hodnaby | Unsorted

Telegram-канал hodnaby - Годна

1435

Мы — каманда экспертак і экспертаў у пытанні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Усё будзе Годна! Падрабязней на https://hodna.org/ Зваротная сувязь: @hodna_by

Subscribe to a channel

Годна

Як мы даведаліся пра Курапаты?

У 1937 годзе жыхары вёскі Цна нават не здагадваліся, што адбываецца побач. Спачатку яны чулі стрэлы тры разы на дзень – раніцай, удзень і ўвечары. Але хутка вакол месца, адкуль даносіліся гукі, з’явіўся трохметровы плот, і стрэлы пачалі гучаць ноччу без перапынку. Самыя адважныя залазілі праз плот і бачылі жудаснае – у лесе расстрэльвалі людзей. Амаль паўстагоддзя яны маўчалі, бо за праўду самі маглі апынуцца за плотам.

Упершыню пра Курапаты пачалі гаварыць яшчэ ў 1957 годзе, калі будавалі кальцавую дарогу вакол Мінска. Будаўнікі выпадкова натрапілі на чалавечыя косткі і чарапы з дзіркамі ад куль. Але ўлады загадалі забыцца пра знаходку. І толькі праз трыццаць гадоў праўда выйшла на паверхню.

3 чэрвеня 1988 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» з’явіўся артыкул «Курапаты – дарога смерці», які напісалі Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў. Рэдактар Анатоль Вярцінскі рызыкнуў надрукаваць яго без зменаў, хоць цэнзура ўсё яшчэ дзейнічала, а КДБ пільна сачыў за ўсім. Васіль Быкаў напісаў прадмову – і артыкул стаў сапраўдным выбухам. Так людзі даведаліся, дзе пахаваныя іх родныя, што зніклі ў 30-я гады. Газету перапісвалі, перадавалі адно аднаму, увесь 50-тысячны тыраж раскупілі імгненна.

Было распачата следства. Улетку 1988 года пачаліся афіцыйныя раскопкі, якія выявілі масавыя захаванні. Экспертыза пацвердзіла: у Курапатах з 1937 па 1941 год расстралялі не менш як трыццаць тысяч чалавек. Але Зянон Пазняк сцвярджаў пра 220-250 тысяч забітых – вялікую частку магіл знішчылі падчас будаўніцтва МКАД.

У кастрычніку 1988 у Курапатах адбыўся вялікі марш і мітынг, куды прыйшло каля дзесяці тысяч людзей. Упершыню ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг і загучалі словы пра свабоду. Менавіта Курапаты сталі сімвалам нацыянальнага адраджэння і памяці пра тых, каго савецкая сістэма спрабавала сцерці з гісторыі.

💫 Наш Patreon
💫 Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Мы часта чуем пра Магдэбурскае права. Але ці памятаеце вы, што гэта такое?

Магдэбурскае права ўзнікла ў нямецкім горадзе Магдэбургу, адкуль і атрымала назву. Права давала гарадам магчымасць кіраваць сабой, мець уласны суд, самастойна збіраць падаткі і нават выбіраць мэра. Па сутнасці, гарады атрымлівалі шырокую аўтаномію ад князя ці караля, што ў сярэднявеччы было велізарнай рэдкасцю.

У Беларусі Магдэбурскае права пачало ўводзіцца ў XIV–XV стагоддзях, калі вялікія гарады, такія як Вільня, Берасце Слуцк, сталіся цэнтрамі гандлю і рамёстваў. Дзякуючы гэтаму прававому статусу гараджане маглі самастойна ўрэгуляваць многія жыццёвыя пытанні – ад будаўніцтва і арганізацыі рынкаў да суда і каральнага заканадаўства. Гэта стымулявала эканамічны рост і развіццё культуры, бо людзі пачыналі адчуваць, што іх голас мае значэнне.

Магдэбурскае права таксама ўплывала на сацыяльнае жыццё горада. Яно стварала магчымасць для з’яўлення гарадской буржуазіі, рамеснікаў і купцоў, якія маглі абараняць свае інтарэсы і ўдзельнічаць у кіраванні. Гэта быў крок да больш свабоднага грамадства, дзе важную ролю адыгрывалі не толькі князі, але і самі гараджане.

Такім чынам, Магдэбурскае права ў Беларусі – гэта не проста набор старых законаў. Гэта ключ да разумення таго, як у сярэднявеччы гарады сталі цэнтрамі жыцця, гандлю і культуры, а людзі – больш уплывовымі ў сваім жыцці. Яно паклала аснову для развіцця гарадской самакіравання і паказала, што свабода – гэта не толькі словы, але і рэальныя правы.

Ці было Магдэбурскае права на ўсход ад Беларусі? Так, але ёсць нюанс. Князі і цары хутка пачалі абмяжоўваць аўтаномію гарадоў: суды і мэры ўсё больш залежалі ад цэнтральнай улады, а падаткі і законы ўводзіліся з адзінага цэнтру. Таму магдэбурскае права ў масковіі не давала гараджанам сапраўднай свабоды, як гэта было ў Польшчы ці Беларусі.

💫 Наш Patreon
💫 Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

У 1582 годзе ў Рэчы Паспалітай пасля 4 кастрычніка наступіла адразу 15!

4 кастрычніка 1582 года быў уведзены так званы грыгарыянскі каляндар. Розніца паміж юліянскім і сонечным календаром на той момант ужо складала 10 дзён, таму пасля 4 кастрычніка адразу наступіла 15-га. Гэтая рэформа павінна была зрабіць больш дакладным вылічэнне Вялікадня і іншых святаў.

Рэч Паспалітая адразу прыняла новы каляндар. Але праз тое, што каляндар уводзіла менавіта каталіцкая царква і рымскі Папа, праваслаўныя адмаўляліся яго прымаць. А ў Полацку ў 1586 годзе нават узнялі каляндарны бунт, па выніках якога кароль і вялікі князь Стэфан Баторый дазволіў праваслаўным жыць па сваім календары.

Але пасля Брэсцкай царкоўнай уніі, якая аб’ядноўвала каталікоў і праваслаўных пад уладай рымскага Папы, усё адміністратыўнае жыццё перайшло на грыгарыянскі каляндар. У той час як царкоўныя святы дазволілі адзначаць па юліянскім календары.

У 1795 годзе на тэрыторыі Беларусі адбыўся каляндарны «крок назад». Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай усе землі Беларусі адышлі да расейскай імперыі, якая карысталася юліянскім календаром.

Толькі ў 1918 годзе ў Беларусь канчаткова вярнулі грыгарыянскі каляндар. Па ім мы зараз і жывем – але блытаніна ў перыяд 1795-1918 часам прымушае нас адзначаць некаторыя даты нават двойчы :)

💫 Наш Patreon
💫 Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Кажуць, Беларусь уз'ядналася ў 1939 годзе. Але хто яе падзяліў?

Учора ў Беларусі намагаліся святкаваць 17 верасня як дзень народнага адзінства. Гэта дзень, калі паводле пакта Молатава-Рыбентропа (Сталіна-Гітлера) СССР забраў тэрыторыю Заходняй Беларусі. Нам прапануюць радавацца таму, што гэта адбылося. Але давайце пойдзем далей і ўзгадаем, як жа так атрымалася, што Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Польшчы, а Усходняя – у складзе расеі.

У 1918 годзе Беларуская Народная Рэспубліка заявіла пра сваю незалежнасць у этнаграфічных межах рассялення беларусаў. Адразу дысклэймер: гэты тэкст не пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі да нашых суседзяў. Змяняць межы на падставе эфемернай «гістарычнай справядлівасці» – шлях у нікуды. Шлях, якім займаецца сучасная расея.

Дык вось, калі мы зараз паглядзім на тыя межы, то можам убачыць, што сучасная Беларусь значна меншая. Смаленск і Бранск цяпер у складзе расеі, Дзвінск (Даўгаўпілс) – у Латвіі, Вільня і Віленшчына – у Літве, Беласток і Падляшша – у Польшчы. Чаму? Бо так вырашыла расея.

Бальшавікі знішчылі незалежнасць БНР, утварылі марыянетачную ССРБ, прайгралі савецка-польскую вайну і адкупіліся ад палякаў Заходняй Беларуссю і Заходняй Украінай. У 1939 годзе яны вярнулі гэтыя тэрыторыі. Але Вільню адразу ж перадалі Літве ў абмен на вялікі кантынгент савецкіх войскаў у Літве. Ужо праз год Літва была акупаваная.

Беласток і Падляшша перадалі Польшчы ў 1945 годзе, бо СССР атрымаў Кёнігсберг. Які далучыў, канечне ж, не да Беларусі, а да РСФСР. А Смаленск і Бранск адабралі на карысць РСФСР яшчэ ў першай палове 1920-х – без аніякіх тлумачэнняў, проста таму, што маглі.

Уся гісторыя Беларусі ў ХХ стагоддзі – гэта гісторыя болю, пакутаў, забойстваў і стратаў. У тым ліку і тэрытарыяльных. І ўсё гэта зрабіла менавіта масква. Таму святкаваць 17 верасня – гэта тое ж самае, што святкаваць «уз’яднанне» Беларусі ў страўніку людажэра, гэта фактычна прызнаваць гаспадарства масквы над нашай зямлёй.

Нашая справа – не святкаваць боль, а трымацца свайго: мовы, культуры, памяці. Мы – беларусы, і што для нас свята – вырашаем мы самі.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Канцлагер у Бярозе – жудаснае месца, але ён не ідзе ні ў якое параўнанне з ГУЛАГам

У міжваеннай Польшчы, у Заходняй Беларусі ў мястэчку Бяроза-Картузская (зараз – проста Бяроза), з лета 1934 года да верасня 1939 года працаваў лагер, які ўлада называла «месцам ізаляцыі». Яго стварылі пасля забойства міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Пярацкага. 17 чэрвеня 1934 года прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі падпісаў распараджэнне, якое дазваляла трымаць людзей без суда, калі яны, на думку ўлады, «пагражаюць бяспецы і парадку».

Першыя вязні трапілі ў лагер у пачатку ліпеня 1934 года. Сюды траплялі камуністы, украінцы з Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (найбольш вядомы з іх – Раман Шухевіч), крытыкі ўрада, а таксама беларускія актывісты, што выступалі супраць паланізацыі.

Беларусаў у Бярозе было нямала. Гэта былі грамадскія дзеячы, настаўнікі, сябры культурных і палітычных арганізацый, якія патрабавалі правоў для беларускай мовы і культуры. Улады Другой Рэчы Паспалітай бачылі ў іх пагрозу і часта адпраўлялі ў лагер нават без канкрэтных абвінавачанняў.

Умовы ў лагеры былі жорсткія. Вязні жылі ў перапоўненых бараках, працавалі на цяжкіх фізічных работах, падвяргаліся «карным практыкаванням» – прымусовым маршам і прабежкам. Сведкі распавядалі пра збіцці, катаванні, знявагі з боку аховы. Афіцыйна тэрмін утрымання складаў тры месяцы, але яго маглі падаўжаць бясконца.

За ўвесь час існавання лагера праз яго прайшло каля 3 тысяч чалавек, з якіх памерлі 13. Адначасова там маглі ўтрымліваць ад 100 да 800 чалавек. Лагер ахоўвала паліцыя і жандармерыя. Кіраўніцтва жорстка кантралявала дысцыпліну, а за найменшае парушэнне правілаў вязні маглі трапіць у карцар – цесную і вільготную камеру без святла. Перапіска і спатканні з роднымі былі вельмі абмежаваныя.

У верасні 1939 года, калі Чырвоная армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, ахова лагера збегла, пасля чаго вязні разбегліся. Для многіх беларусаў гэта азначала канец пазасудовых рэпрэсій з боку польскай улады, але наперадзе іх чакалі новыя выпрабаванні ўжо пры савецкай уладзе.

Канцлагер у Бярозе-Картузскай быў сапраўды жудасным месцам, хаця і адзіным такім у міжваеннай Польшчы. І ўсё ж нягледзячы на жахлівыя ўмовы, яго немагчыма параўнаць з лагерамі ГУЛАГ, дзе ўтрымліваліся мільёны, а гінулі сотнямі тысяч. Савецкая і неасавецкая прапаганда актыўна выкарыстоўвалі тэму лагера ў Бярозе-Картузскай, перабольшваючы яго жорсткасць, каб адцягнуць увагу ад уласных масавых рэпрэсій і смерцяў у сістэме ГУЛАГ.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Як вы думаеце, на якой мове напісаны гэты тэкст?

«У Совецкім союзе любы совет большэвіка мог стаць абавязацельствам для цэлай комуны. Пролетарый беззаветна працаваў на дзяшовай фабрыцы, калі рэволюцыя ўспыхнула, як ачаг».

Так, гэты жудасна напісаны тэкст – беларуская мова. Такой яе зрабілі 92 гады таму – 26 жніўня 1933 года, калі прынялі пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Яе вынікам стала так званая «наркамаўка», якая ламала ўсе фанетычныя і марфалагічныя прынцыпы толькі каб наблізіць беларускую мову да расейскай.

Акадэмік Сямён Вальфсон (пазней ён хаваўся ад сталінскіх рэпрэсій) у сваёй кнізе «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі» заяўляў, што «нацдэмы» нібыта штучна выкарчоўвалі расейскія словы з беларускай мовы. А значыць, трэба ўсе гэтыя расейскія словы вярнуць. І, канечне, «узбагаціць» беларускую мову новымі словамі з расейскай мовы. Іншы савецкі акадэмік – Мікалай Мар – заяўляў, што «мова – гэта класавая з’ява» і што «на працягу ўсёй гісторыі адбываецца працэс скрыжоўвання моваў, які вядзе да поўнага зліцця ў адну мову ва ўсім свеце». І неяк так у яго зручна атрымлівалася, што чамусьці ўсе мовы мусілі зліцца менавіта ў расейскую.

Такім чынам акадэмікі падводзілі псеўданавуковую базу для русіфікацыі беларускай мовы. Так з беларускай мовы амаль зніклі мяккія знакі. І хоць пісаць стала зручней, шмат хто зараз вымаўляе замест мяккага СЬнег сухое цвёрдае Снег. Папрыбіралі «я» з часціцы «ня» перад націскам. Ну а правіла «інтэрнацыянальныя рэвалюцыйныя словы не падпарадкоўваць агульнаму правілу аб аканні» ўвогуле не з’яўляецца нічым іншым, як палітычнымі зменамі на карысць кан’юнктуры.

Акрамя гэтага – яшчэ 79 пунктаў, якія ламалі фанетыку і марфалогію беларускай мовы, набліжаючы яе да расейскай. Знакамітае правіла «як чуеш, так і пішаш» фактычна перастала працаваць, бо запісваем мы больш не так.

У 1959 годзе частку гэтых зменаў адмянілі – праект распрацоўвала камісія пад старшынствам Якуба Коласа і Кандрата Крапівы. У 2008 годзе правілы беларускай мовы былі ўдасканаленыя – сёння ў школах вывучаюць менавіта гэты акадэмічны правапіс.

І ўсё ж усе спробы забіць беларускую мову, зрабіўшы яе русіфікаванай, не далі таго выніку, на які разлічвала імперыя. Беларуская мова прайшла праз шмат зменаў, але галоўнае – яна захавалася. І менавіта ад нас залежыць, якой яна будзе далей.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Сёння ўкраінцы святкуюць Дзень Незалежнасці.

Бо менавіта ў гэты дзень, 24 жніўня 1991 года, Вярхоўная Рада прыняла гістарычны дакумент: Акт абвяшчэння незалежнасці Украіны. Да гэтага дакумента краіну прывёў Народны Рух Украіны, створаны ў 1989 годзе. Рух можна параўнаць з беларускім БНФ – толькі яшчэ больш уплывовым.

Але ў 1991 годзе ўкраінская дзяржаўнасць не стварылася, а аднавілася. Яшчэ ў 1918 годзе была абвешчаная Украінская Народная Рэспубліка. Дарэчы, яна прызнала БНР як незалежную дзяржаву. Дзяржаўнасць Украіны не абмяжоўваецца адной толькі УНР. Бо былі яшчэ Заходне-Украінская Народная Рэспубліка, Украінская Дзяржава Скарападскага і нават Зялёны Клін – гэта тэрыторыя на Далёкім Усходзе, дзе этнічную большасць складалі ўкраінцы, якія змагаліся за стварэнне сваёй дзяржавы. Можна паглыбіцца яшчэ далей і ўзгадаць Гетманшчыну, казакоў, Данілу Галіцкага, кіеўскіх князёў. Гісторыя Украіны вельмі багатая і толькі дурань можа казаць, што гэтую краіну прыдумаў ленін ці што яна з’явілася ў 1991 годзе.

Дарэчы, наконт 1991. Зараз прапагандысты любяць расказваць пра тое, як СССР разваліў «калектыўны Захад». Але ў рэальнасці прэзідэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы ў жніўні 1991 прылятаў ва Украіну і ўгаворваў украінцаў НЕ абвяшчаць незалежнасць. Ён назваў гэта, цытата, «суіцыдальным нацыяналізмам». І калі Польшча і Канада прызналі незалежнасць Украіны адразу ж пасля абвяшчэння, то ЗША цягнулі да 25 снежня 1991 года – да моманту, калі Гарбачоў склаў свае паўнамоцтвы і СССР знік.

Прапагандысты любяць узгадваць рэферэндум, дзе нібыта большасць выказалася за захаванне СССР. Але пытанне ў гэтым рэферэндуме было маніпулятыўным і гаворкі пра той СССР там па факце не было. Украінцы ў адказ правялі свой рэферэндум з адным простым пытаннем: «Ці пацвярджаеце вы Акт абвяшчэння незалежнасці Украіны?». У галасаванні прынялі ўдзел 84% грамадзянаў Украіны, з якіх больш за 90% падтрымалі абвяшчэнне незалежнасці.

Вось так і аднавілася ўкраінская дзяржаўнасць. І сёння мы віншуем нашых суседзяў з Днём Незалежнасці – і зычым ім, канечне, перамогі ў сваёй барацьбе за свабоду!

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Ці праўда, што літара Ў ёсць толькі ў беларускай мове?

Літара Ў – адзін з самых пазнавальных сімвалаў беларускай мовы. Мы прывыклі лічыць яе адным з выключна нашых сімвалаў, але – сюрпрыз! – літара Ў ёсць і ў некаторых іншых мовах. Хаця і не выключана, што беларусы маюць да гэтага дачыненне.

У беларускую кірыліцу гэты знак прыйшоў яшчэ ў ХІХ стагоддзі для перадачы гука [w], які адрозніваецца ад звычайнага «у». Ён афіцыйна замацаваўся ў правапісе Браніслава Тарашкевіча ў 1918 годзе і з таго часу стаў неад’емнай часткай беларускай графікі. Але далей яго гісторыя выйшла за межы Беларусі – і ў вельмі нечаканую лакацыю.

У 1920-х гадах савецкі ўрад перавёў пісьменнасць некаторых народаў Цэнтральнай Азіі з арабіцы на лацініцу. А ў 1939-1940-х у гэтай уніфікацыі пайшлі далей – лацініцу пачалі замяняць на кірыліцу. Але савецкія лінгвісты сутыкнуліся з праблемай: для гука [w], якога не існуе ў рускай мове, не было асобнай кірылічнай літары.

Таму вырашылі скарыстаць гатовы сімвал – беларускую Ў, бо яна абазначала амаль такі ж гук. Так літара Ў з’явілася ва ўзбекскай, таджыкскай, каракалпакскай і яшчэ некаторых цюркскіх мовах. І там яна праіснавала да пачатку 1990-х, пакуль краіны не вярнуліся да лацінкі. Хаця ў побыце дагэтуль жыве кірыліца.

А ў карачаева-балкарскай мове літару Ў вырашылі выкрасліць з пісьменнасці ў 1964 годзе. Хаця некаторыя лінгвісты настойваюць на яе выкарыстанні і сёння. Бо па выніку гук [w] як толькі не запісваюць – і звычайным У, і У́ з націскам, і зноў жа Ў.

Сёння літара Ў застаецца актыўнай у беларускай кірыліцы, але працягвае сустракацца ў кірылічных тэкстах узбекскай, каракалпацкай, таджыкскай савецкага перыяду. Яна прайшла доўгі шлях ад беларускага правапісу да міжмоўнага знака для перадачы гука [w], стаўшы прыкладам таго, як адзін нацыянальны сімвал можа атрымаць міжнароднае жыццё.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

14 жніўня 1385 года была падпісаная Крэўская унія паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім. Яе часта ўспрымаюць як аб’яднанне дзвюх дзяржаў, хаця гэта не так.

Што прывяло да уніі? Пасля смерці караля Людовіка Венгерскага ў 1382 годзе Польшча апынулася ў крызісе: краіна страціла частку тэрыторый, была пад пагрозай нямецкай экспансіі і не мела моцнага кіраўніка. Каралевай стала маладая Ядвіга, якой было ўсяго трынаццаць гадоў. ВКЛ таксама пагражалі – крыжакі і маскоўскія князі.

Так і з’явілася ідэя ўзаемавыгаднай уніі, паводле якой Ягайла мусіў ажаніцца на Ядвізе і стаць каралём Польшчы. Узамен ён абяцаў прыняць хрысціянства каталіцкага абраду, ахрысціць сваіх падданых і вызваліць палонных хрысціян.

Крэўская унія не аб’ядноўвала дзве дзяржавы ў адну. Дзве дзяржавы былі пад кіраўніцтвам аднаго манарха, але пры гэтым яны мелі свае законы і войска. Праўда, у дамове было шмат няпэўных фармулёвак, і ўжо тады не ўсе былі задаволеныя – шляхта ВКЛ баялася страты незалежнасці.

Пасля падпісання уніі Ягайла жыў у Польшчы, а справамі ВКЛ займаўся ягоны брат Скіргайла. Гэта прыводзіла да супярэчак і канфліктаў, таму ў 1392 годзе было падпісанае Востраўскае пагадненне, якое вызначыла, хто кіруе ВКЛ. Вялікім князем стаў Вітаўт, а Ягайла застаўся каралём Польшчы – пры гэтым Вітаўт прызнаваў яго «сюзерэнам».

Кропкі над ї расставіла Віленска-Радамская унія (1401), па якой Вітаўт быў кіраўніком ВКЛ, Ягайла – Польшчы, а іхнія дзяржавы мелі палітычны і ваенны саюз (але не з’яўляліся адзінай дзяржавай).

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Жанчына, якая не згінула пад ціскам імперыі. Ларыса Геніюш – гэта голас беларускай волі і гонару.

Яна нарадзілася 9 жніўня 1910 года каля мястэчка Воўпа, у Гродзенскай губерні. У дзяцінстве шмат чытала, любіла прыроду, захаплялася беларускай мовай і вершамі. Вучылася ў польскай школе, але там яна яшчэ мацней адчула сябе беларускай. І ўжо ў падлеткавым узросце пачала пісаць першыя вершы.

У 1935 годзе Ларыса выйшла замуж за беларуса Яна Геніюша, які вучыўся ў Празе на медыка, а ў 1937 годзе пераехала да яго. У эміграцыі яе паэтычны талент расквітнеў: яна друкуецца ў газетах, выступае, у 1942 годзе выдае першы зборнік «Ад родных ніў» – пра тугу па Радзіме, адарванасць і любоў да беларускага.

У Празе яна знаёміцца з Васілём Захаркам – прэзідэнтам Рады БНР, і неўзабаве становіцца не проста сяброўкай, а актыўнай дзяячкай. У 1943 годзе Ларысу прызначаюць генеральнай сакратаркай Урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна захоўвае і ўпарадкоўвае архівы БНР, дапамагае эмігрантам, палітычным уцекачам, беларускім ваеннапалонным.

Але ўжо ў 1948 годзе Ларысу і Яна арыштоўвае савецкая дзяржава. Іх сілай вывозяць з Чэхаславакіі. У 1949 годзе яны атрымліваюць жорсткі прысуд: 25 гадоў лагераў ГУЛАГу – нібыта за антысавецкую дзейнасць. У нечалавечых умовах Ларыса не губляе духу, дапамагае іншым, захоўвае чалавечнасць.

У 1956 годзе, пасля смерці Сталіна, яе вызваляюць. Але савецкае грамадзянства Геніюш не прымала прынцыпова. За гэта яна расплачваецца абмежаваннямі: пад наглядам КДБ, без магчымасці друкавацца, без права пакінуць СССР. Яе не чапалі, але і жыць вольна не давалі.

Ларыса Геніюш пасялілася ў Зэльве, у маленькай драўлянай хаце каля касцёла. Працавала ў бібліятэцы, пісала вершы – галоўным чынам для дзяцей, бо толькі іх дазвалялі друкаваць. Але і ў гэтых радках было тое ж самае: сумленне, дабрыня, глыбіня.

Памерла яна ў 1983 годзе. На яе пахаванні не проста сабралася ўся Зэльва – з родных куткоў Беларусі прыязджаў увесь цвет нацыі, сярод якіх Уладзімір Арлоў, Адам Мальдзіс.

Да самай смерці Ларыса Геніюш засталася непакорлівай. Яе не рэабілітавалі, не вярнулі грамадзянства, але для беларусаў яна – грамадзянка вольнай Беларусі.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Сёння мы адзначаем дзень беларускага друку. Бо менавіта ў гэты дзень, 6 жніўня 1517 года, Францыск Скарына надрукаваў у Празе першую кнігу на мове, якую зразумеў бы просты чалавек з ВКЛ. Гэта быў Псалтыр – зборнік малітваў і песняў са Старога Запавету. З гэтага моманту і пачалася гісторыя беларускага кнігадрукавання.

У той час большасць кніг у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе друкавалася на лацінскай, а ва Усходняй – на не менш цяжкай для разумення царкоўнаславянскай. Скарына зрабіў інакш: ён пераклаў Біблію на мову, блізкую да старабеларускай, і надрукаваў яе кірыліцай. Яго мэта была простая і вялікая – каб кожны, нават непісьменны, мог зразумець, пра што гаворыць Слова Божае. Вось чаму, як піша Францыск Скарына ў прадмове, ён «загадаў “Псалтыр” ціснуці рускімі словамі славянскае мовы».

А яшчэ ў прадмове да кнігі Скарына піша, што зрабіў яе «дзеля карысці простага люда» і для «дзетак свайго народа». У гэтых словах – уся сутнасць Скарыны як асветніка і гуманіста.

Псалтыр Скарыны – гэта не проста тэкст. Кожная старонка ўпрыгожаная арнаментамі, гравюрамі, асабістымі прадмовамі і пасляслоўямі. Ён звяртаўся да чытача як да роўнага, тлумачыў складаныя рэчы простай мовай, гаварыў пра сумленне, дабрыню, адказнасць перад Богам і народам.

Псалтыр стаў першай кнігай з вялікай серыі. За ім былі 23 кнігі Бібліі, і ўсе яны былі зразумелыя жыхарам ВКЛ. Гэта быў пачатак не толькі беларускага, але і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Францыск Скарына апярэдзіў паслядоўнікаў амаль на 50 гадоў. У гісторыі ён назаўсёды застаецца першадрукаром з Полацка, які сказаў: «Кніга – крыніца мудрасці, ведаў і святла».

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

У гонар гэтага беларуса названыя горы, мінерал, астэроід, дыназаўр і кактус. Але пра яго ў нас ведаюць не ўсе.

31 ліпеня 1802 года нарадзіўся Ігнат Дамейка – вядомы беларускі вучоны і наш славуты зямляк, удзельнік паўстання 1830 – 1831 гадоў. У яго гонар былі названыя горы, мінерал дамейкіт, астэроід, род рыбаў, кактус, малюск, фіялка і нават род дыназаўраў!

Палякі называюць яго сваім вучоным, расейцы часта пішуць пра «расейскага вучонага польскага паходжання». А кім жа ён быў сам для сябе? Ігнат Дамейка ў лісце да Адама Міцкевіча пісаў:

«Натуральна, перарадзіцца я нiколi не здолею і спадзяюся на Бога, што я – ці ў Кардыльерах, або каля Панар (Вільня) – усё роўна памру літвінам...»


Ігнат Дамейка быў адным з найвядомейшых выпускнікоў Віленскага ўніверсітэта. Сябра таварыства філаматаў, ён быў арыштаваны ў 1823 годзе, а падчас паўстання 1830 – 31 гадоў ваяваў разам з Эміліяй Плятэр. Пасля паразы эміграваў у Дрэздэн, дзе зноў сустрэўся з Адамам Міцкевічам.

Пазней яны разам перабраліся ў Парыж. Там Ігнат вучыўся ў Горнай школе і па выніках вучобы стварыў геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту земляў былой Рэчы Паспалітай. Дамейка стаў адным з першых беларускіх географаў – і, безумоўна, самым вядомым з іх.

У 1837 годзе ён пераехаў у Чылі і стаў прафесарам горнай школы ў Ла-Сэрэна, на поўдні краіны. Сёння гэты ўніверсітэт носіць яго імя. Пазней Ігнат стаў рэктарам Чылійскага ўніверсітэта і займаў гэту пасаду цягам 16 гадоў.

У Чылі Ігнат Дамейка:

– праводзіў мінералагічныя даследаванні,
– засноўваў навучальныя ўстановы,
– арганізаваў метэаралагічную службу,
– стаў заснавальнікам чылійскай школы геалогіі.

А яшчэ ён напісаў 130 навуковых прац на іспанскай і французскай мовах.

У 1884 годзе Дамейка вярнуўся ў Еўропу: наведаў Парыж, дзе сустрэўся з сям’ёй Міцкевіча, а потым паехаў у Кракаў, Варшаву, Вільню, Мір, Наваградак і сваю родную Мядзведку. Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве надаў яму званне ганаровага доктара.

Летам 1888 Ігнат Дамейка вяртаецца ў Чылі – але па дарозе ён захварэў і памёр у студзені 1889 года. У дзень яго пахавання ў Чылі абʼявілі нацыянальную жалобу. Дагэтуль Дамейка лічыцца нацыянальным героем паўднёваамерыканскай дзяржавы.

Але ягоныя нашчадкі добра ведаюць свайго славутага продка – і ў 2017 годзе нават прыязджалі ў Беларусь.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Голад, разруха, эпідэміі: 111 гадоў з пачатку вайны, якую ў Беларусі амаль не згадваюць

Першая сусветная вайна пачалася 28 ліпеня 1914 года – і стала для Беларусі маштабнай трагедыяй, пра якую сёння амаль не гавораць. Каля 900 тысяч жыхароў тагачаснай Беларусі былі мабілізаваныя ў шэрагі расейскай арміі, з якіх 70 тысяч загінулі на фронце. Яшчэ 60 тысяч мірных жыхароў сталі ахвярамі баявых дзеянняў, голаду і хваробаў. Не менш за 50 тысяч чалавек былі сілай вывезеныя ў Германію на прымусовыя працы.

Пад ціскам вайны і акупацыі на ўсход рушыў паток уцекачоў. Расейскія ўлады загналі ва ўцякацтва ад 1,5 да 2,2 мільёна чалавек. У выніку Беларусь страціла ледзь не палову тагачаснага насельніцтва.

У кастрычніку 1915 фронт надоўга стабілізаваўся на лініі Дзвінск – Паставы – Баранавічы – Пінск. Уся Заходняя Беларусь апынулася пад нямецкай акупацыяй. На акупаваных немцамі тэрыторыях пачаліся масавыя рэквізіцыі і прымусовыя павіннасці. Насельніцтва прымушалі капаць акопы, рамантаваць дарогі, будаваць масты, ахоўваць аб’екты. Сілаю забіралі жывёлу, збожжа, адзенне, абутак.

Падобныя рэквізіцыі праводзілі і расейскія ўлады: напрыклад, у Віцебскай губерні з чэрвеня 1914 да чэрвеня 1915 было забрана 120 000 галоваў буйной рагатай жывёлы – яе пагалоўе скарацілася на 21,5%. У сельскай гаспадарцы панавала разруха: больш за палову працаздольных мужчын забралі на фронт. Толькі з Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў гэта 634 400 чалавек. У выніку скараціліся пасевы жыта на 18,7%, пшаніцы – на 22,1%, а бульбы – на 34,2%.

На фоне галечы, голаду і перанаселенасці ў тылавых раёнах і лагерах уцекачоў успыхнулі эпідэміі – тыф, халера, іншыя інфекцыйныя хваробы.

Страты Беларусі былі параўнальныя са стратамі Бельгіі, дзе жыло прыкладна столькі ж людзей – каля 7 мільёнаў. Бельгію лічаць адной з галоўных ахвяраў вайны, а пра Беларусь часта забываюцца. Прычым і ў самой Беларусі: калі з Другой сусветнай улады зрабілі сапраўдны прапагандысцкі культ, то помнікаў ахвярам Першай сусветнай у Беларусі амаль няма, а тыя, што ёсць, знаходзяцца ў асноўным у Заходняй Беларусі і з’явіліся за рэдкімі выключэннямі ў 1921 – 1939.

Першая сусветная вайна раскалола беларускія землі паміж Германіяй, Польшчай і расеяй, паклаўшы пачатак падзелу краіны і вялікага нацыянальнага змагання за незалежнасць, якое задушылі бальшавікі і палякі.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Сёння дзень памяці Наталлі Арсенневай.

Гэта жанчына, якая прайшла праз вайну, арышты, эміграцыю – і ўсё роўна пісала пра Беларусь, малілася за яе і жыла ёй нават за тысячы кіламетраў ад дому. Яна нарадзілася ў Баку, жыла ў Яраслаўлі, а па-сапраўднаму стала беларускай у Віленскай беларускай гімназіі. Яна не ведала беларускай мовы, але сама вывучыла яе.

Наталлю вучылі Максім Гарэцкі, Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч і іншыя дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння. Ужо ў 14 гадоў яна пісала вершы, але па-руску. Наталля Арсеннева пазней адзначала: «Па праўдзе, я стала беларускай паэткай толькі ўвосень 1920 года». У 1927-м годзе выйшаў першы зборнік – «Пад сінім небам».

Яе жыццё такое ж трагічнае, як гісторыя ўсёй Беларусі XX стагоддзя. У 1940-м яе арыштоўвае НКУС і ссылае ў Казахстан. Потым яна вяртаецца, жыве ў Мінску падчас нямецкай акупацыі, перакладае класіку, піша тэксты да беларускіх операў, губляе сына ў 1943. Менавіта тады з-пад яе пяра выходзіць «Магутны Божа». Гэта не проста верш – гэта твор, які стаў народным малітоўным гімнам. У незалежнай Беларусі яго выбралі нацыянальным гімнам, але ў 1995 годзе пракамуністычны парламент адмовіўся зацвердзіць «Магутны Божа».

У 1944-м яна зноў вымушаная бегчы – спачатку ў Германію, потым у ЗША. Там Арсеннева працуе на заводзе, піша ў газеты, удзельнічае ў жыцці беларускай дыяспары, стварае новыя вершы і пераклады, працуе на Радыё Свабода. Яна не забылася Беларусь ні на дзень. Хаця яе намагаліся выкрасліць з беларускага жыцця: яе творы былі забароненыя падчас савецкай акупацыі, а ў беларускай школьнай праграме зараз яе проста не існуе. Прапаганда спрабавала ачарніць яе і назваць калабаранткай – як і любых апанентаў савецкай дзяржавы, якія марылі пра незалежную Беларусь.

Наталля Арсеннева – гэта голас, які прабіваецца праз забароны, праз страх, праз чужыну. Яе творчасць – гэта туга па Беларусі. Гэта мова, што не зламалася нават у выгнанні. І калі сёння гучыць «Магутны Божа», гэта значыць, што яна ўсё яшчэ з намі.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Унія ВКЛ са Швецыяй замест Польшчы? Было і такое!

Мы ўжо расказвалі пра Гадзяцкую унію, якая магла пераўтварыць канфедэрацыю Польшчы і ВКЛ у Рэч Паспалітую Трох Народаў. Тая унія прымалася на фоне вайны з маскалямі і складаным становішчам Рэчы Паспалітай. А цяпер раскажам пра іншую спробу ўратаваць Вялікае Княства Літоўскае ад масквы.

Гаворка ідзе пра Кейданскую унію. Гэтая дамова была падпісаная 20 кастрычніка 1655 года ў горадзе Кейданы (зараз Кедайняй) паміж прадстаўнікамі Вялікага Княства Літоўскага і Швецыі. Згодна з уніяй, ВКЛ выходзіла з Люблінскай уніі з Польскім каралеўствам і пераходзіла пад шведскі пратэктарат. Гэта была спроба вылучыць ВКЛ з-пад кантролю Рэчы Паспалітай у вельмі складаных умовах вайны.

Што стала падставай да Кейданскай уніі?

На той момант ішла вайна з маскоўскім царствам (1654 – 1667), вядомая як Крывавы Патоп. Падчас гэтага маскалі занялі вялікую частку тэрыторыі ВКЛ і знішчылі 2/3 насельніцтва ВКЛ, а Польшча не здолела эфектыўна дапамагчы. Тады частка эліты на чале з Янушам Радзівілам (вялікі гетман) і яго стрыечным братам Багуславам Радзівілам вырашыла заключыць саюз са Швецыяй, каб выратаваць краіну. Дамову падпісалі больш за тысячу прадстаўнікоў шляхты ВКЛ.

Што прадугледжвала дамова?

– ВКЛ захоўвала самастойнасць, але прызнавала пратэктарат шведскага караля Карла X Густава.
– Абяцалася свабода веры і захаванне традыцый і законаў ВКЛ.
– Шведы абавязваліся дапамагчы ў барацьбе супраць масквы.

Чым усё скончылася?

Кейданская унія так і не была рэалізаваная цалкам, бо:

– У ВКЛ і Польшчы ўзнялася хваля супраціву супраць рашэння Радзівілаў.
– Шведы так і не здолелі забяспечыць абарону ВКЛ.
– У 1656 годзе Януш Радзівіл памёр, а Багуслаў уцёк з краіны.

Пасля гэтага ВКЛ вярнулася ў склад Рэчы Паспалітай, і Кейданскую унію пачалі лічыць здрадай. Але з гістарычнага пункту гледжання гэта была спроба знайсці альтэрнатыўны шлях захавання дзяржаўнасці ў крызісны момант.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Лёс Францішка Аляхновіча – адзін з самых трагічных і адначасова наймацнейшых сімвалаў беларускага лёсу ў ХХ стагоддзі. Ён быў інтэлігентам, пісьменнікам, рэжысёрам, чалавекам еўрапейскай культуры, які ўсё жыццё марыў пра незалежную Беларусь. Як і многія ягоныя сучаснікі, ён паверыў у абяцанні бальшавікоў пра «свабодную Беларусь» у складзе БССР. І гэтая вера ледзь не стала для яго смяротным пакараннем.

У лістападзе 1926 года Аляхновіч пераехаў з Вільні ў Менск, спадзеючыся, што ў Савецкай Беларусі можна будзе працаваць на роднай мове і служыць беларускай культуры. Але ўжо 1 студзеня 1927 ён быў арыштаваны. Так Аляхновіч вельмі хутка зразумеў, што за прыгожымі лозунгамі хаваецца жорсткі рэжым.

Яго асудзілі на 10 гадоў, якія ён адбываў у жахлівых лагерах Салавецкага архіпелагу. Ён апісаў гэты досвед у кнізе «У кіпцюрох ГПУ», першай у Еўропе праўдзівай кнізе пра савецкі тэрор. Яна стала шокам для тых, хто верыў у «сацыялістычны рай». Кнігу чыталі ў Польшчы, Італіі, нават у Бразіліі – і многія ўпершыню даведаліся, што хаваецца за прыгожай савецкай шыльдай.

У 1933 годзе яго абмянялі на Браніслава Тарашкевіча. Здавалася, што Аляхновіч урэшце ўратаваўся і атрымаў права гаварыць адкрыта пра праўду, якую ўбачыў. Але бальшавікі працягвалі пераследаваць яго. У 1939 годзе саветы занялі Вільню. Аляхновіч два гады хаваўся ад іх, пакуль не прыйшлі нацысты. А ў 1944 годзе да пісьменніка ўсё ж дацягнуліся бальшавікі – ва ўласнай кватэры яго забілі савецкія партызаны на чале з Сіманавічусам.

Гісторыя Аляхновіча – гэта папярэджанне. Людзі любяць самападман, любяць верыць у чароўныя казкі. Так і Францішак Аляхновіч паверыў у прыгожыя лозунгі, але сутыкнуўся з рэальнасцю імперыі, якая знішчае ўсіх, хто думае інакш. Ён вярнуўся з пекла, каб расказаць, і заплаціў за гэта жыццём. І таму ягонае «У кіпцюрох ГПУ» – не проста кніга, а крык Беларусі, якая не раз трапляла ў тыя самыя кіпцюры.

💫 Наш Patreon
💫 Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Ці чулі вы пра Крывавы патоп?

Гэта адзін з самых страшных перыядаў у гісторыі Беларусі, калі захопнікі знішчылі каля паловы насельніцтва і ператварылі на руіны палову тэрыторыі ВКЛ.

Крывавы патоп – так гісторыкі называюць страшны перыяд з 1654 па 1667 год, калі Маскоўскае царства распачало вайну супраць Вялікага Княства Літоўскага. Афіцыйна Масква казала, што ідзе «вызваляць праваслаўных», але насамрэч гэта была звычайная агрэсія, захоп чужых зямель і багаццяў. Пад удар трапіла менавіта беларуская частка ВКЛ – гарады, вёскі, святыні і людзі.

Улетку 1654 года маскоўскае войска разам з казакамі ўвайшло на беларускія землі. Яны хутка занялі Смаленск, Віцебск, Магілёў, Оршу, Мінск, а потым дайшлі нават да Вільні. Гарады рабаваліся, мірных жыхароў забівалі або гналі ў няволю. У Вільні было спалена каля дзевяноста адсоткаў забудовы і вывезены практычна ўвесь метал (нават пазалоту з купалоў храмаў). Сталіца ВКЛ ператварылася ў попел.

Асабліва жорсткай была акупацыя. Маскоўскія ваяры не толькі палілі і забівалі, але і вывезлі дзясяткі тысяч беларусаў у няволю ў расею. Людзей прымусова перасялялі, каб «засяліць пустыя месцы» вакол масквы. У выніку за гэтыя гады загінула ці знікла больш за палову насельніцтва беларускіх земляў – у некаторых рэгіёнах нават дзевяць з дзесяці чалавек.

Беларускія гарады апусцелі. Гандаль спыніўся, рамёствы заняпалі, палі былі закінутыя. ВКЛ страціла не толькі людзей, але і сваю эканамічную моц. Гэтыя падзеі былі сапраўднай катастрофай для краіны – не менш страшнай, чым Другая Сусветная вайна.

У 1667 годзе вайна скончылася падпісаннем Андрусаўскага перамір’я. Масква пакінула за сабой Смаленск і ўсходнюю частку Беларусі. Так Вялікае Княства страціла вялікія тэрыторыі, а Беларусь – сотні тысяч сваіх сыноў і дачок. Крывавы патоп стаў сімвалам таго, што «вызваленне» з усходу заўсёды азначала няволю і разбурэнне.

💫 Наш Patreon
💫 Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Ці праўда, што сталін павялічыў тэрыторыю Беларусі і беларусы павінны яму быць удзячнымі?

Цікавы міф. Давайце разбяром яго.

Пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе яе ўрад вызначыў тэрыторыю ў этнічных межах – з Вільняй, Гродна, Дзвінскам, Віцебскам, Магілёвам, Смаленскам, Бранскам і Гомелем. Давайце адразу важны дысклэймер: мы не кажам пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі да суседзяў. Беларусі не трэба заваёўваць землі, якія калісьці былі беларускімі. Але варта памятаць, як бальшавікі знішчалі Беларусь – у тым ліку і тэрытарыяльна.

У 1919-1920 бальшавікі знішчылі БНР і стварылі сваю БССР, з якой выразалі вялікія кавалкі гэтых земляў. Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні яны перадалі РСФСР, Вільню, Віленшчыну і нават Гродна з Лідай падарылі Літве, Дзвінск (сучасны Даўгаўпілс) аддалі Латвіі. А пасля Рыжскай дамовы ў 1921 Заходняя Беларусь разам з Гродна, Наваградкам, Брэстам і Пінскам трапілі ў склад Польшчы. У выніку бальшавікі звялі Беларусь фактычна да Мінскай губерні і некалькіх суседніх паветаў.

Сітуацыя пачала змяняцца ў сярэдзіне 1920-х гадоў. маскве для прапаганды патрэбная была не толькі «Мінская губерня», а паўнавартасная савецкая рэспубліка. Гэта адпавядала палітыцы карэнізацыі, якая рабілася, каб прывабіць мясцовае насельніцтва на бок савецкай улады. Таму ўзбуйненне БССР падавалася як «справядлівае вяртанне беларускіх зямель» і павінна было паказаць беларусам, што савецкая ўлада нібыта падтрымлівае іх нацыянальныя інтарэсы.

У студзені 1924 адбываецца першае ўзбуйненне: з РСФСР у склад БССР перадаюць землі Віцебскай, Смаленскай (без Смаленска) і Гомельскай губерняў. Тады Беларусь павялічылася амаль у два разы. Другое ўзбуйненне адбылося ў снежні 1926, калі БССР вярнулі Гомель і наваколлі, што дагэтуль заставаліся ў складзе РСФСР. Мусіла адбыцца і трэцяе – са Смаленскам і Бранскам. Але мясцовыя ўлады, якія складваліся з расейскіх бальшавікоў, супраціўляліся гэтаму – і трэцяе ўзбуйненне не адбылося.

Заходняя Беларусь, якую саветы самі аддалі Польшчы, вярнулася ў склад БССР 1939 года. Але без Вільні, якую бальшавікі аддалі Літве, каб пасля акупаваць яе і стварыць Літоўскую ССР. А ў 1945 годзе Беласток і Падляшша перадалі ўжо камуністычнай, а значыць саюзнай, Польшчы.

Вось і атрымліваецца, што спачатку бальшавікі захапілі краіну, якая абвясціла незалежнасць, пакінулі ад яе адну губерню, пасля для прапаганды частку вярнулі назад – і цяпер іхнія нашчадкі кажуць пра тое, якія беларусы няўдзячныя. Дзякуй, каб вас качкі тапталі.

💫 Наш Patreon
💫 Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

«Бронюсь, куды ты ідзеш?»

Найвядомейшы абмен беларускімі палітзняволенымі адбыўся ў 1933 годзе. Тады на станцыі Коласава СССР і Польшча абмянялі Францішка Аляхновіча на Браніслава Тарашкевіча.

Францішак Аляхновіч у 1926 годзе пад уплывам навін пра поспехі беларусізацыі і росквіту беларускай культуры ў БССР пакінуў Вільню і пераехаў у Менск. Ён нават атрымаў пасаду літаратурнага кіраўніка Другога дзяржаўнага тэатра ў Віцебску. Але ўжо 1 студзеня 1927 года яго арыштавалі па абвінавачанні ў «шпіянажы на карысць буржуазнай Польшчы». Нягледзячы на хадайніцтвы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі і іншых пісьменнікаў, прысуд быў жорсткім: дзесяць гадоў катаргі. Аляхновіча адправілі на Салаўкі – адзін з самых жудасных лагераў савецкай сістэмы.

У Польшчы тым часам быў арыштаваны Браніслаў Тарашкевіч – аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ». У міжваеннай Польшчы ён быў прабеларускім палітычным дзеячам, які адкрыта сімпатызаваў СССР за ўсё тыя ж поспехі ў беларусізацыіі БССР. У 1927 годзе яго асудзілі на восем гадоў турмы. У 1933 годзе польскія ўлады прапанавалі савецкім абмяняць Тарашкевіча на Аляхновіча.

Аляхновіч у сваіх мемуарах апісаў, як, выходзячы з боку СССР, прачытаў на сцяне надпіс «Коммунизм сметет все границы», які бачыў яшчэ ў 1926-м, калі з верай у беларусізацыю ехаў у БССР. Але цяпер, праз катаргу, ён ішоў у адваротным кірунку – з Саветаў на Захад. «Тады я ехаў з надзеяй у сэрцы, цяпер вяртаюся, працверазнелы, але шчаслівы, што зноў ступлю на зямлю, дзе можна вольна дыхаць», – успамінаў ён.

Савецкі вязень Аляхновіч быў апрануты ў падзёрты кажух і лагерны бушлат, а польскі вязень Тарашкевіч ішоў у чыстым паліто, капелюшы і вычышчаных ботах. Па легендзе Аляхновіч, які пасля пра свой лагерны досвед напіша кнігу «У кіпцюрох ГПУ», спытаў у Тарашкевіча: «Бронюсь, куды ты ідзеш?».

Замест дзесяці гадоў катаргі Аляхновіч атрымаў дзесяць гадоў жыцця на волі. Тарашкевіча сустрэлі ў Менску як героя, але ўжо ў 1937 годзе яго арыштавалі. Пасля катаванняў, якія доўжыліся 9 месяцаў, Тарашкевіча расстралялі.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. І для Беларусі яна таксама пачалася ў гэты дзень – калі першыя нямецкія бомбы ўпалі на Брэст. Мы шмат ведаем пра абарону Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе, але дзяржава амаль нічога не расказвае пра Брэсцкую крэпасць у 1939. А тады яе таксама абаранялі беларусы ад нацыстаў.

З 1939 па 1944 гады па Беларусі катком прайшліся два таталітарныя рэжымы. Спачатку – нацысты, пасля – бальшавікі. І таму страты Беларусі ў Другой сусветнай вайне былі аднымі з самых вялікіх у Еўропе. Па розных падліках, загінула ад 25% да 30% жыхароў – каля трох мільёнаў чалавек.

Было разбурана больш за 200 гарадоў і пасёлкаў з 270 – то бок, прыкладна 75%. З 92 тысяч вёсак знішчылі 9 тысяч, з якіх 150 спалілі разам з жыхарамі. З 800 тысяч габрэяў, што жылі ў Беларусі, амаль усе загінулі падчас Халакосту. Прыкладна 700 тысяч беларусаў ваявалі на фронце і былі забраныя ў Чырвоную армію.

Агулам краіна страціла каля 45-50% свайго нацыянальнага багацця – большасць заводаў і фабрык была знішчаная або вывезеная, чыгункі, масты і дарогі былі разбураныя, гарадская забудова стала руінамі. У асобных рэгіёнах маштаб разбурэнняў дасягаў 80-90%.

Гэтая вайна мусіць быць урокам, каб такое ніколі больш не паўтаралася. Нельга рабіць яе часткай мілітарызаванай прапаганды. Памяць пра ахвяры павінна натхняць нас на захаванне мірнага жыцця і годнасці, а не наадварот.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет прыняў гістарычнае рашэнне – надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона. Гэта быў фактычны акт набыцця рэальнай незалежнасці – краіна канчаткова выйшла з-пад улады расеі.

Шлях да гэтага акта пачаўся 27 ліпеня 1990 года, калі парламент прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце – хоць яна ўспрымалася камуністамі як фармальны акт. Дэпутаты БНФ яшчэ ў красавіку прапанавалі сваю дэкларацыю, якую не прынялі. Пазней камуністы прапанавалі сваю – прынцыпова замест БНФаўскай.

Падчас галасавання дэпутаты ад БНФ пакінулі залу ў знак пратэсту – гэта быў палітычны ход, каб прымусіць камуністаў хаця б прыняць сваю ўласную версію дэкларацыі. У ёй быў адзін пункт, супраць якога БНФ рашуча выступаў, – магчымасць уступлення ў ваенныя саюзы. Астатнія ж палажэнні камуністы перанялі часткова і з дэкларацыі БНФ, таму тэкст не быў цалкам шкодны. Крытычным на той момант было, каб дэкларацыя ўвогуле была прынятая.

Але ўжо на наступны дзень камуністы самі паспрабавалі яе адмяніць, бо ўспрымалі як небяспечны крок і ўсё яшчэ лічылі яе фармальнай.

Сітуацыя да жніўня 1991 года ўжо была крытычнай: у пачатку года савецкая эканоміка развальвалася, паўсюдна не хапала прадуктаў, пачаліся масавыя пратэсты і забастоўкі. У гэтай абстаноўцы савецкае кіраўніцтва рыхтавалася да захавання ўлады любым коштам. 18 жніўня быў створаны ГКЧП — Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы, у які ўвайшлі вышэйшыя функцыянеры КПСС, кіраўнікі КДБ, прадстаўнікі арміі і міністэрства ўнутраных спраў. Яны спрабавалі спыніць распад СССР і не дапусціць падпісання новай саюзнай дамовы, якая давала рэспублікам большую самастойнасць.

Путч праваліўся праз некалькі дзён, але менавіта ён стаў трыгерам, пасля якога рэспублікі пачалі абвяшчаць незалежнасць адна за адной. Беларусь зрабіла гэта 25 жніўня 1991 года, стаўшы шостай краінай СССР, якая юрыдычна замацавала сваю незалежнасць.

Дэпутаты БНФ склікалі пазачарговую сесію, вывелі людзей на вуліцы – і пад ціскам грамадства 25 жніўня 1991 года дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закона. Менавіта гэта стала краевугольным момантам незалежнасці.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

23 жніўня адзначаецца Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў нацызму і сталінізму. Гэтая дата была абраная невыпадкова – у гэты дзень у 1939 годзе быў падпісаны так званы пакт Молатава-Рыбентропа, які падзяліў Усходнюю Еўропу паміж Гітлерам і Сталіным. Для Беларусі гэта быў чарговы трагічны перыяд гісторыі.

У хуткім часе Беларусь апынулася ў эпіцэнтры супрацьстаяння дзвюх таталітарных сістэмаў. Спачатку – сталінскія рэпрэсіі, масавыя высылкі і расстрэлы. Пасля – нацысцкая акупацыя, якая прынесла мільёны ахвяраў, спаленыя вёскі, знішчаныя гарады. Наш край страціў не менш за чвэрць, а то і трэць насельніцтва. І гэта адна з самых вялікіх стратаў у свеце падчас Другой сусветнай вайны. На вайне ўсё не скончылася: пасля яе працягвалася палітыка савецкай улады па знішчэнні нацыянальнай ідэнтычнасці, русіфікацыя і пераслед іншадумцаў.

Таму 23 жніўня для беларусаў – гэта дзень памяці ўсіх, хто загінуў ад дзвюх дыктатур, якія роўна ў той дзень падпісалі ўгоду пра падзел народаў і тэрыторыяў. Памяць пра гэтыя трагедыі – гэта не толькі даніна мінуламу, але і папярэджанне, што таталітарныя рэжымы заўсёды прыносяць разбурэнне і смерць.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Студзень, сакавік, жнівень і снежань? А можа стычань, марац, серпень і грудзень? 🧐

Мы з дзяцінства ведаем, што восьмы месяц года – гэта жнівень. І ў нейкі момант прыходзіць здзіўленне ад асэнсавання таго, што ў іншых славянскіх мовах гэта серпень або аўгуст. А жнівень існуе толькі ў беларусаў!

Як так атрымалася, што ў нас не серпень?

Насамрэч, у беларускіх тэкстах «серпень» сустракаецца ўжо ў XVI-XVIII стагоддзях. Так у сваіх кнігах называў гэты месяц Францыск Скарына. Таксама «серпень» згадваецца ў «Храналогіі» А. Рымшы (1581 год) і ў «Дзённіку» Фёдара Еўлашоўскага (1603-1604). Так месяц і называлі да пачатку ХХ стагоддзя.

Першае задакументаванае ўжыванне слова «жнівень» як назвы месяца адносіцца да 1912 года. Менавіта тады ў газеце «Наша Ніва» ў календары ўпершыню прапанавалі варыянт «жнівень». Толькі не ўспрымайце гэта так, быццам «Наша Ніва» штосьці прыдумала і навязала астатнім. У пачатку ХХ стагоддзя ў беларускім культурніцкім асяроддзі была тэндэнцыя на выпрацоўку беларускіх назваў для ўсяго. Людзі хацелі выпрацаваць свае адметныя назвы, абапіраючыся на жывую народную мову, а не на кальку з расейскай ці польскай мовы. Максім Гарэцкі нават пісаў:

«Калі ёсць дзе ў кутках Беларусі […] добры тэхнічны тэрмін, які не ведаюць усе беларусы, дык іх варта ўвясці ў нашую літаратурную мову, чым пазычаць у суседзяў».


Таму назвы месяцаў прайшлі ў «Нашай Ніве» доўгі шлях. Напрыклад, першы месяц года ў 1907 годзе называўся «январ» і «стычань», у 1908 – «стычань», а з 1910 – «студзень». Трэці месяц года ў 1907-1909 называўся «марац», а ў 1910-1912 – ужо «сакавік».

Такія ж стадыі праходзілі «апрыль», «апрэль» і «красавік», «май» і «травень», «юнь» і «чэрвень», «ліпец», «юль», «ліпень» і нават «жыцень». Вось і жнівень прайшоў вялікі шлях да сваёй сучаснай назвы ад «аўгуста» і «серпня». А яшчэ былі «сенцябр» і «верасень», «акцябр» і «кастрычнік», «наябр» і «лістапад», «грудзень», «дзекабр» і «снежань».

У календары на 1912 год «Наша Ніва» прывяла беларускія назвы з тлумачэннямі: студзень – дужа сцюдзёна, сакавік – дрэвы пачынаюць сок пускаць, жнівень – усюды жніво, кастрычнік – ад кастры, снежань – ад снегу.

Вось так наш календар і атрымаў той сучасны выгляд, да якога мы прывыклі.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

А вы ведалі, што гродзенскія хіпі ў 1971 годзе выступілі супраць савецкіх парадкаў? Каля сотні маладых людзей правялі шэсце і так паказалі, што хочуць «людзьмі звацца».

11 жніўня 1971 года ў Гродне адбылася дэманстрацыя хіпі. Каля сотні маладых людзей з доўгімі валасамі, апранутых у штаны клёш і кветкавыя кашулі, неслі плакаты: «Рукі прэч ад доўгіх валасоў», «Свабоду рок-н-ролу», «All you need is Love». Яны прайшлі калонай па старым горадзе да Савецкай плошчы, дзе іх чакала міліцыя і КДБ. Сілавікі жорстка разагналі акцыю і затрымалі ўдзельнікаў. Не ўсіх: некаторыя паспелі схавацца ў Фарным касцёле, бо ім адчынілі дзверы і пусцілі ў бяспечную прастору.

Адкуль узялася нечаканая акцыя? За некалькі дзён да гэтага да гродзенскіх хіпі прыехалі іхнія сябры з Вільні, Таліна і Ленінграда. Яны не хацелі прыцягваць увагу міліцыі, таму першапачаткова сабраліся ў пасёлку Азёры. Але хтосьці выклікаў міліцыю – і сілавікі іх разагналі. Некаторых віленскіх хіпі затрымалі і збілі. У адказ на гэта маладыя людзі вырашылі правесці дэманстрацыю пратэсту. Сярод арганізатараў быў Міхась Гуленін, які загадзя зрабіў плакаты.

Калона рушыла ад вуліц Сацыялістычнай і Маркса да Савецкай плошчы, дзе да яе далучыліся яшчэ каля трыццаці чалавек з Мастоў. У калоне ішоў і талінскі хіпі Віру з баявым іспанскім пеўнем на ланцужку. На плошчы міліцыя затрымлівала і жорстка абыходзілася з удзельнікамі: іх абстрыгалі, рвалі клёш, забіралі рэчы. Затрыманых везлі ў аўтобусах і выкідалі за 15 кіламетраў ад горада.

Арганізатары, у тым ліку Гуленін, былі дастаўленыя ў міліцыю, дзе іх дапытвалі і праводзілі ператрусы ў кватэрах. Забіралі асабістыя рэчы, фотаздымкі, пласцінкі «The Beatles». Праз некаторы час падобная дэманстрацыя адбылася і ў Вільні – там хіпі пратэставалі супраць рэпрэсій у бок гродзенцаў.

У савецкіх СМІ пра дэманстрацыю не згадвалі, але яна моцна нашумела ў заходніх СМІ. Што тычыцца ўдзельнікаў акцыі, то іх назвалі «асацыяльнымі элементамі». Амаль усе страцілі месцы вучобы і магчымасць працаваць. Некаторых адпраўлялі на прымусовае лячэнне ў псіханеўралагічны дыспансер.

Гродзенская дэманстрацыя стала першай моладзевай акцыяй грамадзянскага непадпарадкавання ў Беларусі.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

«Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!»

Сёння, 8 жніўня, дзень памяці Тадэвуша Рэйтана – чалавека, які да апошняга змагаўся супраць падзела Рэчы Паспалітай. Змагаўся ледзь не ў самоце. Яго намагаліся прымусіць маўчаць, падкупіць, запужаць, адабраць маёмасць – але ён не саступіў.

Тадэвуш Рэйтан паходзіў з ліцвінскага шляхецкага роду Рэйтанаў з уласным гербам і быў траюрадным братам Тадэвуша Касцюшкі. Магчыма, ён удзельнічаў у Барскай канфедэрацыі, якая змагалася супраць расейскага ўплыву на Рэч Паспалітую.

Ягоныя погляды добра адлюстроўвае гісторыя пра тое, як Тадэвуш скасаваў вяселле, убачыўшы ў доме нявесты партрэт расейскага імператара Пятра I. Нават калі гэта і міф, ён выдатна паказвае сутнасць чалавека, які вышэй за ўсё ставіў сваю Радзіму.

Але самая паказальная і трагічная гісторыя – гэта яго ўдзел у т.зв. «падзельным сойме» Рэчы Паспалітай. Тадэвуш Рэйтан чатыры дні разам з аднадумцамі перашкаджаў маршалку Панінскаму ўзначаліць сойм, бо па законе паседжанне мусіла быць у Горадні, а не ў Варшаве, а маршалкам – ліцвін, а не паляк. Акрамя таго, сойм быў скліканы незаконна – пад знакам канфедэрацыі.

Прарасейскія сілы спрабавалі пераканаць яго саступіць. Потым – падкупіць, а пасля канфедэрацкі суд вырашыў пазбавіць яго маёмасці і выслаць з краіны. І Рэйтан усё роўна не адступіў.

Падчас прамовы Самуэля Корсака, якая выкрывала здраднікаў, паслы пачалі выходзіць з залі. Тадэвуш лёг перад выхадам і крыкнуў: «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!» На наступны дзень расейскі амбасадар Штакельберг выставіў каралю Станіславу Аўгусту ультыматум: або падпарадкаванне, або ўвод расейскага войска ў Варшаву.

У снежні 1773 года Рэйтан склаў маніфест, у якім прызнаў нелегітымнымі канфедэрацыю і падзелы Рэчы Паспалітай. Дзякуючы супраціву паслоў пераважна з Вялікага Княства Літоўскага іншыя краіны даведаліся, што на падзел не згаджалася ўся Рэч Паспалітая. Але саюзнікі ўсё роўна нічога не зрабілі і не дапамаглі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

У жніўні 1780 года пасля канфлікта з расейскім генералам яго закрылі ў цагляным флігелі ва ўласным маёнтку. Пабіўшы шыбы і параніўшыся, Рэйтан памёр на другі дзень – 8 жніўня.

Ён застаўся ў нашай памяці як чалавек, для якога Радзіма – перадусім. Нягледзячы ні на што.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Шаноўнаму панству дзень добры!
Выйшаў новы выпуск падарожжаў з Жыгамонтам!
Гэтым разам спадар Жыгамонт адправіўся ў Глыбоцкі раён, каб наведаць вёскі Якубенкі і Задарожжа ❤️

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Як адбылося, што Менск стаў Мінскам

Беларуская сталіца ўпершыню згадваецца ў летапісе пад 1067 годам: «И придоша к МѢньску... взяша МѢнескь». Ва ўсіх выпадках выкарыстоўваецца літара «Ѣ» (яць), якая азначала гук, падобны да закрытага «е» або дыфтонга «іе». У пазнейшых крыніцах ужо зʼяўляецца форма «Менск».

Сучасныя даследчыкі лічаць, што назва горада паходзіць ад ракі Мень (Мена). У дакументах XIV – XVII стст. фіксуюцца формы «Менеск», «Менск», зрэдку – «Мінск», але яна першапачаткова сустракаецца толькі ў лацінскіх і польскіх тэкстах. У граматах менскага ваяводы Арсеньева (1656) слова «Мінск» не згадваецца ні разу, у той час як «Менск» і «Менеск» – шматразова.

У Баркулабаўскай хроніцы (XVII ст.) таксама пераважае форма «Менск». У лацінамоўных і польскіх дакументах XVI – XVII ст. паступова замацоўваецца напісанне «Minsk», відавочна пад уплывам польскага горада «Minsk Mazowiecki». Гэтая форма і трапляе ў расейскія дакументы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У канцы XVIII ст. «Мінск» становіцца афіцыйнай назвай у расейскай мове.

Але ў жывой беларускай мове назва «Менск» працягвала існаваць. У 1885 годзе яе зафіксаваў «Slownik geograficzny». У 1920-х горад афіцыйна называўся Менскам, але 29 ліпеня 1939 года быў перайменаваны ў Мінск – адваротны выпадак у параўнанні з іншымі савецкімі рэспублікамі, дзе гарады атрымлівалі нацыянальныя назвы замест каланіяльных (Ерэван замест Эрывані, Тбілісі замест Тыфліса).

5 верасня 1991 года Мінгарсавет аднавіў гістарычны герб горада і выказаўся за вяртанне назвы «Менск». Але Вярхоўны Савет Беларусі адмовіў у гэтай прапанове. Гэта была апошняя на сёння спроба вярнуць сталіцы гістарычную назву.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

27 ліпеня – гэта Дзень Незалежнасці Беларусі.

Менавіта 27 ліпеня 1990 года была прынятая Дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі. Гэта і ёсць той самы дзень незалежнасці – у дадзеным выпадку незалежнасці ад СССР і маскоўскай улады.

27 ліпеня было дзяржаўным святам у перыяд 1991-1996, пакуль яго не замянілі на 3 ліпеня – дату, у якой няма ніякай логікі. 3 ліпеня 1944 года быў вызвалены Мінск, але якое дачыненне вызваленне Мінска ад нацыстаў мае да ўсёй краіны? І якое дачыненне гэтая падзея ўвогуле мае да незалежнасці, калі ніякай незалежнасці Беларусь тады не атрымала?

Але лукашэнку, які ўжо тады актыўна перанакіроўваў Беларусь з нацыянальнага на савецкае, было вельмі важна замяніць дату – бо аматар СССР не можа святкаваць незалежнасць ад СССР.

Але мы памятаем, што менавіта 27 ліпеня Беларусь заявіла пра сваю незалежнасць. Гэта і ёсць наш Дзень Незалежнасці.

На фота: як святкавалі Дзень Незалежнасці ў 1991-1996.
На відэа: рэпетыцыя святочнага парада ў 1992.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

Адзінаццаць.

Гэта колькасць гадоў за апошнія 250 год, калі не праводзілася палітыка знішчэння беларускай мовы.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Кацярына ІІ загадала весці справаводства на анексаваных беларускіх землях толькі па-расейску. Беларускую мову пачалі выцясняць з публічнай сферы, а царкоўныя ўлады пагражалі святарам за выкарыстанне «праклятай літоўскай мовы».

Пасля паўстання 1794 года царскія ўлады масава звальнялі мясцовых ураднікаў, замяняючы іх расейцамі. У адной з запісак пачатку XIX стагоддзя адзначалася, што Віленская і Гарадзенская губерні ўхіляюцца ад збліжэння з Расеяй, але жыхары Віцебшчыны ўжо «абмаскаліліся».

Пасля паўстання 1830–1831 гадоў Мікалай І аднавіў русіфікацыю. У 1839 годзе расейскія ўлады скасавалі ўніяцкую царкву: службы ў цэрквах пачалі праводзіць на расейскай альбо царкоўнаславянскай мове замест беларускай. У 1840 годзе ўсе дакументы загадалі весці выключна на расейскай мове, а Беларусь перайменавалі ў «Паўночна-Заходні край». Адначасова ўлады заахвочвалі перасяленне ўнутраных расейцаў у беларускія землі, каб тыя прыносілі «расейскую мову і звычаі».

Пасля паўстання 1863–1864 гадоў генерал-губернатар Мураўёў распачаў масавую русіфікацыю адукацыі, друку і царквы. І ў 1865 годзе забаранілі друкаваць па-беларуску кірыліцай. Лацінка дапушчалася толькі пад пільным наглядам цэнзараў. Нягледзячы на гэтыя намаганні і прапаганду, расейская мова не прыжывалася. Паводле перапісу насельніцтва 1897 года больш чым 80% (6 млн чалавек) размаўлялі па-беларуску.

Бальшавікі, якія захапілі ўладу ў 1917, спачатку заігрывалі з нацыянальнымі рухамі. Так яны намагаліся зрабіць зняволеныя народы саюзнікамі ці дамагчыся таго, каб яны хаця б не паўставалі. Таму ў 1920-х былі нават цэлых шэсць гадоў сапраўднай беларусізацыі. Якую згарнулі ў 1930, пасля чаго сталінскі рэжым прыняўся за знішчэнне беларускай мовы яшчэ больш актыўна, чым імперскія ўлады.

У 1930-х гадах у СССР пачалася маштабная кампанія русіфікацыі беларускай мовы. У 1931 годзе выйшла кніга Вальфсона, якая абвінавачвала беларускіх навукоўцаў у «контррэвалюцыі». У 1933 годзе зрабілі рэформу беларускай мовы, якая змяніла фанетыку і граматыку мовы, падпарадкоўваючы іх расейскай норме.

Любая праява любві да Беларусі каралася. Расстралянае адраджэнне, ноч расстраляных паэтаў, сотні тысяч рэпрэсаваных беларусаў – вы пра гэта ўсё добра ведаеце.

Пасля вайны ў Беларусь масава накіроўвалі рускамоўныя кадры, што прыводзіла да выцяснення беларусаў з кіроўных пасадаў. У 1945 годзе беларусы складалі менш за палову КП(б)Б, а многія абласныя і раённыя структуры кантраляваліся прыезджымі. Установы, НКУС і МУС амаль не мелі мясцовых кадраў. Настолькі, што ў 1953 годзе на пленуме ЦК КПБ прызналі, што беларусы амаль не прадстаўлены ў кіраванні, асабліва на Захадзе краіны. Усё культурнае жыццё ў БССР кантралявалася з Масквы, а беларускамоўныя выданні не распаўсюджваліся і нават знішчаліся.

Калі ў 1946 годзе расейскамоўныя часопісы складалі толькі 1%, то ўжо ў 1955 – 31%. У 1970 годзе наклады расейскіх кніг у два разы перавышалі беларускія. Частка інтэлігенцыі спрабавала пратэставаць, але нават кіраўнік БССР Мазураў атрымаў вымову за выступ па-беларуску перад Хрушчовым, які заявіў: «Чым хутчэй загаворым па-расейску, тым хутчэй збудуем камунізм».

З прыходам Машэрава, русіфікацыя ўзмацнілася. У 1983 годзе настаўнікам расейскай мовы далі надбаўку ў 15%, што стымулявала пераход на расейскую. Акрамя гэтага, савецкая ўлада мэтанакіравана насаджала беларусам комплекс нацыянальнай непаўнавартасці. У выніку да сярэдзіны 1980-х беларусы сталі найбольш русіфікаванай нацыяй СССР, што запаволіла працэс нацыянальнага адраджэння.

Толькі ў першыя пяць гадоў незалежнай Беларусі ў нашай краіне зноў праводзілася беларусізацыя. А пасля прыхода да ўлады лукашэнкі яна згарнулася, а замест яе пачалася русіфікацыя.

242 гады з апошніх 253 беларуская мова забаранялася і знішчалася. І рабілі гэта па загадзе таго самага «брацкага народу» з усходу. Вось вам і адказ на пытанне, хто ж забараняе беларусам гаварыць па-беларуску.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…

Годна

А вы ведалі, што ў 1658 годзе Рэч Паспалітая магла пераўтварыцца ў Рэч Паспалітую Трох Народаў?

І нашая гісторыя магла б пайсці зусім іншым шляхам. Але…

Гадзяцкая унія была падпісаная 16 верасня 1658 года паміж Рэччу Паспалітай і Гетманшчынай па ініцыятыве гетмана Івана Выгоўскага, пераемніка Багдана Хмяльніцкага. Унія прадугледжвала пераўтварэнне Рэчы Паспалітай у федэрацыю з трох роўных частак: Польшчы, Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства Рускага – украінскай дзяржавы.

Украіна атрымлівала статус асобнай дзяржавы з уласным гетманам, войскам, урадам і праваслаўнай царквой. Справаводства павінна было весціся на ўкраінскай мове, а ў Кіеве меркавалі адкрыць манетны двор. Па дамове, Украіна мела б 30 000 казакоў і 10 000 наймітаў, войска Рэчы Паспалітай не магло знаходзіцца на яе тэрыторыі. Правы казакоў і праваслаўных гарантаваліся, планавалася стварэнне новых школаў і акадэміяў.

Але ў гэтых умовах быў канфлікт. Каталіцкая эліта Рэчы Паспалітай была незадаволеная тым, што праваслаўных ураўняюць у правах з каталікамі. Былі і іншыя прэтэнзіі да тэксту уніі. Таму канчатковая версія пагаднення, ратыфікаванага сеймам, істотна адрознівалася: скасаванне Брэсцкай уніі не было зацверджанае, тэрмін «Вялікае княства Рускае» не згадваўся, а гетман не меў права прымаць замежныя пасольствы. Рэестр казацкага войска пакідаў 30 000 чалавек, гетман абіраўся з 4 кандыдатаў і зацвярджаўся каралём.

Гэты варыянт выклікаў расчараванне ў казакоў. Замест фактычнай незалежнасці Украіна стала часткай Рэчы Паспалітай. Казакі страцілі магчымасць самастойна абіраць гетмана, а шляхецтва атрымала толькі частка эліты, што адарвала яе ад шараговых казацкіх масаў.

Масква, якая пасля Пераяслаўскай Рады 1654 лічыла Гетманшчыну сваім пратэктаратам, не прызнала дамову і пачала вайну. У кастрычніку 1659 года Выгоўскі сышоў у адстаўку. У 1660 годзе войскі Рэчы Паспалітай нанеслі паразу маскве і занялі Вільню, а ўжо ў 1667 годзе была падпісаная Андрусаўская дамова.

Правабярэжная Украіна засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, Левабярэжная Украіна была захопленая масквой, а казацкая аўтаномія паступова згасла. На жаль, гэта была тая паваротная кропка гісторыі, за якой пайшлі ўзмацненне масковіі і пераўтварэнне ў імперыю – адначасова з заняпадам і знішчэннем Рэчы Паспалітай.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee

Читать полностью…
Subscribe to a channel