cblnq | Образование

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Подписаться на канал

cybulinka

Ангельскамоўныя фільмы сталі больш жорсткімі за апошнія 50 гадоў

Новае дасьледаваньне, якое базуецца на аналізе дыялогаў гэрояў больш чым 166 000 фільмаў за апошнія 50 гадоў, выявіла заўважны рост узгадваньняў забойстваў, нават у жанрах, не зьвязаных з крыміналам.

Аўтары падлічылі частату выкарыстаньня "дзеясловаў забойства" у стужках, зьнятых з 1970 па 2020 год, і пабачылі істотны рост выкарыстаньня такіх слоў з кожным дзесяцігодзьдзем. Найбольш выразна тэндэнцыя праяўляецца ў крымінальных творах, але рост не абмінуў і іншыя жанры, што сьведчыць аб нармалізацыі абмеркаваньня гвалту ў дыялогах.

Дасьледнікі адзначаюць, што такі трэнд, імаверна, зьявіўся праз канкурэнцыю кінастудый за ўвагу гледача. У такім выпадку гвалт становіцца эфэктыўным інструмэнтам прыцягненьня аўдыторыі, аднак у пэрспэктыве людзі могуць пачаць ўспрымаць рэальнасьць больш небясьпечнай і пагрозьлівай, чым яна ёсьць насамрэч.

Читать полностью…

cybulinka

Напоі з цукрам сталі прычынаю 10% новых выпадкаў дыябэту

Міжнародная ініцыятыва Global Dietary Database апублікавала справаздачу, паводле якой у 2020 годзе салодкія напоі сталі прычынай 2.2 млн новых выпадкаў цукровага дыябэту (9.8% ад усіх новых выпадкаў) і 1.2 млн выпадкаў сэрцава-судзінных захворваньняў (3.1% усіх новых выпадкаў). Аналіз базуецца на зьвестках з 118 краін і апытаньнях амаль 3 млн дарослых людзей.

Са справаздачы вынікае, што ў сярэднім дарослы чалавек спажываў 2.6 порцыі салодкіх напояў за тыдзень. У падлік бралі ня толькі стандартныя газаваныя напоі, але й энэргетыкі, напоі з сокам і інш.

Найбольшая доля захворваньняў, зьвязаных са спажываньнем такіх напояў, зарэгістравана сярод мужчын, моладзі, гарадзкіх жыхароў з вышэйшай адукацыяй.

Каманда аўтараў падкрэсьлівае, што багатыя на калёрыі напоі з цукрам спрыяюць набору вагі й павялічваюць тым самым рызыкі кардыёмэтабалічных захворваньняў. Для зьніжэньня нэгатыўных наступстваў яны раяць уводзіь абмежаваньні продажу й спажываньня напояў.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы распрацавалі для мышэй VR-акуляры

Дасьледнікі Карнэльскага ўнівэрсытэта распрацавалі сыстэму віртуальнай рэальнасьці для мышэй MouseGoggles, і яна ўжо праявіла сябе ў экспэрымэнтах. Калі мышам надзявалі маленькія акуляры, яны актыўна рэагавалі на змадэляваныя выявы, што можа зрабіць віртуальную рэальнасьць больш эфэктыўным інструмэнтам для дасьледаваньняў на жывёлах.

Хаця «мышыны VR» можа выглядаць пацешна, у яго ёсьць і сурʼёзнае прымяненьне. Навукоўцы часта вывучаюць мышэй у кантраляваным асяродзьдзі, каб лепей зразумець іхнія паводзіны, але цяперашнія ўмовы далёкія ад ідэальных. Звычайна мышэй разьмяшчаюць на бегавых сфэрах, акружаных праекцыйнымі экранамі, якія не дазваляюць ім цалкам пагрузіцца ў віртуальнае асяродзьдзе. У выніку жывёлы часта ня могуць натуральна рэагаваць на мадэляваныя стымулы.

MouseGoggles зьмяняе сытуацыю. Замест таго каб ствараць складаную сыстэму з нуля, каманда выкарыстала невялікія й даступныя кампанэнты ад смарт-гадзіньнікаў і іншых спажывецкіх прыладаў. Мышы надзяваюць акуляры, знаходзячыся на бегавой сфэры, ім фіксуюць галовы, каб акуляры заставаліся на месцы. Дзякуючы такой устаноўцы атрымліваюцца візуальныя стымулы з высокай ступеньню пагружэньня.

Каб пратэставаць сыстэму, каманда падвяргала мышэй розным віртуальным сцэнарам, назіраючы за іхніяй мазгавой актыўнасьцю й паводзінамі. Вынікі аказаліся ўражлівымі. У адным з тэстаў дасьледнікі змадэлявалі цёмную фігуру, якая набліжаецца да мышэй, — патэнцыйнага драпежніка. Пры выкарыстаньні традыцыйных VR-установак зь вялікімі экранамі мышы не рэагавалі. Але ў акулярах MouseGoggles амаль кожная мыш пужалася й скакала пры першай сустрэчы, быццам верыла, што драпежнік сапраўды набліжаецца.

Читать полностью…

cybulinka

Вялікі кавалак касьмічнага сьмецьця абрынуўся на вёску ў Кеніі

Здарэньне адбылося яшчэ 30 сьнежня. Спачатку мясцовыя жыхары пачулі моцны выбух, што напалохала іх. Але потым у лесе недалёк ад вёскі знайшоўся кольцападобны мэталічны абʼект, шырыня якога складала 2.5 мэтра, а вага - 500 кг. Вакол месца здарэньня назіраліся паваленыя дрэвы й кусты.

Адмыслоўцы ідэнтыфікавалі знаходку як разьдзяляльнае кальцо ад ракеты, аднак паходжаньне пакуль высьветляецца.

Пакуль такія здарэньні фіксуюцца даволі рэдка, але нізкая каляземная арбіта ўжо перапоўненая касьмічным сьмецьцем рознага памеру, таму хутка праблема падзеньня вялікіх фрагмэнтаў стане асабліва актуальнай.

Читать полностью…

cybulinka

У жанчыны вырасьлі мігдаліны праз 40 гадоў пасьля выдаленьня

У дзяцінстве Кэці Гольдэн мела праблемы зь мігдалінамі, якія часта запальваліся й давалі ўскладненьні на вушы. Таму летам 1983 году лекары пастанавілі выдаліць мігдаліны. Апэрацыя прайшла добра, і дзяўчынка забылася на праблемы з вушамі.

Аднак колькі гадоў таму Кэці стала заўважаць шматкі тканак у горле падчас застуды. Жанчына спачатку не надавала пабачанаму ўвагі, але восеньню мінулага году боль у горле стаў надта моцным, што прымусіла яе зьвярнуцца да лекара.

Уласна оталярынголяг на прыёме й знайшоў новыя мігдаліны ў пацыенткі. У выніку Кэці зрабілі паўторную апэрацыю, пасьля якой яна цалкам аднавілася.

Цікава, што паўторны рост мігдалін пасьля выдаленьня адбываецца толькі ў 6% выпадкаў. Мяркуецца, што на гэта могуць паўплываць вялікая колькасьць салодкага ў рацыёне, шмат перанесеных рэсьпіраторных інфэкцый, а таксама спосаб выдаленьня (халодны/гарачы).

Читать полностью…

cybulinka

Спажываньне солі зьвязалі зь невялічкай групай нэўронаў у мазгах

Натар (Na), асноўную частку якога мы атрымліваем з солі, жыцьцёва важны для арганізму элемэнт. Ён дапамагае падтрымліваць балянс вадкасьцяў, функцыянаваньне нэрвовай сыстэмы й цягліцаў. Але важна захоўваць балянс: занадта малая колькасьць натру можа прывесьці да зьніжэньня абʼёму крыві й сурʼёзных наступстваў, а лішак павышае рызыку гіпэртаніі й сэрцава-судзінных захворваньняў. Нягледзячы на тое, што сёньня празьмернае спажываньне солі сустракаецца значна часьцей, эвалюцыя выпрацавала магутны мэханізм, які стымулюе нас шукаць соль пры недахопе натру.

Амэрыканскія навукоўцы раскрылі адну з загадак гэтага мэханізму. Яны выявілі групу нэўронаў у ствале галаўных мазгоў, якія адказваюць за спажываньне солі. Такія нэўроны (HSD2) актывуюцца гармонaм альдастэронам, які сынтэзуюецца арганізмам, калі абʼём вадкасьці зьмяншаецца, напрыклад, пры абязводжваньні або стратах крыві. Альдастэрон стымулюе арганізм утрымліваць натар, а таксама ўзмацняе жаданьне спажываць соль.

Дасьледаваньне паказала, што HSD2-нэўроны граюць ключавую ролю ў гэтым працэсе. У экспэрымэнтах на мышах азтары выявілі, што пры выдаленьні гэтых вузаў апэтыт да солі зьнікае, нягледзячы на высокі ўзровень альдастэрона. Яны таксама выявілі, што згаданыя нэўроны ёсьць і ў людзей, што падкрэсьлівае ўнівэрсальнасьць абарончага мэханізму.

Каманда таксама паведамляе, што такіх нэўронаў у мазгах няшмат: 200 у мышэй, каля 1000 у людзей. Нягледзячы на гэта, яны цалкам кантралююць пошук і спажываньне солі.

Читать полностью…

cybulinka

У зубах сучасных людзей знайшлі спадчыну нэандэртальцаў

Міжнародная каманда навукоўцаў знайшла адрозьненьні ў будове зубоў розных этнічных груп. Прытым выкрылася адна асаблівасьць, якая зьвязаая з успадкаваным ад нэандэртальцаў генам. Такое адкрыцьцё можа некалі дапамагчы ў дыягностыцы й лекаваньні генэтычыных захворваньняў зубоў.

Дасьледнікі выкарысталі гіпсавыя вылепкі зубоў 882 чалавек эўрапейскага й афрыканскага паходжаньня, а таксама карэнных народаў Амэрыкі. Потым фізычныя характарыстыкі вылепкаў адмыслоўцы параўналі з генэтычнымі данымі тых жа людзей, і знайшлі 18 участкаў генома, якія адказваюць за форму й памер зубоў. Цікава, што бальшыню зь іх ідэнтыфікавалі ўпершыню.

Аўтары мяркуцюь, што адзін з генаў паходзіць ад неандэртальцаў, зь якімі старажытыя людзі крыжаваліся падчас непрацяглага суіснаваньня на плянэце. Такі генэтычны варыянт знайшоўся толькі ў людзей эўрапейскага паходжаньня й быў зьвязаны з больш тонкімі секачамі (разцы). Адзначаецца таксама, што людзі з такім генэтычным варыянтам мелі больш дробныя зубы.

Аднак пакуль невядома, ці давалі такія адрозьненьні ў форме зубоў хоць якія эвалюцыйныя перавагі, магчыма гэта толькі пабочны эфэкт, а самі гены граюць важныя ролі ў нечым іншым.

Читать полностью…

cybulinka

Крабы зьелі каля 22% маленькіх зялёных чарапах

На аўстралійскім востраве Тэвэ­нард заолягі прасачылі цяжкі лёс малых зялёных чарапах Natator depressus. Высьветлілася, што галоўнымі ворагамі чарапашанят аказаліся крабы й марскія птушкі.

Навукоўцы падлічылі, што з 74,2% яек, зь якіх пасьпяхова вылупіліся чарапашаняты, 21,2% зьелі крабы роду Ocypode, а яшчэ 8,9% сталі здабычай птушак. Драпежнікі нападаюць на чарапашанят, калі тыя масава выбіраюцца з гнёздаў і імкнуцца да мора.

Трагічны лёс чарапах высьветліўся, калі вучоныя ўсталявалі відэакамэры каля 17 кладак, якія зафіксавалі 87 выпадкаў выхаду малых на паверхню. З 314 чарапашанят да вады дабраліся толькі 69,9%.

Цікава, што яйкі зялёных чарапах на Тэвэ­нардзе не пацярпелі ад разарэньня. Аўтары мяркуюць, што чарапахі адкладаюць іх у месцах, недаступных для крабаў, альбо іхняя абалонка непрывабная для гэтых драпежнікаў.

Вынікі дасьледаваньня падкрэсьліваюць, што выжываньне чарапашанят залежыць ад колькасьці групы: чым больш малых вылупляецца адначасова, тым больш у іх шанцаў пазьбегнуць драпежнікаў.

Читать полностью…

cybulinka

Распачалося масавае падсумаваньне вынікаў 2024 году, і часопіс Nature апублікаваў падборку найлепшых навуковых здымкаў. Вось некаторыя зь іх ⬆️

Читать полностью…

cybulinka

Глыбокі сон назвалі адказным за фармаваньні доўгатэрміновых успамінаў

Навукоўцы з бэрлінскай клінікі Charité зрабілі крок да разгадкі адной з самых цікавых таямніц — як нашыя мазгі выкарыстоўваюць сон для фармаваньня памяці. У сваім артыкуле ў часопісе Nature Communications яны паведамілі, што знайшлі важны мэханізм, дзякуючы якому ўспаміны з кароткатэрміновай памяці перамяшчаюцца ў доўгатэрміновую.

Паводле дасьледнікаў, падчас глыбокага сну гіпакамп, які часова захоўвае ўсе падзеі за дзень, нібы «прайграе» іх, каб перадаць у доўгатэрміновае сховішча — нэакортэкс. Гэты працэс адбываецца пад кіраваньнем павольных электрычных хваль, якія сынхронна распаўсюджваюцца па мазгам прыкладна раз у сэкунду.

Раней ужо было вядома, што такія штучна выкліканыя хвалі падчас сну могуць паляпшаць памяць. Аднак традыцыйныя тэхналёгіі, напрыклад, электраэнцэфалаграфія, не дазвалялі ўбачыць дэталі — тое, што адбываецца на ўзроўні асобных нэўронаў.

Каб разабрацца ў гэтым, каманда навукоўцаў прааналізавала ўнікальныя дадзеныя, атрыманыя ад 45 пацыентаў з эпілепсыяй і пухлінамі, якім праводзілі апэрацыі на мазгах. Дасьледнікі выкарыстоўвалі высокадакладныя зонды, каб узнавіць электрычныя хвалі, характэрныя для глыбокага сну. У выніку яны заўважылі, што ў моманты, калі напружаньне ў нэўронах пераходзіла ад нізкага ўзроўню да высокага, сінаптычныя сувязі паміж вузамі рабіліся мацнейшымі.

Аўтары кажуць, што калі ўспамін «прайграецца» у такія моманты глыбокага сну, ён больш эфэктыўна запісваецца ў доўгатэрміновую памяць.

Читать полностью…

cybulinka

Люстраныя мікробы выклікалі занепакоенасьць сярод навукоўцаў

Некаторыя арганічныя малекулы існуюць у прыродзе ў дзьвюх люстраных формах, як нашыя левыя й правыя рукі. Гэта даволі пашыраная сярод асымэтрычных малекул зьява (агулам яна завецца стэрэаізамерыяй). Звычайна такія люстраныя ізамеры пазначаюць літарамі L (левабаковыя малекулы) і D (правабаковыя). Таксама варта адзначыць, што балянс L і D формаў у прыродзе залежыць ад клясы рэчываў. Напрыклад, у біялягічных сыстэмах бялкі будуюцца толькі з L-амінакіслот, таму ў прыродзе яны больш пашырыліся. Калі зьвярнуцца да вугляводаў, ДНК і РНК, то там большы распаўсюд атрымалі D-ізамеры. Аднак гэта не азначае, што нельга пабудаваць бялок з D-амінакіслот.

Сынтэтычныя біёлягі навучыліся ствараць люстраныя вэрсыі некаторых бялкоў і ґенэтычных малекул, бо такія ”ненатуральныя” малекулы могуць стаць асновай, напрыклад, для ўстойлівых лекаў, якія ня будуць разбурацца фэрмэнтамі. Так, фэрмэнты таксама разьбіраюцца ў хіміі, таму раскладаюць толькі D-вугляводы.

Калі ўжо атрымалася стварыць люстраныя формы малекул, то наступным крокам будзе стварэньне люстранога арґанізму (бактэрыі), у якім усе біялягічныя малекулы будуць супрацьлеглымі прыроднай форме. Насамрэч, некаторыя адмыслоўцы ўжо даўно разглядаюць такую магчымасьць і працуюць над гэтым.

Аднак на гэтым тыдні група з 38 навукоўцаў выдала дакумэнт, у якім выказала занепакоенасьць такім імкненьнем. Паводле аўтараў, стварэньне ў лябараторыі ненатуральнай формы бактэрыі можа прывесьці да зьяўленьня ”чумы”, якая зьнішчыць усё жывое, таму яны заклікаюць не фінансаваць распрацоўваньне люстраных форм жыцьця.

І такія апаскі маюць быць, бо створаная люстраная бактэрыя, імаверна, будзе мець высокую біялягічную стабільнасьць. То бок, будзе ўстойлівай да звычайных фэрмэнтаў і фагаў (вірысаў бактэрый). Але ня ўсе навукоўцы падтрымалі дакумэнт, і мяркуюць, што апасеньні перабольшаныя, бо зь іншага боку такая бактэрыя можа й наўпрост не выжыць ў нашым сьвеце.

Читать полностью…

cybulinka

🌟 Бізон Гіґс – галоўная навуковая прэмія беларусаў для нашых таленавітых навукоўцаў у галіне натуральных, дакладных навук і навук пра Зямлю!

Хочаце стаць часткай гэтага маштабнага праекту? Вось, як гэта зрабіць:

1️⃣ Намінуйце герояў навукі!
Знаеце таленавітых беларусаў, якія робяць навуку? Унесьці іх імёны можна па спасылцы:
👉 Намінаваць навукоўца

2️⃣ Дапамажыце сфармаваць прызавы фонд!
Кожны рубель – гэта крок да ўзнагароды лепшых. Далучыцца можна праз:
☕️ Buy Me a Coffee
💚 Гронка

3️⃣ Галасуйце за навукоўцаў!
Ваш голас – шанец для фаварыта. Падрабязнасьці па спасылцы:
👉 Галасаваньне (распачнецца пазьней)

📅 Ґрафік прэміі:

Лістапад – сьнежань 2024: збор сродкаў.
Сьнежань 2024: прыём заяў на намінантаў.
Студзень – люты 2025: галасаваньне.
🏆 15 сакавіка 2025: узнагароджаньне пераможцаў!

Далучайцеся да гэтай вялікай навуковай місіі!
Больш падрабязнасьцяў:
👉 Pamyłka №3
👉 Instagram прэміі
_
Партнэрскі допіс

Читать полностью…

cybulinka

Канцэнтрацыя некаторых бялкоў у крыві дапаможа выявіць хуткае старэньне мазґоў

Дасьледаваньне паказала, што канцэнтрацыя 13 бялкоў у крыві можа служыць індыкатарам хуткасьці старэньня мазґоў. Такія бялкі сынтузуюцца мазґавымі вузамі й, імаверна, зьвязаныя з рызыкай разьвіцьця дэменцыі й інсульта.

Кітайскія навукоўцы дасьледавалі МРТ-сканы амаль 11 000 чалавек з праекта UK Bіobank і навучылі штучны інтэлект прагназаваць век мазґоў на аснове іхняй структуры. Затым яны прааналізавалі сувязь паміж розьніцай ацжнкамі ШЫ і канцэнтрацыямі бялкоў у крыві. Было вылучана восем бялкоў, колькасьць якіх павялічвалася, і пяць, колькасьць якіх зьмяншалася пры прысьпешаным старэньні мазґоў.

Вынікі дасьледаваньня паказваюць, што знойдзеныя бялкі могуць быць маркерамі мазґавога старэньня. У такім выпадку адпаведны аналіз крыві можа папярэдзіць пра неабходнасьць прыняцьця мер для запаволеньня працэсу старэньня, напрыклад, зьмяненьня ладу жыцьця. Аднак для практычнага выкарыстаньня гэтых зьвестак неабходна даказаць, што канцэнтрацыю бялкоў можна зьмяніць празь зьмены ў фізычнай актыўнасьці, харчаваньні й іншых аспэктах.

Дызайн дасьледаваньня меў некаторыя абмежаваньні, таму каманда плянуе спраўдзіць вынікі на разнастайных групах людзей і жывёлаў, каб дакладна вызначыць уплыў бялкоў на кагнітыўныя функцыі й разьвіцьцё нэўрадэґенэратыўных захворваньняў. У будучыні гэта можа прывесьці да новых мэтадаў узьдзеяньня на старэньне мозгу.

Читать полностью…

cybulinka

Дасьледнікі знайшлі ў дэльфінаў сьляды наркотыкаў

У нядаўнім дасьледаваньні 89 узораў падскурнага тлушчу афалінаў з Мэксыканскай затокі было выяўлена значнае забруджаньне фармацэўтычнымі прэпаратамі (30 з 89), у тым ліку фэнтанілам — магутным апёідам, які выкарыстоўваецца ў якасьці болепатольнага сродку й можа назапашвацца ў тлушчавай тканцы.

Дасьледаваньне падкрэсьлівае ролю дэльфінаў як біяіндыкатараў здароўя марской экасыстэмы, мяркуючы, што фармацэўтычныя забруджвальнікі могуць уплываць і на іншыя арганізмы Мэксыканскай затокі. Сьляды наркатычных прэпаратаў былі выяўлены таксама ў гістарычных узорах, узятых у 2013 годзе, што сьведчыць пра існаваньне праблемы ўжо больш 10 гадоў.

Читать полностью…

cybulinka

Тут дасьледнікі паказалі сувязь паміж частатой выкарыстаньня эмодзі, узроўнем эмацыйнага інтэлекту й стылем прывязанасьці.

Так, людзі з больш высокім эмацыйным інтэлектам і бясьпечным стылем прывязанасьці часьцей выкарыстоўваюць эмодзі, асабліва ў зносінах зь сябрамі й партнэрамі. Тыя ж, хто пазьбягае любога тыпу прывязанасьці (адчужаная прывязанасьць), карысталіся эмодзі вельмі рэдка, асабліва ў рамантычных стасунках.

Агулам, жанчыны часьцей адпраўляюць эмодзі, асабліва пры зносінах зь сябрамі й сваякамі. Узровень адчужанай прывязанасьці ў жанчын зьніжае частату выкарыстаньня эмодзі пры зносінах зь сябрамі й партнэрамі, у той час як у мужчын гэтая сувязь характэрная толькі для ўзаемадзеяньня з партнэрамі.

Читать полностью…

cybulinka

Польскія вэтэрынары знайшлі невялікага паразыта ў сьвіным мясе. Гэта толькі чацьвёрты задакумэнтаваны выпадак

Нацыянальны інстытут вэтэрынарных дасьледаваньняў у Польшчы паведаміў пра ідэнтыфікацыю паразыта Sarcocystіs mіescherіana у свойскіх сьвіней.

S. mіescherіana — прасьцейшы паразыт, для якога дзікія й свойскія сьвіньні могуць быць прамежкавымі гаспадарамі. Мяса сьвіней з выразнымі прыкметамі саркацыстозу лічыцца няпрыдатным для спажываньня.

Аднак выяўленьне паразыта ўскладняецца тым, што сама інфэкцыя ў сьвіней можа ісьці ў лёгкай форме, а цысты (часовая форма існаваньня паразыта) у мясе няўзброеным вокам заўважыць складана.

Польскія дасьледнікі сабралі белыя, падобныя на зерне рысу паражэньні цяглічных тканак сьвіньні, і зрабілі шэраг аналізаў. Усе 10 узораў далі пазытыўны вынік на ДНК S. mіescherіana. Асобныя пашкоджаньні мелі даўжыню крыху больш за 1 см, а шырыня складала каля 3 мм.

Хоць крыніца заражэньня застаецца невядомай, генэтычны аналіз паказаў на сувязь польскіх узораў зь італьянскімі й латвійскімі. Аўтары кажуць, што паразыт можа быць значна больш пашыраны ў глябальнай папуляцыі сьвіней.

Читать полностью…

cybulinka

Малады культурыст спаліў прэпаратам для пахудзеньня ня толькі тлушч, але й сваё жыцьцё

Францускія дасьледнікі апісалі трагічную гісторыю 21-гадовага культурыста, які дзеля рэльефных цягліц пачаў ужываць небясьпечнае рэчыва 2,4- дынітрафэнол. Гэта цягнулася паўгады, і скончылася сьмерцьцю ад поліорганнай нястачы.

2,4-дынітрафэнол (2,4-ДНФ) — арганічнае рэчыва, якое сынтэзавалі ў пачатку 20 ст. для прамысловасьці. Аднак у 1930-х гадах высьветлілася, што гэтае рэчыва парушае сынтэз энэргіі ў вузах, чым паскарае мэтабалізм. Таму 2,4-ДНФ кароткі час выкарыстоўвалі ў якасьці сродка для пахудзеньня. Потым выявіліся жудасныя пабочныя эфэкты (гіпэртэрмія, высокае потавывядзеньне, поліорганная нястача), і рэчыва забаранілі. Але набыць яго можна й сёньня.

Да лекараў мужчына трапіў за 4 месяцы да сьмерці. Ім ён прызнаўся, што выкарыстоўваў таксычны 2,4-дынітрафэнол разам з анабалічнымі прэпаратамі ўжо некалькі месяцаў. З сыптомаў у яго былі цяжкасьці дыханьня, абільнае потавывядзеньне й высокі пульс.

Цягам наступных месяцаў стан пацыента імкліва пагаршаўся. Да ўсяго, ён хаваў ад лекараў той факт, што працягвае ўжываць 2,4-ДНФ. Гэта не дало магчымасьці скласьці эфэктыўны плян лячэньня. У выніку пацыент памёр ад поліорганнай нястачы.

Анатамаваньне й спадарожныя аналізы сьцьвердзілі факт злоўжываньня анабалічнымі прэпаратамі й 2,4-дынітрафэнолам цягам 6 месяцаў. Адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што прычынаю такіх паводзін стала мускульная дысмарфія — паталягічны псыхічны разлад, пры якім людзям падаецца, што іхняе цела недастаткова мускулістае.

Читать полностью…

cybulinka

Наўпрост зараз ідзе дасьледаваньне, у якім навукоўцы вывучаюць сынхранізацыю мазгавых хваль паміж сабакамі й іхнімі гаспадарамі з выкарыстаньнем мэтадаў ЭЭГ.

Сабакі разам з гаспадарамі ўдзельнічаюць у экспэрымэнтах, скіраваных на праверку тэорыі, што іхнія мазгавыя хвалі сынхранізуюцца падчас узаемадзеяньня, як гэта адбываецца паміж людзьмі. Экспэрымэнты ўключаюць сытуацыі, калі гаспадары пераключаюць увагу паміж сабакам, іншымі абʼектамі або часова адыходзяць, каб выявіць зьмены ў мазгавой актыўнасьці.

Сынхранізацыя мазгавых хваль, калі яна ёсьць, можа сьведчыць аб сумесным успрыманьні й інтэрпрэтацыі падзей, падмацоўваючы гіпотэзу аб унікальнай сувязі паміж чалавекам і сабакам. Дасьледаваньне таксама ўлічвае паводзіны й стылі клопату гаспадароў, што дапамагае глыбей зразумець міжвідавае ўзаемадзеяньне.

Читать полностью…

cybulinka

Новая нэўрасетка агучыць ваш тэкст на беларускай мове

Суполка Беларускі ШІ прэзэнтавала нэўрамадэль, якая робіць агучку тэкстаў на беларускай мове. Яна таксама можа кланаваць голас і эмоцыі, для гэтага патрэбны толькі ўзор аўдыё, працягласьцю больш за 7 с.

Патэставаць можна тут, а задаць пытаньні альбо далучыцца да распрацоўкі тут.

Читать полностью…

cybulinka

Асаблівая форма веек абараняе вочы ад вады

Кітайскія навукоўцы ў сваіх досьледах з натуральнымі й штучнымі вейкамі выявілі некаторыя асаблівасьці, зьвязаныя з адводам вады ад вачэй. Каманда высьветліла, што вада лёгка цячэ па вейках звонку, але толькі ў кірунку ад вока. Так адбываецца дзякуючы лускаватай, падобнай на дахоўку, паверхні кожнага вейка. Прытым такая будова не перашкаджае частковаму ўбіраньню вільгаці.

Аўтары таксама адзначылі, што вейкі маюць ідэальную форму — выгіб, які завецца брахістахронай. Такая крывая мінімізуе час, неабходны для таго, каб кроплі вады скаціліся пад уплывам сілы цяжару. Менавіта такая форма паказала найлепшыя вынікі ў досьледах са штучнымі валокнамі.

Разам усе згаданыя ўласьцівасьці дапамагаюць трымаць "вочы сухімі", але як на гэтай функцыі адбіваюцца касмэтычныя сродкі — пакуль невядома.

Читать полностью…

cybulinka

Камэры відэаназіраньня мабілізавалі функцыю распазнаваньня твараў у людзей

Навукоўцы з Тэхналягічнага ўнівэрсытэту Сіднэя высьветлілі, што відэаназіраньне паляпшае здольнасьць людзей распазнаваць твары. У экспэрымэнце ўдзельнікам паказвалі выявы праз стэрэаскоп: аднаму воку дэманстравалі яркую абстрактную карцінку, а другому — выяву чалавечага твару. Пры гэтым кантраснасьць твару паступова павялічвалася, і ўдзельнікі мусілі як мага хутчэй вызначыць ягонае разьмяшчэньне адносна цэнтральнай кропкі. Адна група ведала, што за імі вядзецца назіраньне праз камэры (ім наўпрост паведамілі пра гэта й паказалі трансьляцыю з камэр), а другая, кантрольная група, працавала ў пакоі без камэр.

Вынікі паказалі, што людзі пад назіраньнем вызначалі твар, які глядзеў прама, за 2,87 сэкунды, а твар, які глядзеў у бок, за 3,16 сэкунды. Кантрольнай групе патрабавалася больш часу: 3,65 і 3,93 сэкунды адпаведна. У паўторным экспэрымэнце, дзе замест твараў выкарыстоўвалі нэўтральныя стымулы (фільтры Габора), адрозьненьняў паміж групамі не выявілі. Гэта сьведчыць пра тое, што камэры ўзмацнялі менавіта здольнасьць распазнаваць твары, а не агульную ўвагу. Цікава, што ўзровень трывожнасьці ўдзельнікаў да й пасьля экспэрымэнта не зьмяніўся, і ён не адрозьніваўся паміж дзьвюма групамі, што выключае тлумачэньне вынікаў павышанай трывожнасьцю.

Навукоўцы прыйшлі да высновы, што вера ў назіраньне актывуе бесьсьвядомыя мэханізмы ўспрыманьня, зьвязаныя з тварамі. Гэты эфэкт, імаверна, зьвязаны з натуральным жаданьнем чалавека зрабіць добрае ўражаньне, нават калі ён толькі мяркуе, што за ім назіраюць. Такія адкрыцьці могуць дапамагчы лепш зразумець, як сацыяльнае асяродзьдзе ўплывае на нашыя паводзіны й кагнітыўныя здольнасьці.

Читать полностью…

cybulinka

У штучнага інтэлекта знайшлі прыкметы дэменцыі

Вялікія моўныя мадэлі й генэратыўныя чат-боты са штучным інтэлектам моцна ўзбаламуцілі мэдычную супольнасьць, калі яны перасягнулі мэдыкаў-людзей у экзаменацыйных тэстах. Нэўрасеткі паказалі выдатныя здольнасьці ў кардыялёгіі, анкалёгіі й у дыягностыцы нэўралягічных захворваньняў. Аднак гэтыя самыя нэўралягічных захворваньні ніхто не шукаў у саміх нэўрасетак. Нядаўна ізраільскія дасьледнікі выправілі гэтую недарэчнасьць.

Яны пратэставалі пяць розных мадэляў ”штучнага інтэлекту”: дзьве актуальныя вэрсыі ChatGPT, дзьве вэрсыі Gemіnі ад Google і яшчэ Claude 3.5 Sonnet. Усім мадэлям прапанавалі стандартны тэст кагнітыўнай ацэнкі, якім карыстаюцца лекары для дыягностыкі дэменцыі ў людзей. Вынікі аказалі надзвычай чалавечымі.

Найбольшы бал атрымала ChatGPT-4o (26/30), аднак яна ледзь мінавала парог, які паказвае на лёгкае кангнітыўнае парушэньне. Старэйшая мадэль GPT-4 разам з Claude 3.5 набрала 25 з 30 балаў, а найгоршы вынік быў у мадэлі ад Google першай генэрацыі (Gemіnі 1.0) — трывожныя 16 балаў.

Паведамляецца, што ўсе мадэлі адчувалі цяжкасьці з заданьнямі на зрокава-прасторавыя й выканаўчыя функцыі: намаляваць гадзіньнік з пэўным часам, злучыць літары й лічбы ў пэўную пасьлядоўнасьць, нарысаваць куб і г.д. Напраклад, адна з пратэставаных нэўрасетак у заданьні з гадзіньнікам (пазначыць на гадзіньніку 10:11) выдала тыповы для чалавека з дэменцыяй малюнак.

Агулам прыкметы кагнітыўнага спаду былі ўласьцівыя ў большай ступені старым мадэлям, якія былі прэзэнтаваныя год і болей таму. То бок, спад адбываўся вельмі хутка. У выснове аўтары з гумарам адзначаюць, што чакаць віртуальных лекараў пакуль рана, хутчэй у жывых нэўролягаў зьявяцца віртуальныя пацыенты.

Читать полностью…

cybulinka

Згублены нуль напужаў людзей чорным кухенным начыньнем

Сёлета ў кастрычніку зьявілася дасьледаваньне, якое нарабіла шмат шуму: аўтары паведамілі, што кухеннае начыньне (чарпакі, лапаткі й г.д.) з чорнага плястыку можа быць вельмі небясьпечнымі. Што праўда, вывучаныя прылады былі вырабленыя з улікам стандартаў ЗША, але занепакоенасьць узьнікла па ўсім сьвеце.

Арыгінальнае дасьледаваньне грунтавалася на ідэі, што некаторае электроннае сьмецьце з дэкабромадыфенілавым этарам (DBDE) у складзе перапрацоўваецца ў кухеннае начыньне, зь якога падчас гатоўкі небясьпечнае рэчыва можа трапляць у ежу. Сам дэкабромбадыфенілавы этэр часта называюць імаверным канцэрагенам, які можа выклікаць праблемы зь печаньню, шчытападобнай і іншымі залозамі.

Каманда зладзіла разьлікі, у выніку якіх прыйшла да высновы, што людзі зьядаюць каля 34 700 нанаграмаў DBDE за дзень. Гэта значна больш, чым меркавалася раней, і вельмі блізка да бясьпечнага парогу ў 42 000 нанаграм для чалавека вагой 60 кг. (ЗША). Вось менавіта тут і выкрылася памылка.

Справа ў тым, што бясьпечная доза DBDE складае не 42 000 нанаграм, а 7 000 на кіляграм вагі. Калі аўтары дасьледаваньня разьлічвалі бясьпечную дозу этэра для чалавека з вагой 60 кг.: памножылі 60 на 7 000 і атрымалі 42 000, а мусілі атрымаць 420 000.

Зрэшты, асноўная выснова дасьледаваньня застаецца правільнай, а вось наступствы сталі не такімі трывожнымі.

Читать полностью…

cybulinka

У мужчын, якія спажывалі канабіс, знайшлі меншае пагаршэньне кагнітыўных здольнасьцяў

Наватарскае дасьледаваньне, зладжанае ў Капенгагенскім унівэрсытэце, паставіла пад сумнеў даўно існуючае меркаваньне аб канабісе й зьніжэньні кагнітыўных здольнасьцяў. Назіраючы за больш чым 5 000 дацкіх мужчын на працягу 44 гадоў, навукоўцы выявілі, што ў тых, хто ўжывае канабіс, зь векам кагнітыўныя здольнасьці зьніжаюцца крыху менш, чым у тых, хто яго не ўжывае. У сярэднім за пэрыяд дасьледаваньня спажыўцы канабісу страцілі 5,3 пункта IQ, а тыя, хто яго не ўжываў, — 6,8 пункта, што складае даволі сьціплую, але статыстычна значную розьніцу ў 1,3 пункта IQ.

У дасьледаваньні ацэньваліся кагнітыўныя здольнасьці ўдзельнікаў у 20 і 60 гадоў, пры гэтым аналізаваліся такія фактары, як час і частата ўжываньня канабісу. Дзівосна, але раньняе або частае ўжываньне не паскарала зьніжэньне разумовых здольнасьцяў. Больш за тое, у спажыўцоў канабісу, як правіла, крыху вышэй зыходны ўзровень інтэлекту й адукацыі, але дасьледчыкі ўлічвалі гэтыя фактары й усё роўна назіралі сувязь паміж ужываньнем канабісу й запаволеньнем кагнітыўнага спаду.

Аднак у дасьледаваньня ёсьць абмежаваньні. У ім бралі ўдзел толькі мужчыны, колькасьць удзельнікаў была невялікай, а большасьць спажыўцоў спынілі ўжываньне канабісу да 60 гадоў, што азначае, што атрыманыя вынікі адлюстроўваюць мінулае, а не цяперашняе ўжываньне. Невялікая розьніца ў зьніжэньні IQ таксама зьніжае практычную значнасьць вынікаў.

Читать полностью…

cybulinka

Тое, як мы выкарыстоўваем сацсеткі, уплывае на нашую ўцягнутасьць у грамадзтва

Адмыслоўцы з Эўрапейскага дасьледчага цэнтру выдалі дакумэнт, у якім паведамілі, як маладыя эўрапейцы карыстаюцца сацсеткамі і з чым гэта зьвязана.

Вось асноўныя тэзы:

🧅 34.5% апытаных карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі больш за 2 гадзіны за дзень, а 26.1% столькі ж часу бавяць у мэсэнджэрах.

🧅 Каля траціны рэспандэнтаў мелі прыкметы залежнасьці ад сацсетак: грэбаваньне працай, сямʼёй і сябрамі дзеля скролінгу стужкі. Найбольш выразна такі эфэкт праяўляўся ў людзей да 31 году.

🧅 Эмпірычны аналіз паказаў, што празьмернае карыстаньне сацсеткамі (>2 гдз.) зьвязанае з распаўсюдам самотнасьці, але ўсё залежыць ад мадэлі карыстаньня.

🧅 Так, сярод актыўных карыстальніц і карыстальнікаў сацсетак і мэсэнджэраў ровень адзіноты быў крыху ніжэйшым, чым сярод пасыўных карыстальнікаў (тыя, хто рэдка піша сябрам і сваякам, а ў сацсетках толькі гартае стужку навін).

Читать полностью…

cybulinka

Васабі разьбіў жанчыне сэрца

У Ізраілі 60-гадовая жанчына насалоджвалася ежай на вясельлі, як раптоўна пачала адчуваць боль у грудзях, а потым і ў руках. Такі стан захоўваўся цягам колькіх гадзін, але паступова больш зьменшыўся, таму жанчына пастанавіла працягваць імпрэзу. На наступны дзень да дыскамфорту ў грудзях дадалася й агульная млявасьць, што прымусіла пацыентку зьвярнуцца па дапамогу да лекараў.

Мэдыкі зрабілі жанчыне ультрагукавую дыягностыку, на якой выявілася анамальная актыўнасьць у левым страўнічку, на які прыпадае асноўная частка пампоўнай функцыі сэрца. Некаторыя сэгмэнты сэрцавай цягліцы скарачаліся слаба, альбо ўвогуле не рабілі гэтага, як ў выпадках сэрцавых спохватаў.

У выніку лекары вызначылі, што ў жанчыны разьвілася кардыёміяпатыя такацуба, яку таксама называюць сындромам разьбітага сэрца. (Асноўная назва паходзіць ад японскага збану з вузкім рыльцам для лоўлі васьміногаў).

Гэты выпадак унікальны тым, што раней падобную кардыёміяпатыя зьвязвалі з ужываньнем наркотыкаў, нэўралягічнымі хваробамі, стрэсам і алергічнымі рэакцыямі на пэўныя прадукты, але тут пацынтка пераблытала васабі з авакада й за некалькі хвілін да зьяўленьня болю зьела чайную лыжку японскага хрэну.

Жанчыне выпісалі лекі для зьніжэньня артэрыяльнага ціску, і празь месяц ейны стан вярнуўся ў норму.

Читать полностью…

cybulinka

З аўстралійскай лябараторыі таямніча зьніклі ўзоры небясьпечных вірусаў

У лябараторыі Кўінзлэнда (Аўстралія) зафіксавана сурʼёзнае парушэньне правілаў біябясьпекі: амаль 100 жывых узораў сьмяротна небясьпечнага віруса Гэндра й каля 200 фрагмэнтаў іншых вірусаў зьніклі пасьля выхаду з ладу лядоўні. Праблема была выяўлена ў жніўні 2023 году, хоць адбылася яшчэ ў 2021 годзе. Лябараторыя не змагла пацьвердзіць, ці былі ўзоры зьнішчаны або скрадзеныя. Сярод зьніклых матэрыялаў — фрагмэнты гэндравірусу (Hendra henipavirus), лісавірусу (падобны на шаленства) і гантавірусу.

Аднак адмыслоўцы кажуць, што рызыка новай пандэміі для грамадзтва ацэньваецца як вельмі нізкая, бо вірусы хутка разбураюцца па-за нізкімі тэмпэратурамі, і ў Кўінзлэндзе не было зафіксавана выпадкаў заражэньня "зьніклымі" вірусамі цягам апошніх 5 гадоў.

Зараз працягваецца расьсьледаваньне інцыдэнту.

Читать полностью…

cybulinka

Сабакі спараўды карыстаюцца гукавымі клявішамі для камунікацыі зь людзьмі

Навукоўцы зь лябараторыі параўнальнага пазнаньня Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Дыега зладзілі невялікае дасьледаваньне з у дзелам сабак, якія актыўна карыстаюцца гукавымі панэлямі. Аказалася, што гадаванцы могуць камбінаваць словы, каб выразіць свае патрэбы.

За два гады назіраньняў, аўтары сабралі зьвесткі пра 1522 сабак, якія разам зрабілі больш за 260 000 націсканьняў на клявішы. Спачатку навукоўцы зрабілі адмысловую кампутэрную маджль, каб вызначыць разьмеркаваньне выпадковых націсканьняў, а потым ўжо прааналізавалі рэальныя зьвесткі. Такім чынам выявілася, што сабакі часьцей за ўсё абіралі клявішы з канкрэтнымі гукавымі запытамі: вуліца, ласунак, гульня, туалет. Цікава, што камбінацыі з двух словаў зьяўляліся значна часьцей, чым прадказвала мадэль. То бок, гэта былі ня выпадковыя супадзеньні, а гадаванцы сапраўды намагаліся перадаць свой асэнсаваны запыт.

Таксама дасьледнікі паведамілі, што ўвесь гэты працэс карыстаньня гукавымі панэлямі ня быў падобны на простае перайманьне сабакамі сваіх гаспадароў. Напрыклад, клявішу "я люблю цябе" людзі націскалі значна часьцей за сваіх гадаванцаў. Відаць, сабакі крыху іначай паказваюць свае пачуцьці.

Аўтары мяркуюць, што падобныя панэлі сапраўды могуць стаць добрай прыладай для гадаванца пасьля невялікага навучаньня.

Читать полностью…

cybulinka

Карыстальнікі звычайных і электронных цыгарэт радзей кідаюць паліць

Дасьледаваньне, апублікаванае ў Эўрапейскім рэсьпіраторным часопісе, паказвае, што людзі, якія адначасова выкарыстоўваюць электронныя й звычайныя цыгарэты, радзей кідаюць паліць. У асноўным такія «двайныя карыстальнікі» зь цягам часу вяртаюцца да курэньня звычайных цыгарэт.

Аўтары дасьледаваньня прааналізавалі існуючыя публікацыі пра двайных карыстальнікаў, абагульніўшы зьвесткі 9337 чалавек, зь якіх 2432 былі двайнымі карыстальнікамі. Вынікі паказваюць, што двайное выкарыстаньне можа быць нават больш шкодным, чым традыцыйнае курэньне, і перашкаджае адмове ад нікатыну.

Вынікі сьведчаць, што за пэрыяд ад 4 да 48 месяцаў доля двайных карыстальнікаў, якія цалкам адмовіліся ад курэньня, ніжэйшая, чым у тых, хто выкарыстоўвае толькі адзін сродак. Акрамя таго, значная частка двайных карыстальнікаў пераходзіць на курэньне звычайных цыгарэт.

Читать полностью…

cybulinka

Самая старая дзікая птушка зноўку чакае птушаня

Самка гавайскага альбатроса Phoebastria immutabilis Ўіздам, якой празь некалькі месяцаў споўніцца 74 гады, зноў пачала размнажацца. Ўіздам лічыцца самай старой дзікай птушкай у сьвеце. Сёлета яна вярнулася на атол Мідуэй, дзе жыве шмат марскіх птушак, і адклала яйка ўпершыню за чатыры гады.

Раней, у 2021 годзе, зьнік ейны сталы партнэр Акеакамаі, зь якім Ўіздам гнездавалася больш за дзесяць гадоў. Пасьля гэтага яна не размнажалася, хоць яе бачылі падчас шлюбных танцаў зь іншымі самцамі.

Ўіздам была адзначана ў 1956 годзе арнітолягам Чэндлерам Робінсам, які даў птушцы як мінімум пяць гадоў, і пазначыў яе нумарам Z333. Другая сустрэча адбылася ў 2002 годзе, і тады Робінсан пастанавіў даць птушцы імя, якое б адпавядала "шаноўнаму веку" (wisdom — мудрасьць).

24 лістапада самку заўважылі на родным атоле разам з новым партнэрам. Празь некаторы час у гнязьдзе зьявілася яйка, якое пара цяпер актыўна даглядае. Арнітолягі даволі высока ацэньваюць шанец на вылепленьне.

Читать полностью…
Подписаться на канал