Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka
Праграмы для знаёмстваў пагоршылі псыхічны стан і ўспрыняцьце ўласнага цела
Аўтары сыстэматычнага агляду дасьледаваньняў прыйшлі да высновы, што карыстаньне праграмамі для знаёмтсваў нэгатыўна адбіваецца на ўспрыняцьці крастальнікам/ карыстальніцай уласнага цела. Таксама ўплыў быў заўважаны на псыхічным здароўі й агульным дабрабыце.
У выбарку трапіла 45 тэматычных дасьледваньняў, апублікаваных з 2016 па 2023 год. У 48.9% зь іх паведамлялася пра нэгатыўныя наступствы для ўспрыняцьця цела, а ў 64.4% — нэгатыўны ўплыў заўважылі на псыхічным стане й дабрабыце.
Фастфуд западозрылі ў паскарэньні старэньня
Каманда фінскіх навукоўцаў пастанавіла вывучыць сувязі паміж дыетамі й біялягічным старэньнем у дарослых людзей. Для гэтага яны скарысталіся зьвесткамі папуляцыйнага дасьледаваньня FinnTwin12, адкуль адабралі 826 блізьнюкоў у веку 21-25 гадоў. Дыета людзей ацэньвалася паводле апытанак, а біялягічнае старэньне — паводле эпігенэтычных профіляў.
У выніку аказалася, што рацыён зь вялікай колькасьцю садавіны й гародніны, зь невялікім спажываньнем мяса, фастфуду й салодкіх напояў быў зьвязаны з больш павольным біялягічным старэньнем. У адваротным выпадку назіралася больш хуткае старэньне. Аднак з улікам дадатковых фактараў ладу жыцьця, такіх як курэньне, алькаголь, фізычная актыўнасьць і інш. сувязі сталі больш сьціплымі.
Агулам аўтары тлумачаць такую асацыяцыю індэксам масы цела й фізычнай актыўнасьцю. То бок, пры наяўнасьці атлусьценьня ці нізкай фізычнай актыўнасьці аніякая дыета не запаволіць працэсы старэньня.
Міжнародная група дасьледнікаў ідэнтыфікавала новы паразытычны грыб, які інфікуе пячорных павукоў Metellina merianae, каб кіраваць іхнымі паводзінамі. Упершыню грыб заўваылі падчас здымак дакумэнтальнага фільму для BBC.
Новы паразытычыны грыб атрымаў назву Gibellula attenboroughii, ён, падобна іншым грыбам-паразытам, прымушае сваю ахвяру пакінуць нару й заняць месца на столі пячоры, каб грыбныя споры мелі большы распаўсюд.
На здымку інфікаваны павук.
Мікраплястык трапіў у мышыныя мазгі празь некалькі гадзін пасьля спажываньня
Міжнародная група навукоўцаў зладзіла шэраг досьледаў на мышах, каб даведацца больш наконт транспарту мікраплястыку ў жывых арганізмах. Для гэтага грызунам давалі ваду з часьцінкамі флюёрэсцэнтнага плястыку розных памераў (мікра, нана), а потым з дапамогай двухфатоннай мікраскапіі адсочвалі шлях плястыку. Таксама навукоўцы зрабілі маленькія акенцы ў чэрапах жывёлак, каб выявіць плястыкавыя часьцінкі ў мазгах.
Такім чынам высьветлілася, што мікраплястык хутка трапляе з сыстэмы страваваньня ў крывябег, а праз пару гадзін трапляе ў мазгі. Прытым было заўважана, што некаторыя часьцінкі плятсыку паглыналіся імуннымі вузамі, што спрыяла ўтварэньню коркаў у некаторых месцах (і адбівалася на інтэнсыўнасьці крывябегу (на фота)).
Яшчэ паведамляецца, што мышы зь вялікай колькасьцю мікраплястыку ў мазгах паказвалі пагаршэньне памяці, зьніжэньне дакладнасьці рухаў і трыываласьці. Аднак у нас з мышамі анатомія моцна адрозьніваецца, таму ў арганізьме чалавека сытуацыя можа быць іншай. Для гэтага патрэюныя тэрміновыя дасьледаваньні.
Моцны стрэс, перажыты ў дзяцінстве, пакінуў генэтычныя адбіткі на спэрматазодах мужчын
Навукоўцы зладзілі невялікае дасьледаваньне з удзелам 58 мужчын у веку 30-40 гадоў. Аўтары з дапамогай адмысловай апытанкі спачатку вызначылі наяўнасьць стрэсавых сытуацый у дзяцінстве (занядбаньне, гвалт), а потым вызначылі іхнюю інтэнсыўнасьць: чым больш яны набралі пунктаў у апытанцы, тым больш падрабязна яны памяталі траўмы. Потым навукоўцы вывучылі эпігенэтычныя маркеры ў спэрме (мэтыляваньне ДНК, хэмічная рэакцыя, у выніку якой у ДНК дадаецца мэтыльнай групы CH3, што можа ўплываць на працу ґенаў).
У выніку аказалася, што ў мужчын, якія перажылі моцны стрэс у дзяцінстве быў іншы эпігенэтычны профіль. Прытым адрозьненьні захоўваліся нават пасьля ўліку іншых фактараў, якія б маглі аказаць уплыў на эпігеном (алькаголь, курэньне). Пакуль невядома, ці могуць такія зьмены перадавацца дзецям чалавека, але на мадэльных жывёлах (чарвякі й мышы) дасьледнікі паказалі такую магчымасьць.
Мітахондрыі злавілі на рэгуляцыі запаленчых працэсаў
За мітахондрыямі моцна замацаваўся імідж "вузавых электрастанцый", бо яны сынтэзуюць неабходныя для падтрыманьня вузавых працэсаў малекулы АТФ. Аднак цяпер навукоўцы выкрылі яшчэ адну нечаканую функцыю гэтых маленькіх арганэл: рэгуляцыя запаленчых імунных рэакцыі.
Падчас вытворчасьці малекулы АТФ, электроны ідуць па адмысловым шляху ў мітахондрыях, які называюць ланцугом пераносу электронаў. Аказалася, што гэны ланцужок працуе ня толькі для атрыманьня энэргіі, але й уплывае на макрафагі — імунныя вузы, якія паглынаюць патаґены, мёртвыя вузы арґанізму й іншыя шкодныя часьцінкі.
Адной з ключавых задач макрафагаў зьяўляецца заглушэньне запаленьня праз вылучэньне спэцыфічнага бялку IL-10. Таму ў досьледах з машымі аўтары імкнуліся высьветліць, якім чынам на гэты працэс уплывае ланцуг пераносу электронаў.
Аказалася, што ў грызуноў з дэфэктным мітахандрыяльным комплексам не выпрацоўвалася дастатковая колькасьць IL-10, што істотна запавольвала аднаўленьне жывёлак пасьля інэкцый і запаленьня. Аднак актывацыя іншых, не зьвязаных зь мітахондрыямі, шляхоў рэактыўнай формы кіслароду запускала сытэз IL-10.
Такія вынікі падкрэсьліваюць важнасьць мітахондрый ня толькі ў сынтэзе энэргіі, але й у рэгуляцыі запаленьня, што можа зрабіць іх пэрспэктыўнымі мішэнямі ў тэрапіі запаленчых захворваньняў.
У мужчыны выявілі аргірыю невядомага паходжаньня
Напачатку году мэдыкі паведамілі пра выпадак аргірыі, які здарыўся з 84-гадовым мужчынам з Ганконґу. Той трапіў на абсьледаваньне наконт павялічанай прастаты, аднак лекараў зьдзівіла шэрае адценьне скуры й пазногцяў пацыента. Мэдыкі западозрылі ў пацыента аргірыю — стан, калі ў скуры назапашваюцца іёны Ag+ і пад уплывам ультрафіялету пераўтвараюцца ў атамарнае срэбра. Такое магчыма толькі тады, калі чалавек ўжывае прэпараты срэбра ў вялікіх колькасьцях, але тут мужчына не прызнаўся. Таксама не выявілася й іншых фактараў, якія б маглі паспрыяць зьяўленьню лёкага шэрага адценьня.
Калі вам падалося, што недзе вы ўжо бачылі падобнае, то вам не падалося. Гэта не адзінкавы выпадак аргірыі, пра які стала вядома. Быў яшчэ амэрыканец Пол Кэрасон, які стаў вірусным пэрсанажам ў 2007 годзе пасьля таго, як ўвесь сіні пабываў на ТВ-шоў. Яшчэ палітык Стэн Джонс і інш.
Некалі срэбра сапраўды выкарыстоўвалі для лячэньня захворваньняў, бо яно мае антымікробныя ўласьцівасьці, але сучасныя дасьледаваньні паказваюць, што ёсьць больш эфэктыўныя сродкі й ужываньне раствораў гэтага мэталу ў лепшым выпадку надасьць вам навукова-фантастычную афарбоўку, а можа яшчэ выклікаць праблемы з ныркамі.
Дарэчы, ня толькі срэбрам можна зьмяніць свой колер. Золата таксама гэта зробіць. Ёсьць яшчэ бясьпечныя й, у адрозьненьні ад папярэдніх, часовыя варыятны: прыродныя пігмэнты. Аранжавыя й жоўтыя пігмэнты аказваюць найбольшы ўплыў на скуру.
Напрыклад, калі ў рацыёне чалавека вельмі шмат морквы, лішкі бэта-каратыну будуць назапашвацца ў тлушчавых тканках, у тым ліку й пад скурай, што надасьць аматару морквы адпаведнае адценьне. Але з часам увесь назапашаны пігмэнт пойдзе на сынтэз вітаміну A, і загар паступова зьнікне.
Трусы паелі зубоў і гэта нармальна
У трусоў (і некаторых іншых жывёл) зубы растуць цягам усяго жыцьця. Меркавалася, што для падтрыманьня такога працэсу іхны рацыён мусіць утрымліваць шмат кальцу (Ca). Аднак зараз высьветлілася, што гэта зусім неабавязкова, бо трусікі ядуць свае зубы, кальц зь якіх потым зноўку ідзе на пабудову зубоў.
Каб спраўдзіць гэта, фінскія вэтэрынары зладзілі досьлед з удзелам 8 самак. Палове зь іх цягам 15 дзён давалі корм з стандартнымі дабаўкамі кальцу, а другой палове дадавалі здробненыя зубы забітых на мяса трусоў.
Выніковы аналіз не паказаў нейкіх адрозьненьняў у стане здароўя жывёлаў, а вось каэфіцыент засваяльнасьці кальцу быў вышэй у тых, каму разам з кормам давалі зубную муку: 33% супраць 20% з вэтэрынарнымі дабаўкамі.
Шклянка малака можа зьнізіць рызыку рака кішэчніка
Паводле нядаўняга дасьледаваньня брытанскіх навукоўцаў, наяўнасьць у рацыёне адной дадатковай шклянкі малака зьніжае імавернасьць разьвіцьця рака кішэчніка на 17%.
Аўтары скарысталіся двухбаковым падыходам для вывучэньня сувязі між спажываньнем малака й рызыкай анкалягічных захворваньняў. Для гэтага яны прааналізавалі ґенэтычныя зьвесткі 542 778 жанчын і засяродзіліся на нязначных зьменах у ДНК, зьвязаных з устойлівасьцю ляктазы ў дарослым веку. Адсутнасьць фэрмэнту ляктазы ў дарослых выклікае непрыйманьне ляктозы — малочнага цукру.
Таксама навукоўцы сабралі падрабязную інфармацыю пра рацыёны ўдзельніц, уключна са штодзённай колькасьцю выпітага малака. Потым аўтары абʼядналі наборы даных, каб лепей ацаніць эфэкт спажываньня малака на рызыку рака кішэчніка.
Такім чынам высьветлілася, што ўдзельніцы, якія дадаткова спажывалі 244 г малака штодня (адна шклянка), мелі на 17% ніжэйшую рызыку разьвіцьця рака кішэчніка. Прытым эфэкт тычыўся як тлустага, так і абястлушчанага малака, і не залежаў ад іншых фактараў харчаваньня й ладу жыцьця. То бок, карысьць малака была не ў тым, што ім замянялі нездаровыя прадукты.
Што праўда, прычыны назіранага эфэкту пакуль невядомыя. Аўтары мяркуюць, што ён можа быць зьвязаны з кальцам (Ca) і вітамінам D, якіх багата ў малочных прадуктах. Тым больш, што раней адобва рэчывы зьвязвалі з паніжанай рызыкай рака (тут і вось тут).
Галасуйце за найлепшых навукоўцаў: прэмія «Бізон Гіґс» пачынае трэці этап!
⚡️Добрыя навіны ад першай беларускай навуковай прэміі:
1️⃣Фонд сабраны й складае 1180 эўра. Гэтая сума пойдзе на:
— галоўны пры пераможцу
— падарункі ахвярадаўцам (часопіс Pamyłka)
— 3D-друк статуэткі
2️⃣На прэмію намінаваныя 9 адмыслоўцаў, што выдатны вынік для першага году!
3️⃣Цяпер можна падтрымаць свайго фаварыта!
❗️знаёмцеся з намінантамі й іхнімі дасягненьнямі
👉 вось тут
🔎 калі хочаце даведацца больш, то абавязкова пашукайце дадатковую інфармацыю пра навукоўцаў у інтэрнэце.
✏️ запаўняйце форму для галасаваньня, але рабіце гэта ўважліва.
👉 форма для галасаваньня
⏳Тэрміны галасаваньня: з 17 студзеня па 17 лютага.
Далучайцеся да гэтай важнай падзеі й зрабіце свой унёсак у патрыманьне навукоўцаў!
партнэрскі допіс
Навукоўцы падлічылі колькасьць разводаў у калёніі малых пінгвінаў
Пінгвіны (Eudyptula minor) — самыя маленькія пінгвіны на Зямлі. Іх можна пабачыць у Аўстраліі й Новай Зэляндыі, а самая вялікая калёнія, якая налічвае каля 40 000 птушак, знаходзіцца на востраве Філіп каля Аўстраліі.
Звычайна малыя пінгвіны ўтвараюць пары на працяглы час, аднак нядаўняе дзесяцігадовае дасьледаваньне паказала, што яны могуць разыходзіцца, калі не задаволеныя колькасьцю патомства. Такое рашэньне рызыкоўнае: пасьля зьмены партнэра ў пінгвінаў зьніжаецца посьпех у наступных сэзонах размнажэньня.
На працягу 13 сэзонаў навукоўцы зафіксавалі каля 250 разводаў сярод 1000 пар. Аналіз паказаў, што гады зь нізкім узроўнем разводаў суправаджаліся больш высокай пасьпяховасьцю размнажэньня ў калёніі. Гэты ўплыў аказаўся нават больш значным, чым зьмены ў навакольным асяродзьдзі або паводзіны птушак, напрыклад, час, выдаткаваны на пошук ежы.
Дасьледчыкі лічаць, што разуменьне сацыяльнай дынамікі, такой як разводы, можа дапамагчы ў распрацоўцы мер па абароне ўразьлівых відаў марскіх птушак, якія жывуць на востраве Філіп і за яго межамі.
Забарона рэклямы тытунёвых вырабаў зьнізіла распаўсюджанасьць курэньня
Мэтааналіз 16 навуковых публікацый паказаў, што забарона на рэкляму й прасоўваньне цыгарэт зьніжае колькасьць курцоў і імавернасьць пачынаньня курэньня. Напрыклад, пры наяўнасьці забароны людзі кураць на 20% радзей, а рызыка распачаць гэную шкодную справу зьніжаецца на 37%.
Што праўда, на колькасьць тых, хто кідае курыць, забарона не паўплывала.
Брытанскія вавёркі, якіх падкормлівалі людзі, выпадкова зьмянілі свае чэрапы й вярнулі ўсё назад
У горадзе Формбі на заходнім узьбярэжжы Англіі турысты й валянтэры пачалі актыўна падкормліваць звычайных вавёрак (Sciurus vulgaris) арахісам, які значна мякчэйшы за арэхі, што складаюць аснову прыроднага рацыёну жывёлінак. Гэта ўмяшаньне прывяло да нечаканых наступстваў: зьменаў у будове чэрапаў і сківіц жывёл. Дасьледнікі, прааналізаваўшы 113 чэрапаў і 387 сківіц вавёрак, выявілі, што ў жывёл з Формбі чэрапы сталі крыху больш пляскатымі, а кропкі мацаваньня жавальных цагліц ссунуліся бліжэй да суставаў. Такія зьмены прывялі да зьніжэньня эфэктыўнасьці ўкусу.
Паведамляецца, што апісаныя трансфармацыі былі зафіксаваныя ўсяго празь некалькі гадоў пасьля пачатку падкормкі арахісам, што паказвае на сувязь з ужываньнем мяккай ежы. Біялягічныя тканкі, уключаючы косьці, адаптуюцца да нагрузак, і зьмяненьне мэханічных уласьцівасьцяў ежы стала прычынай аслабленьня сківіц. Аднак да канца 2010-х, калі валянтэры зьнізілі колькасьць арахісу ў рацыёне, структура чэрапаў вавёрак пачала вяртацца да нормы, нагадваючы чэрапы суродзічаў з паўночных рэгіёнаў (там вавёрак ня кормяць так актыўна арахісам).
Гэтыя назіраньні падкрэсьліваюць, што падкормка дзікіх жывёл можа ўплываць на іхнюю анатомію, зьмяняючы марфалёгію аж да костак. Гэта выклікае асьцярогі наконт магчымых доўгатэрміновых наступстваў, бо страта здольнасьці эфэктыўна перапрацоўваць цьвёрдую ежу можа зьнізіць шанцы жывёл на выжываньне ў натуральным асяродзьдзі.
Выпадак цеплавога ўдару ў жанчыны зь Вялікай Брытаніі нагадаў пра схаваную небясьпеку саўны
Паход у саўну можа быць расслабляльным, але грэбаваньне гідратацыяй можа прывесьці да сурʼёзных наступстваў, як паказаў рэдкі выпадак цеплавога ўдару, зарэгістраваны ў Вялікабрытаніі.
Жанчына ў веку 70 гадоў, якая мела значны досьвед наведваньня саўнаў, была знойдзена там без прытомнасьці пасьля 45 хвілін лёгкіх фізычных практыкаваньняў у залі. Яе тэрмінова даставілі ў больніцу зь небясьпечна высокай тэмпэратурай цела, дзе ёй зрабілі працэдуры ахалоджваньня й увялі вадкасьці ўнутрывенна. Нягледзячы на тое, што ў жанчыны адбыўся сэрцавы спохват і пашкоджаньне органаў, ейны стан значна палепшыўся праз колькі дзён, і праз 12 дзён яе выпісалі. Празь месяц пасьля інцыдэнту яна амаль цалкам аднавілася, за выключэньнем лёгкай стомленасьці й пашкоджаньня печані.
Жанчына, якая пакутуе на дыябэт 1-га тыпу й гіпатэрыёз, але ў астатнім актыўная й здаровая, растлумачыла, што прычынай здарэньня стала абязводжваньне.
Цеплавы ўдар ад наведваньня сауны сустракаецца вельмі рэдка — у мэдыцынскай літаратуры зарэгістравана ўсяго дзевяць падобных выпадкаў. Гэты выпадак падкрэсьлівае важнасьць належнай гідратацыі й своечасовага ўмяшаньня, паколькі хуткае ахалоджваньне на працягу 30 хвілін можа зьмякчыць пашкоджаньні органаў.
Чырвонае сьвятло зьнізіла рызыку інсультаў і інфарктаў
Сьвятло аказвае прыкметны ўплыў на здароўе чалавека, які можна знайсьці ў рэгуляцыі мэтабалізму, сакрэцыі гармонаў, і рэгуляваньні кровазвароту. Уплыў сьвятла нават зьвязваюць з імавернасьцю сэрцавых спохватаў і інсультаў, якія часьцей здараюцца раніцай, чым ноччу. Цяпер навукоўцы пастанавілі дасьледаваць, ці можа сьвятло ўплываць на тромбаўтварэньне, якое ляжыць у аснове многіх небясьпечных захворваньняў, такіх як інфаркт, інсульт і тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі.
У сваіх досьледах навукоўцы апраменьвалі мышэй сьвятлом з рознай даўжынёй хвалі: чырвоным, сінім і белым. Кожная група грызуноў знаходзілася пад 12-гадзінным асьвятленьнем, якое зьмянялася 12 гадзінамі цемры некалькі разоў. Пасьля гэтага навукоўцы ацэньвалі частату ўтварэньня тромбаў. Вынікі аказаліся даволі цікавымі: у мышэй, якія знаходзіліся ў чырвоным асьвятленьні, тромбы ўтварыліся амаль у пяць разоў радзей, чым у мышэй з групы сіняга або белага сьвятла. Пры гэтым агульная актыўнасьць, вага, сон, тэмпэратура цела й прыём ежы ва ўсіх групах заставаліся нязьменнымі, што выключае ўплыў гэтых фактараў на вынікі.
Каб спраўдзіць, ці могуць гэтыя эфэкты быць актуальнымі для людзей, дасьледнікі вывучылі зьвесткі больш чым 10 000 пацыентаў, якія перанесьлі апэрацыю на вачах (выдаленьне катаракты). Некаторым зь іх усталёўвалі звычайныя лінзы, якія прапускаюць увесь бачны спэктар сьвятла, а іншым — лінзы зь сінім фільтрам, якія зьніжаюць колькасьць сіняга сьвятла прыкладна на 50%. Аналіз паказаў, што сярод анкалягічных пацыентаў, якія выкарыстоўвалі лінзы зь фільтрацыяй сіняга сьвятла, рызыка ўтварэньня тромбаў была ніжэйшай, чым у тых, каму ўсталявалі звычайныя лінзы. Гэты вынік асабліва важны, улічваючы, што людзі з анкалягічнымі хваробамі маюць у дзевяць разоў вышэйшую рызыку тромбаўтварэньня.
Калі такая гіпотэза сьцьвердзіцца ў клінічных выпрабаваньнях, то яна стане эфэктыўным інструмэнтам для прадухіленьня трамбозаў, якія зьяўляюцца адной з асноўных прычын прадухіляльных сьмерцяў па ўсім сьвеце.
Кліматолягі разабраліся з паходжаньнем радыяактыўнасьці пылу, які ў 2022 годзе прынесла ў Эўропу
Радыяактыўны пыл з Сахары, прынесены ў Эўропу ў 2022 годзе, не зьвязаны з выпрабаваньнямі францускай ядзернай бомбы ў 1960-х гадах, як меркавалася раней.
Міжнародная група кліматолягаў прааналізавала 53 узоры пылу з розных рэгіёнаў Эўропы й выявіла ў іх сьляды радыяактыўных ізатопаў. Аднак іх склад паказвае не на францускія выпрабаваньні, а на ядзерныя выбухі, праведзеныя ЗША і СССР у сярэдзіне XX стагодзьдзя.
У 1960-х гадах Францыя правяла 17 ядзерных выпрабаваньняў у альжырскай Сахары, што выклікала радыяактыўнае забруджваньне рэгіёну. У 2022 годзе пылавая бура падняла часьціцы з выпрабавальных палігонаў і панесла іх у Эўропу. Дасьледнікі праверылі ўзровень радыяцыі й пацьвердзілі, што ён не перавышае бясьпечных норм ЕС. Аднак ключавым адкрыцьцём сталі суадносіны ізатопаў плютону: яго паказьнікі аказаліся характэрнымі для выпрабаваньняў ЗША і СССР, чые выбухі былі больш магутнымі й распаўсюджвалі радыяактыўныя ападкі на тысячы кілямэтраў, у тым ліку ў Сахару.
Рост сярэдняй тэмпэратуры павялічыў колькасьць пацукоў у некаторых гарадах
Даўно прагназавалася, што па меры пацяпленьня многія віды-шкоднікі атрымаюць перавагу й створаць людзям дадатковыя праблемы. Новае дасьледаваньне гэта пацьвярджае: аналіз 16 буйных гарадоў паказаў, што папуляцыі пацукоў растуць хутчэй за ўсё там, дзе тэмпэратура павышаецца найбольш імкліва.
Дакладную колькасьць пацукоў у горадзе ацаніць складана, таму аўтары пастанавілі вывучаць не саміх жывёл, а скаргі на іх. Яны сабралі дадзеныя па 13 гарадах ЗША, а таксама Токіа, Амстэрдаму й Таронта, выбраўшы толькі тыя месцы, дзе інфармацыя зьбіралася аднолькавымі мэтадамі ня менш за сем гадоў.
Вынікі дасьледаваньня паказалі, што ў 11 гарадах колькасьць пацукоў расьце, а лідарамі сталі Вашынгтон, Сан-Францыска, Таронта, Нью-Ёрк і Амстэрдам. У іншых гарадах папуляцыя альбо не зьмянялася, альбо скарачалася (Токіа, Новы Арлеан). Аўтары мяркуюць, што галоўны фактар такога росту — павышэньне сярэднегадавой тэмпэратуры, а таксама высокая ўрбанізацыя й шчыльнасьць насельніцтва. Адзначаецца, што эканамічны ўзровень разьвіцьця гораду не ўплывае на дынаміку пацукоў.
Рэгуляваць колькасьць гарадзкіх грызуноў можна, напрыклад, абмежаваньнем доступу да ежы й харчовых адкідаў. Гэты самы танны й просты спосаб паказаў высокую эфэктыўнасьць у гарадах, дзе яго ўкаранілі. У адваротным выпадку некантраляванае пашырэньне папуляцыі грызуноў значна павысіць рызыку заражэньня некаторымі хваробамі, такімі як лептасьпіроз.
Ва ўспрыманьні смаку кавы знайшоўся генэтычны сьлед
Нямецкія дасьледнікі наблізіліся да адказу на пытаньне, чаму некаторым людзям кава падаецца асабліва горкай. Спачатку навукоўцы выявілі новую групу злучэньняў у абсмажаных зернях арабікі, а потым вызначылі, якім чынам яны ўплываюць на фірмовы смак кавы. Апрача таго, аўтары ўпершыню паказалі, што індывідуальная генэтычная схільнасьць можа граць ролю ў вызначэньні горкасьці гэтых злучэньняў.
Кафэін — горкае рэчыва, аднак лічыць яго вінаватым у горкім смаку кавы не зусім карэктна, бо нават кава без кафэіну будзе мець гаркаваты смак. Гэта кажа пра тое, што мусяць быць у складзе зерняў кавы іншыя рэчывы. І яны ёсьць. Раней дасьледнікі пасьпяхова апісалі разнастайныя клясы горкіх злучэньняў, а апошнім у гэты сьпіс дадалі мазамбіязыд.
Новае злучэньне перавысіла горкасьць кафэіну ў 10 разоў, а яшчэ яно актывавала 2 з 25 рэцэптараў горкага смаку (TAS2R43 і TAS2R46). Праўда пазьней высьветлілася, што гэты мазамбіязыд распадаецца падчас тэрмічнай апрацоўкі бабоў. Таму дасьледнікі засяродзіліся на прадуктах распаду, а іх там цэлых 7.
Тут і высьветілілася цікавае. Усе гэтыя пабочныя рэчывы маюць горкі смак і пры заварваньні кавы пераходзяць у розных канцэнтрацыях у напой. Яны таксама зьвязваліся са згаданымі вышэй рэцэптарамі горкага смаку, але гэтага было недастаткова, каб аказаць заўважны ўплыў на смак кавы. На выпрабаваньнях толькі камбінацыя мазамбіязыду й прадуктаў ягонага распаду прывяла да таго, што 8 з 11 чалавек адчулі горкі смак. Аднаму сумесь падалася цёрпкай, а двум астатнім — ніякай.
Потым генэтычны тэст паказаў, што чульлівасьць да смаку залежыць ад генэтычный схільнасьці. Так у двух чалавек выявіліся 2 зламаныя копіі гена TAS2R43. Сем чалавек мелі толькі адну дэфэктную копію гэтага гена, а ў астатніх абедзьве копіі былі нармальнымі.
Гадзіньнік Суднага дня зноў пераведзены наперад — цяпер ён паказвае 89 сэкунд да поўначы, што зьяўляецца самым трывожным значэньнем за ўсю 78-гадовую гісторыю праекта. Гэта сымбалічны сыгнал, які паказвае на крытычны ўзровень глябальных пагроз, здольных прывесьці да катастрофы. На думку навукоўцаў, калі сьвет не зьменіць кірунак, наступствы могуць быць непапраўнымі.
Рашэньне аб пераводзе стрэлак учора прыняла група экспэртаў з Bulletin of the Atomic Scientists, улічваючы такія фактары, як ядзернае супрацьстаяньне, зьмены клімату, біялягічныя пагрозы й разьвіцьцё штучнага інтэлекту. Асаблівую трывогу выклікаюць канфлікты ва Ўкраіне й на Блізкім Усходзе, нестабільныя міжнародныя адносіны й няздольнасьць сусьветных лідараў эфэктыўна рэагаваць на выклікі.
Гадзіньнік Суднага дня быў створаны ў 1947 годзе навукоўцамі, якія ўдзельнічалі ў Мангэтанскім праекце, як мэтафара пагрозы ядзернай вайны. Зь цягам часу значэньне пашырылася, ахопліваючы й іншыя глябальныя рызыкі. Штогод навукоўцы й ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі пераглядаюць становішча стрэлак, нагадваючы сьвету пра неабходнасьць тэрміновых дзеяньняў.
Польскія дасьледнікі знайшлі эфэктыўны спосаб навучаньня, але ён не спадабаўся студэнтам
Дасьледчая каманда зладзіла сем экспэрымэнтаў з польскімі студэнтамі, якім прапанавалі пачаць вывучаць фінскую мову, і носьбітамі ангельскай мовы, якім трэба было разабрацца ў геалягічных канцэпцыях. У першым выпадку ўдзелькі/удзельніцы запаміналі пары слоў у розных умовах: адныя бачылі новыя словы ў аднолькавым кантэксьце некалькі разоў (сабака ляжыць на канапе), а іншыя сутыкаліся з рознымі кантэкстамі (сабака ляжыць на канапе, сабака сьпіць на падлозе). У досьледах па геалёгіі студэнты мусілі адказваць на пытаньні пасьля лекцыі, толькі для адных пытаньні паўтараліся, а для другіх былі рознымі. Самі дасьледнікі вымяралі як фактычныя вынікі ўдзельнікаў/удзельніц, так і субʼектыўныя ацэнкі эфэктыўнасьці мэтадаў.
Аказалася, што ва ўсіх экспэрымэнтах пераменная практыка (розны кантэкст і розныя пытаньні) давала лепшыя вынікі, чым сталая практыка. Прытым гэта назралася ня толькі адразу пасьля заняткаў, але й праз 24 гадзіны пасьля іх. Таксама найбольш выразна эфэкт праяўляўся пры спалучэньні пераменнай практыкі з разьмеркаваным паўтарэньнем, калі вывучаныя сёньня матэрыял паўтараецца заўтра, праз тыдзень і гд. Але самі ўдзельнікі/удзельніцы лічылі найбольш эфэктыўнай сталую практыку, нават калі бачылі, што пераменная дае лепшыя вынікі.
Навукоўцы прымацавалі на пчол QR-коды, каб даведацца больш пра іхняе жыцьцё
Дасьледнікі замацавалі на пчолах маленькія QR-коды, каб даведацца, як далёка яны лётаюць у пошуках ежы. Гэтая інавацыйная тэхналёгія ўжо дазволіла навукоўцам і пчалярам атрымаць новыя даныя пра паводзіны важных апыляльнікаў.
Для адсочваньня перамяшчэньняў навукоўцы выкарыстоўвалі аўтаматычную сыстэму з датчыкам на ўваходзе ў вулей. Сыстэма рэгістравала кожны ўваход і выхад пчалы зь яе індывідуальным QR-кодам, фіксуючы дату, час, тэмпэратуру й кірунак руху. Усяго аўтары дасьледаваньня адзначылі больш за 32 000 пчол.
Ранейшыя дасьледаваньні высьветлілі, што мядовыя пчолы могуць лётаць на адлегласьць да 10 кілямэтраў ад вульля, але гэтая лічба часта выклікае сумненьні. Новыя дасьледаваньні дазваляюць больш дакладна ацаніць рэальныя дыстанцыі іхніх палётаў. Напрыклад, папярэднія вынікі паказваюць, што большасьць вылетаў пчол з вульля працягваюцца ад адной да чатырох хвілін, што можа сьведчыць пра хуткія праверкі надворʼя ці іншыя кароткатэрміновыя задачы.
Яшчэ каля 34% пчол зьдзяйсьнялі палёты працягласьцю больш за дзьве гадзіны. Гэтыя доўгія вылеты, магчыма, зьвязаныя зь неабходнасьцю шукаць ежу далей ад вульля, асабліва ў пэрыяды, калі паблізу было менш кветак. Але частка зьвестак магла быць скажонай пчоламі, якія маглі ўвайсьці ў вулей так, што QR-код застаўся незаўважаным.
Акрамя таго, высьветлілася, што пчолы жывуць даўжэй, чым меркавалася раней: замест 28 дзён яны могуць жыць да шасьці тыдняў. Пры гэтым першыя два тыдні свайго жыцьця пчолы праводзяць унутры вульля, а потым пачынаюць здабываць ежу.
Умеранае спажываньне ультраапрацаванага мяса прысьпешыла старэньне мазґоў
Дасьледчая каманда высьветліла, што нават умеранае спажываньне апрацаванага чырвонага мяса можа нэґатыўна ўплываць на здароўе мазґоў. У маштабным дасьледаваньні ўдзельнічалі больш за 133 000 мэдыцынскіх работнікаў, у якіхзьбіралі зьвесткі пра харчаваньне, кагнітыўныя функцыі й дыягназы праз анкетаваньне й тэлефонныя інтэрвію. Агульны час назіраньня складаў каля 43 гадоў.
Апрацаваным мясам аўтары лічылі прадукты, такія як бэкон, сасіскі, хот-догі й салямі, а неапрацаваным – ялавічыну, сьвініну, бараніну й фарш. Акрамя дыягностыкі дэменцыі, кагнітыўныя функцыі ацэньвалі з дапамогай апытаньняў і размоў па тэлефоне, каб вымераць субʼектыўнае ўспрыманьне ўдзельнікамі сваёй памяці й мысьленьня.
Вынікі паказалі, што людзі, якія спажывалі хаця б 0,25 порцыі апрацаванага чырвонага мяса ў дзень (адна порцыя — кавалак памерам з далонь), мелі на 13% вышэй рызыку разьвіцьця дэменцыі ў параўнаньні з тымі, хто ўжываў яго мінімальна. У іх таксама назіралася паскарэньне ўзроставага старэньня мазґоў – на 1,6 году за кожную порцыю апрацаванага мяса ў дзень. Асабліва заўважна гэта было сярод удзельнікаў старэйшых за 78 гадоў, дзе аматары мяса мелі на 14% вышэйшую рызыку праблем з памяцьцю й мысьленьнем.
Аднак дасьледаваньне дае надзею: замена апрацаванага мяса іншымі крыніцамі бялку можа палепшыць стан мазґоў. Ужываньне арэхаў і бабовых замест апрацаванага мяса зьніжала рызыку дэменцыі на 19%, а рыбы – на 28%. Такі крок можа стаць простым, але эфэктыўным спосабам захаваць кагнітыўнае здароўе.
У японскім акварыюме рыба-месяц засумавала без наведвальнікаў
Рыба-месяц (Mola mola) прыбыла ў акварыюм Кайкёкан на захадзе Японіі летась. Рыба мела 27,65 кг. вагі, а даўжыня цела складала амаль 80 см. Цягам году яна крыху падрасла й агулам пачувалася добра.
Аднак калі 1 сьнежня 2024 году распачалася рэканструкцыя акварыюму, рыба перастала есьці й пачала церціся аб шкло рэзэрвуара. Супрацоўнікі спачатку падумалі, што прычынаю раптоўнай зьвены паводзінаў могуць быць паразыты, але потым зьявілася гіпотэза, што рыба проста пачала сумаваць без наведвальнікаў. Тым больш, яна карысталася вялікай папулярнасьцю ў іх.
Таму супрацоўнікі акварыюму пастанавілі разьвесіць перад рэзэрвуарам фотаздымкі твараў людзей і вопратку, каб стварыць ілюзію натоўпу. І гэта спрацавала! Літаральна на наступны дзень рыба ўжо сілкавалася мэдузамі й паступова перастала церціся аб шкло.
Наступным сродкам ад хваробы Альцгаймэра можа стаць ксэнон
Ксэнон — інэртны газ, які шырока выкарыстоўваецца ў мэдыцыне ў якасьці анэстэтыка й агента для мэдыцынскай візуалізацыі. Дзякуючы здольнасьці пранікаць праз гематаэнцэфалічны барʼер, які абараняе мазгі ад інфекцый і большасьці лекавых прэпаратаў, ён зацікавіў навукоўцаў як магчымы сродак для лячэньня нэўрадэгенэратыўных захворваньняў, уключаючы хваробу Альцгаймэра.
У нядаўнім дасьледаваньні, апублікаваным у Science Translational Medicine, навукоўцы вывучылі ўплыў ксэнону на мышэй з мадэльлю хваробы Альцгаймэра. Гэта адмысловыя лініі мышэй, схільныя да запаленьня й разбурэньня мазгоў, характэрных для нэўрадэгенэратыўнага захворваньня. Удыханьне ксэнону актывавала мікраглію — асаблівыя імунныя вузы мазгоў, якія абараняюць іх ад пашкоджаньняў. Вынікі паказалі зьніжэньне ўзроўню запаленьня, памяншэньне атрафіі мазгоў і, што важна, скарачэньне ўзроўню амілоідных бляшак — ключавога біямаркера хваробы Альцгаймэра.
Хоць дасьледаваньне пакуль абмяжоўваецца экспэрымэнтамі на мышах, вынікі выглядаюць пэрспэктыўна. Навукоўцы ўжо плянуюць клінічныя выпрабаваньні на людзях, каб ацаніць патэнцыял ксэнону як новага падыходу да лячэньня хваробы Альцгаймэра.
Укус кляшча стаў прычынаю страты слыху ў жанчыны з Нэпалу
Мэдыкі апісалі жахлівую гісторыю 21-гадовай жанчыны з Нэпалу. Паводле справаздачы, яна зьвярнулася па дапамогу праз тыдзень пасьля зьяўленьня моцнага, пранізьлівага болю ў правым вуху. Дзесьці за два дні да візыту пацыентка перастала чуць пашкоджаным вухам, а таксама ў яе зьявілася галавакручэньне.
Вінаватага ў жахлівых сымптомах знайшлі хутка, ім аказаўся мёртвы клешч, які залез глыбока ў слыхавы канал. Яго вынялі, а пацыентка неўзабаве ачуняла. Мэдыкі мяркуюць, што прычынаю запаленьня ўнутранага вуха, а менавіта яно выклікала сыптомы, стала таксычная сьліна паразыта. Да того ж, месца ўкуса было побач з бубеннай балонай (альбо наўпрост у ёй), што паспрыяла трапленьню таксына ва ўнутранае вуха.
У катоў знайшлі перайманьне мімікі
Яшчэ ў 2023 годзе каманда дасьледнікаў даведалася, што ў катоў ёсьць даволі вялікі набор мімічных выразаў, але было невядома, ці зважаюць жывёлы на іх падчас камунікацыі. Знайсьці адказ на гэтае пытаньне дазволіў штучны інтэлект.
Каманда скарысталася адмысловай праграмай, распрацаванай для распазнаваньня кацінай мімікі, каб адсачыць камунікацыю жывёлаў з суродзічамі. Праграма вызначала 48 стратэгічных кропак, якія фармавалі 26 ”базавых” выразаў. Потым дасьледнікі шукалі па відэазапісам, як зьмянялася міміка гадаванцаў у парах.
Паводле аўтараў, прыкладна ў 22% выпадкаў каты на імгненьне пераймалі міміку адно аднаго. Найчасьцей пасьля такога ўчынку (60% выпадкаў) жывёлы пачыналі сяброўскія гульні, альбо ўзаемны догляд.
Вага і мэтабалізм у большай ступені вызначаюцца генамі, чым дыетай
Амэрыканскія даследнікі кажуць, што генэтычны фон аказвае значны ўплыў на вагу цела, тлушчавую тканку, канцэнтрацыі глюкозы і ліпідаў у крыві. Прытым гэны ўплыў больш істотны, чым ад пэўных дыет.
Аўтары кармілі генэтычна разнастайных мышэй чатырма розынмі дыетамі: міжземнаморскай, вегетарыянскай, веганскай і тыповай амэрыканскай, якая часта асацыюецца з нэгатыўнымі наступствамі для здароўя. Рацыён для кожнай дыеты быў збалянсаваны па макранутрыентах (бялкі, тлучшы, вугляводы).
Такім чынам выявілася, што не ўсе мышы на амэрыканскай дыеце набралі лішнюю вагу, а на міжземнаморскай не ўсе засталіся худымі. То бок, наступствы дыеты сярод мышэй з розным генэтычным фонам ў межах адной групы былі рознымі. Гэта дазваеляе зрабіць здагадку, што апрача дыеты ролю тут адыгралі і гены.
Гэта першае падобнае дасьледаваньне, таму ў дасьледнікаў і дасьледніц яшчэ шммат працы, але старт інтрыгуе.
Штучны інтэлект абвінавацілі ў зьніжэньні крытычнага мысьленьня ў людзей
Некаторы час таму на reddit зьявіўся допіс, у якім карастальнік распавёў пра тое, як ягоная 11-гадовая сястра карыстаецца ChatGPT, і гэта выклікала вялікае абмеркаваньне. Паводле допісу, дзяўчынка зьвяртаецца да моўнай мадэлі літаральна з кожным пытаньнем, не спрабуючы самастойна адшукаць адказ (напрыклад, перавесьці 3 хвіліны ў сэкунды, 1 дзень і 7 гадзін ў гадзіны й г.д.). Такая зьява атрымала назву кагнітыўнай разгрузкі й, паводле новага дасьледаваньня, нічога добрага з гэта ня будзе.
Навукоўцы паклікалі 666 чалавек з розных ўзроставых груп і прапанавалі ім адказаць на некаторыя пытаньні адносна выкарыстаньня "штучнага інтэлекту", а таксама прайсьці адмысловае тэставаньне на выяшленьне ровень крытычнага мысьленьня.
Статыстычны аналіз у выніку паказаў, што частае выкарыстаньне ШІ адмоўна карэлюе з паказьнікамі крытычнага мысьленьня. Так, было выяўлена, што кагнітыўная разгрузка (перанос некаторай часткі інтэлектуальных задач на нэўрасеткі) сапраўды павялічваецца, калі чалавек актыўна карыстаецца ШІ, адначасова з гэтым яна зьніжала здольнасьць крытычна ацэньвацт інфармацыю.
У дадатак да гэтага, аўтары таксама зладзілі інтэрвію з 50 удзельнікамі й удзельніцамі, дзе сьцьвердзілася тэндэнцыя: маладыя карыстальнікі ШІ часьцей абапіраюцца на ШІ ў паўсядзённых задачах, што адбіваецца на іхняй здольнасьці самастойна разьвязваць праблемы.
Агулам такія вынікі паказваюць на неабходнасьць балянсаваньня паміж выкарыстаньнем ШІ і разьвіцьцём навыкаў крытычнага мысьленьня, а пачынаць трэба са сфэры адукацыі.
Людзі, якія ня могуць уявіць сабе нешта, насамрэч уяўляюць гэта ў мазгах
Бальшыня людзей на просьбу ўявіць сабе, скажам, яблык, імгненна "бачаць" яркі вобраз фрукта, але прыблізна 1 чалавек з 100 не ўявіць сабе нічога. Гэта афантазыя.
Існуюць меркаваньні, што афантазыя можа быць зьвязанай з парушэньнямі функцый зрокавай кары мазгоў, дзе й апрацоўваюцца пабачанае намі. У такім выпадку просьба ўявіць сабе той жа яблык не выклікае тут актыўнасьць, а няма актыўнасьці — няма й мысьленных вобразаў.
Зрэшты гэтую гіпотэзу паставілі пад сумнеў аўтары новага дасьледаваньня, у якім узялі ўдзел 14 чалавек з афантазыяй і 18 нэўратыпічных асоб. Навукоўцы пад пільным маніторынгам фМРТ спачатку паказвалі простыя ўзоры з чырвоных ці зялёных палосак, а потым прасілі ўявіць нешта падобнае.
Затым каманда падключыла адмысловы альгарытм, каб ён мог на падставе актыўнасьці зрокавай кары вызначыць колер узору, калі людзі яго сабе ўяўлялі. У выніку дэкадаваньне аказалася пасьпяховым для ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц незалежна ад наяўнасьці афантазыі. То бок, у актыўнасьці зрокавай кары не было аніякіх адрозьненьняў.
Аднак у наступных досьледах, дзе навукоўцы прасілі абедзьве групы ўявіць відарыс зьлева ці справа, адрозьненьні знайшліся. У людзей з афантазыяй мазгавая актыўнасьць зьяўлялася акурат з таго ж боку, дзе быў уяўны відарыс, а ў нэўратыповых людзей актыўнасьць назіралася з супрацьлеглага боку.
Фізычныя практыкаваньні пасьля сьняданьня зьнізілі апэтыт і ровень глюкозы ў жанчын
Дасьледчая каманда з Унівэрсытэта Таронта зладзіла дасьледаваньне, у якім выявіла, што ў здаровых жанчын павышэньне ровеню цукру ў крыві пасьля прыёму ежы было ніжэй, калі фізычныя практыкаваньні адбываліся пасьля сьняданку. Яны таксама заўважылі, што ўдзельніцы, якія займаліся спортам пасьля сьняданьня, мелі больш нізкі апэтыт перад і пасьля трэнаваньня, чым тыя, хто аддавалі перавагу практыкаваньням нашча.
Павелічэньне канцэнтрацыі цукру ў крыві пасьля ежы - зьява цалкам натуральная, але празьмерныя ваганьні ровеню глюкозы могуць падвышаць рызыку кардыёмэтабалічных захворваньняў, такіх як дыябэт 2 тыпу.
Звычайна падобныя дасьледаваньні ладзяцца ў лябараторных умовах на адмысловым абсталяваньні, але тут аўтары засяродзіліся на хатніх ўмовах і простых практыкаваньнях, такіх як скокі, прысяданьні, і камбінацыя іх.