцца прэзыдэнцкай гонкі, там лік стаў 230:210 на карысьць Дональда Трампа.
The New York Times цяпер дае толькі 10% шанцаў на перамогу Камалы Гарыс. Застаецца падлічыць галасы ў дзевяці штатах: Нэвадзе, Арызоне, Мінэсоце, Вісконсіне, Мічыгане, Пэнсыльваніі, Нью-Гэмпшыры, Джорджыі і Алясцы.
Мапа прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША: https://smarturl.click/W3pWk
На фота назіраньне за падлікам галасоў ва ўнівэрсытэце Говарда ў Вашынгтоне
Гарыс перамагла ў Каліфорніі і штаце Вашынгтон, Трамп у Айдага
Дзякуючы перавазе ў двух штатах Камале Гарыс удалося скараціць адставаньне ад Дональда Трампа. Аднак рэспубліканец усё адно паперадзе 214 на 179.
Падлік галасоў у «хісткіх» штатах працягваецца.
Мапа прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША: https://smarturl.click/W3pWk
Гарыс перамагае ў Калярада і акрузе Калюмбія, Трамп у Агаё
Не зьмяняюцца прыхільнасьці канкрэтнай партыі і ў яшчэ трох суб’ектах ЗША. Штат Калярада і акруга Калюмбія ўсе апошнія выбары традыцыйна аддавалі голас дэмакратам. Так і на гэты раз. Тут перамагае Камала Гарыс. А ў штаце Агаё лідэрства ў Трампа.
Лік у гонцы па галасах электараў 198 на 112 на карысьць Трампа. Пры гэтым яшчэ ідзе падлік галасоў у сямі «хісткіх» штатах, якія моцна паўплываюць на вынік выбараў.
МАПА: https://smarturl.click/W3pWk
Чаго Лукашэнку чакаць ад Трампа
Вяртаньне Дональда Трампа ў Белы дом здольнае істотна паўплываць на разьвязаньне праблем у рэгіёне Ўсходняй Эўропы. На тым, якой тут будзе стратэгія новага-старога прэзыдэнта ЗША, можа адбіцца ягоны папярэдні досьвед прэзыдэнцтва. Згадваем, як складаліся беларуска-амэрыканскія дачыненьні ў 2016–2020 гадах:
https://smarturl.click/71G1R
Галоўнае за 7 лістапада
🙍🏻♂️Прычына сьмерці палітвязьня Шлетгаўэра — «мэханічная асьфіксія», яе часта ставяць пры самагубствах, — «Люстэрка»
🇺🇸 Дональд Трамп вяртаецца на пасаду прэзыдэнта ЗША. Рэспубліканцы вярнулі кантроль над Сэнатам
🗣 Глядзім, што Дональд Трамп раней казаў пра Беларусь
👫 Што перамога Трампа значыць для дэмакратычнай Беларусі: камэнтуюць Ціханоўская, Вячорка, Дабравольскі, Кавалеўскі, Кучынскі і Лябедзька
🎥 «ПіК Свабоды».Чым можа зьдзівіць Дональд Трамп? Ацэнка паліталягіні Шмацінай
✍🏻 Аналіз: 1️⃣ чаго чакаць ад вяртаньня Трампа на пасаду прэзыдэнта ЗША і 2️⃣ як Эўразьвяз рыхтуецца да гэтага
👨🏻⚖️«Затэрарызаваць прасьцей». Псыхоляг і былы міліцыянт пра тое, чаму ў Беларусі дзецям прысуджаюць вялікія тэрміны
Чаго чакаць Беларусі ад новага прэзыдэнта ЗША?
Якую ўгоду можа заключыць Трамп з Лукашэнкам? Якой можа быць трампава формула міру ва Ўкраіне? Якім будзе месца Беларусі ў гэтай формуле? На пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае паліталагіня, даследчыца Вірджынскага палітэхнічнага універсітэту ў Вашынгтоне Кацярына Шмаціна:
ВІДЭА цалкам: https://youtu.be/CPlgYVB9itY
Лукашэнка адкрыў у Менску «кітайскі» басэйн
Сёньня ў Менску адкрылі новы басэйн, пабудаваны ў рамках супрацоўніцтва Беларусі і Кітаю. У цырымоніі адкрыцьця ўдзельнічалі Аляксандар Лукашэнка, кітайскі пасол у Беларусі Чжан Вэньчуань, беларускія спартоўцы і інш.
Лукашэнка ў звароце да спартоўцаў зазначыў, што фінансавая падтрымка з боку дзяржавы будзе залежаць ад іхных посьпехаў і выказаў незадаволенасьць вынікамі ў некаторых відах спорту, такіх як футбол:
https://smarturl.click/W3g3O
Кучынскі пра перамогу Трампа: «Падтрымка Беларусі двухпартыйная — і ад рэспубліканцаў, і ад дэмакратаў»
«Мы спадзяемся, што падтрымка дэмакратычнай Беларусі з боку ЗША працягнецца. Мы бачым на мінулых прыкладах нашай гісторыі супрацоўніцтва і калябарацыі, што падтрымка Беларусі двухпартыйная — і ад рэспубліканцаў, і ад дэмакратаў.
З гісторыі нашага супрацоўніцтва з рэспубліканцамі можна ўзгадаць, напрыклад, „Акт аб дэмакратыі ў Беларусі“ — яго распрацоўваў і цяпер распрацоўвае рэспубліканец Крыс Сьміт. У Кангрэсе ЗША створаныя кокусы, у якія таксама ўваходзяць рэспубліканцы — напрыклад, сэнатар Саліван, сэнатар Грэхам нас таксама падтрымлівае», — адзначыў Кучынскі:
https://smarturl.click/pp9pA
Ціханоўская: «У нас ёсьць кантакты з прадстаўнікамі Дональда Трампа»
Дэмакратычныя сілы Беларусі ў добрых стасунках з Рэспубліканскай партыяй ЗША, заявіла Сьвятлана Ціханоўская падчас брыфінгу на Сусьветным форуме за дэмакратыю ў францускім Страсбуры. Адказваючы на пытаньне Свабоды, як пасьля прыходу Дональда Трампа да ўлады ў ЗША зьменяцца адносіны гэтай краіны з дэмакратычнымі сіламі ў Беларусі, Ціханоўская, сказала:
«У нас ёсьць кантакты з прадстаўнікамі Дональда Трампа, мы ў добрых стасунках з Рэспубліканскай партыяй, і я амаль што ўпэўненая і хачу ў гэта верыць, што ЗША будуць моцна стаяць на сваіх прынцыпах, на якіх пабудаваная гэтая краіна. Гэта мір, правы чалавека, вяршэнства закону. Гэта тое, за што мы змагаемся».
https://smarturl.click/Yz9de
Лябедзька пра наступствы амэрыканскіх выбараў для Беларусі: «Інтрыга ўзьнікне, але рэзкіх зьменаў ня будзе».
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у парлямэнцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька тлумачыць імаверную перамогу Дональда Трампа тым, што яму спрыяў час правядзеньня выбараў.
Лябедзька мяркуе, што перамога Дональда Трампа не азначае страты падтрымкі ЗША для сілаў, якія прагнуць дэмакратычных зьменаў у Беларусі. Беларускі апазыцыйны палітык нагадаў, што ў Кангрэсе ЗША ўжо запушчаная працэдура прыняцьця Акту аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі і гэты працэс, як ён мяркуе, не спыніцца.
https://smarturl.click/2qZM0
Дональд Трамп набраў неабходную колькасьць галасоў, каб стаць прэзыдэнтам ЗША
Паводле шматлікіх паведамленьняў амэрыканскіх СМІ, у тым ліку AP і CNN, рэспубліканец Дональд Трамп набраў неабходныя 270 галасоў калегіі электараў для перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША, апярэдзіўшы прадстаўніцу дэмакратаў Камалу Гарыс.
Мапа прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША: https://smarturl.click/W3pWk
Лукашэнка назваў «капіталіста і мільярдэра» Дональда Трампа пераможцам на выбарах у ЗША
Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў у часе наведваньня і афіцыйнага адкрыцьця ў Менску басэйна міжнароднага стандарту, які пабудавалі кітайцы.
«Сёньня пра сацыялізм усё больш і больш пачынаюць гаварыць. Калі ў сярэдзіне 90-х, я памятаю, проста тапталі нагамі ўсе гэтыя азначэньні... Праўда, і ў Амэрыцы сёньня гэта нецэнзурнае слова, нават з вуснаў Трампа, які перамог, прэзыдэнта, які абвінавачваў Камалу Гарыс у тым, што яна сацыялістка і камуністка. Ён заўзяты капіталіст, Трамп, мільярдэр», — заявіў Аляксандар Лукашэнка, якога цытуе дзяржаўная прэса.
Пяць гадоў таму памёр Алесь Шут
6 лістапада 2019 году памёр Алесь Шут, беларускі лекар, палітык і грамадзкі дзяяч, дэпутат Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня ад БНФ.
Таксама 6 лістапада адзначае дзень нараджэньня палітзьняволеная рэдактарка Tut.by Марына Золатава. Яна сустракае сваё 47-годзьдзе за кратамі, куды трапіла ў выніку палітычнага перасьледу. Праваабарончая супольнасьць прызнала Золатаву палітзьняволенай.
Больш падзей гэтага дня ў гісторыі ў матэрыяле «Ўжо сёньня»: https://smarturl.click/EepLW
Трамп перамог у Джорджыі і амаль забясьпечыў сабе вяртаньне на пасаду прэзыдэнта ЗША
Былы прэзыдэнт Дональд Трамп, прэтэндэнт на пасаду ад Рэспубліканскай партыі, наблізіўся да вяртаньня ў Белы дом на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША пасьля перамогі ў двух «хісткіх» штатах Паўночнай Караліне і Джорджыі. У дзейнай віцэ-прэзыдэнткі Камалы Гарыс застаюцца толькі тэарэтычныя шанцы на перамогу.
Лік галасоў электараў 246:214 на карысьць рэспубліканца.
Трамп у выпадку перамогі стане другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграе выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
Мапа прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША: https://smarturl.click/W3pWk
Гарыс адклала зварот да прыхільнікаў
Камала Гарыс ня будзе зьвяртацца да сваіх прыхільнікаў у дзень выбараў, яна зробіць гэта на наступны дзень. Пра гэта заявіў выбарчы штаб кандыдаткі ў прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі.
Пакуль у галасах электараў Гарыс саступае Дональду Трампу 210 на 230.
Мурал у падтрымку Камалы Гарыс у Філядэльфіі, штат Пэнсыльванія
Трамп перамагае ў Паўночнай Караліне
Сталі вядомыя вынікі падліку галасоў у першым зь сямі «хісткіх» штатаў. Дональд Трамп сьвяткуе перамогу ў Паўночнай Караліне, паводле інфармацыі AP. Іншыя СМІ таксама паведамілі пра перамогу рэспубліканца ў штаце.
Варта заўважыць, што ў гэтым штаце рэспубліканцы перамаглі і ў 2020-м, аднак сёлета Паўночная Караліна расцэньвалася як месца, у якім могуць перамагчы дэмакраты.
Пры гэтым Гарыс перамагла ў штаце Орэган. Яна саступае Трампу ў агульным падліку 187:230.
На здымку плякат у падтрымку Трампа ў горадзе Франклін, Паўночная Караліна
Мапа прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША: https://smarturl.click/W3pWk
Абаронцы права на аборты саступілі ў Флёрыдзе, але перамаглі ў трох іншых штатах
Гэта першая перамога прыхільнікаў права на аборты ў цэлым па краіне пасьля таго, як у 2022 годзе Вярхоўны суд прыняў рашэньне, якое спыніла агульнае права на аборты.
https://smarturl.click/XyYk6
Трамп перамагае ў Мантане і Юце
Па галасах Дональд Трамп апярэджвае Камалу Гарыс 188 на 99. Дагэтуль няма ніводнага штату, дзе ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі зьмянілася б партыя, за якую прагаласавалі.
Для перамогі неабходныя 270 галасоў электараў. За вынікамі можна сачыць на інтэрактыўнай мапе на сайце Свабоды.
https://smarturl.click/W3pWk