Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka
На пляжы ў Новай Зэляндыі знайшлі цела незвычайнага кіта Mesoplodon traversіі. Адмыслоўцы дагэтуль не сустракалі гэтых марскіх сысуноў жывымі: усе зьвесткі атрыманыя з парэшткаў і выкінутых на бераг трох цел. Паведамляецца, што заолягі даслалі на генэтычнае дасьледаваньне ўзоры тканак загінулай жывёлы, каб спраўдзіць відавую прыналежнасьць. Вынікамі абяцаюць падзяліцца, а цела пакуль захоўваюць у лядоўні.
Читать полностью…Ракі з зыркай афарбоўкай аддалі перавагу норам, а не свабоднаму плаваньню
Існуе распаўсюджанае меркаваньне, што некаторыя віды жывёлаў выкарыстоўваюць зыркую афарбоўку для пошуку сабе пары, але гэта можа быць не зусім так. Вось, напрыклад, дасьледнікі вывучылі 400 відаў прэснаводных ракаў, і заўважылі, што найбольшая разнастайнасьць у афарбоўках уласьцівая відам, што жывуць у норах і рэдка адтуль вылазяць. Такія ракі маглі пахваліцца шырокай палітраю колераў: блакітны, фіялетавы, чырвоны й аранжавы. А вось ракі, якія звычайна проста плаваюць у вадзе найчасьцей проста шэрыя ці рудыя.
Такія вынікі паказваюць на тое, што зыркія колеры не заўсёды зьяўляюцца адаптацыяй, а могуць быць простай эвалюцыйнай выпадковасьцю.
Прызнаньне вядомых людзей у тым, што яны маюць панічны разлад павысіла ў 9 разоў колькасьць новых дыягназаў
Навукоўцы з Паўднёвай Карэі ў сваім агульнанацыянальным дасьледаваньні вывілі павышэньне ўзроўню выяўленьня панічнага разладу па ўсёй краіне пасьля таго, як тры вядомыя пэрсоны прызналіся, што маюць панічныя атакі.
Аўтары вывучылі статыстычныя зьвесткі з 2004 па 2021 гады, і заўважылі, што ўзровень выяўленьня захворваньня вырас амаль у 9 разоў, прытым рост пачаўся адразу пасьля публічнага прызнаньня трох вядомых у краіне людзей. У той жа час заявы зорак пра наяўнасьць у іх абсэсыўна-кампульсыўнага разладу не мелі такога эфэкту.
Аўтары мяркуюць, што такія вынікі сьведчаць пра важную ролю зорак і інфлюенсераў у пераадоленьні грамадзкай стыгматызацыі псыхічных разладаў.
Жадаеце быць у курсе самых свежых навін і цікавых фактаў аб штучным інтэлекце? 🧐⠀
Далучайцеся да Telegram-каналу BELAI, дзе вы даведаецеся пра сучасныя тэхналогіі AI іх уплыў на наша жыццё і будучыню. ⠀
⠀
Будзьце ў курсе сучасных інавацый і перспектыў, якія адкрываюцца перад намі дзякуючы развіццю штучнага інтэлекту. ⠀
⠀
Далучайцеся да BELAI ужо сёння і станьце часткай захапляльнага свету тэхналогій!
/channel/+_4jQGiY9AksxNGEy
Навукоўцы выявілі агульны для цяжарнасьці й раку мэханізм імуннай сыстэмы
Дасьледчая каманда засяродзілася на вывучэньні цяжарнасьці, каб зразумець, чаму некаторыя віды рака могуць пасьпяхова абыходзіць імунную абарону й свабодна разьвівацца. Высьветлілася, што існуе агульны мэханізм (B7-H4), які падаўляе імунную сыстэму як пры цяжарнасьці, так і пры раку. Толькі ў першым выпадку ён дапамагае захаваць плод, а ў другім дазваляе пухлінам расьці. Прытым рэгуляваньнем такога мэханізму «займаецца» гармон праґестэрон.
Для досьледаў дасьледнікі выкарыстоўвалі мышэй з ракам малочнай залозы й узоры тканак чалавека. Яны штучна блякавалі сыгналы праґестэрону, што ў выніку запаволіла разьвіцьцё пухліны й актывавала імунны адказ. Што праўда, эфэкт быў ня моцна выразным, таму каманда спадзяецца на далейшыя дасьледаваньні мэханізму.
🧅 Каманда амэрыканскіх навукоўцаў пад кіраўніцтвам Джэні Шэрстан знайшла шмат небясьпечных мэталяў у гігіенічных тампонах. Усяго было прааналізавана 60 узораў сродкаў розных вытворцаў з Эўропы, Вялікай Брытаніі й ЗША. У выніку мэталі ў розных канцэнтрацыях знайшліся ва ўсіх узорах. Сярод знойдзенага быў аршэнік (мышʼяк), цынк, волава, кадм і ванад. Паводле розных ацэнак, тампонамі карыстаюцца 43-86% жанчын у залежнасьці ад краіны, аднак гэта першае дасьледаваньне, у якім ацэньваецца канцэнтрацыя небясьпечных рэчываў.
🧅 Міжнароднае агенцтва па дасьледаваньні раку назвала тальк імаверным канцэрагенам, а акрыланітрыл – адназначным канцэрагенам. Тальк уяўляе сабою мінэрал з клясы сылікатаў, які выкарыстоўваюць у касьмэтычных сродках, леках і прадуктах харчаваньня. Акрыланітрыл – лятучае арганічнае злучэньне – выкарыстоўваецца для вытворчасьці полімэраў, зь якіх потым робяць плястмасы, вопратку й будаўнічыя матэрыялы.
На сёньня маюцца абмежаваныя дадзеныя пра сувязь тальку з ракам яечнікаў (досьледы на жывёлах і вузавых культурах), а вось для акрыланітрыла знайшліся пераканаўчыя сувязі з ракам лёгкіх і абмежаваныя – з ракам мачавіку.
🧅 У трапічных лясох Паўднёвай Амэрыкі дасьледнікі знайшлі тры новых віды расьлін, блізкіх да Theobroma cacao, з пладоў каторай робяць какаву. Такое адкрыцьцё дае надзею на тое, што ў будучыні чалавецтва не застанецца без чакаляды праз зьмены клімату.
Кавалачкі фруктаў у ёгурце адбілі ў дзяцей ахвоту яго зьесьці
Аўстралійскія й дацкія адмыслоўцы зладзілі досьлед з удзелам 485 дзяцей ад 5 да 12 гадоў, каб крыху больш зразумець іхнюю пераборлівасьць у ежы.
Дзецям прапаноўвалі пары разнастайных прадуктаў з рознай тэкстурай і прасілі выбраць нешта адно. Напрыклад, трускаўковы ёгурт быў прадстаўлены ў аднародным выглядзе й з кавалкамі ягад. У мэню таксама быў хлеб, сочыва, таматны суп і памяранцавы сок.
У выніку 6-гадовыя дзеці часьцей за астатнія групы абіралі прадукты з аднароднай кансыстэнцыяй: 76% выпадкаў. Аднак такая пераборлівасьць пасьля 7 гадоў ідзе на спад.
Паводле аўтараў, непрыязнасьць да кавалачкаў у ежы можа быць зьвязанай з мэханізмам псыхікі, які абараняе дзяцей ад патэнцыйна небясьпечнай ежы. Такую зьяву называюць харчовай нэафобіяй і звычайна яна зьнікае ў працэсе сталеньня, калі дзеці больш даведваюцца пра навакольны сьвет.
Мурашкі адгрызаюць канцавіны сваім суродзічам, каб уратаваць іх ад інфэкцыі
Каманда швайцарскіх навукоўцаў назірала за мурашкамі Camponotus floridanus і выпадкова заўважыла дзіўнае: адна мурашка адгрызала нагу свайму суродзічу, а апошні не супраціўляўся. Спачатку выглядала, што выпадак быў адзінкавым, але аналіз відэазапісаў жыцьця калёніі выявіў шмат такіх апэрацый. Але ў кожным разе ногі адгрызалі толькі тады, калі на іх было моцнае пашкоджаньне.
Потым каманда спраўдзіла эфэктыўнасьць такога падыходу: яна нанесла траўмы й заразіла 72 мурашкі. Палове зь іх навукоўцы ампутавалі пашкоджаныя канцавіны, а астатнім – не. Усіх досьледных мурашак пакінулі ізаляванымі ад суродзічаў.
У выніку аказалася, што тактыка адгрызаньня пашкоджаных канцавінаў сапраўды ратуе жыцьці мурашам. Так, у групе з ампутацыямі сьмяротнасьць была на 90% ніжэйшай, чымя ў кантрольнай групе.
Такім чынам мурашкі сталі другой жывой істотай пасьля людзей, якія робяць ампутацыі для захаваньня жыцьця.
Штодзённае спажываньне чарнасьліву захавала здароўе костак
Косьці ўяўляюць сабою дынамічныя структуры, якія паступова разбураюцца й замяняюцца новымі тканкамі. Але зь цягам часу балянс парушаецца, і яны ўжо ня могуць інтэнсыўна аднаўляцца. Усё гэта вядзе да разьвіцьця остэапарозу, эфэктыўных лекаў ад якога пакуль няма. Прытым найбольш уразьлівымі перад такім захворваньнем ёсьць старыя людзі, асабліва жанчыны ў постмэнапаўзе.
Навуковая група зладзіла дасьледаваньне з удзелам 235 жанчын у постмэнапаўзе. Удзельніц каманда разьмеркавала на тры групы паводле спажываньня чарнасьліву й сачыла (КТ) за станам іхных костак цягам 12 месяцаў.
У выніку ў жанчын, якія зусім не спажывалі чарнасьліву, шчыльнасьць касьцявой масы аказалася самай нізкай з усяе выбаркі. У «групах чарнасьліву» стан костак быў значна лепшым, але тыя жанчыны, якія штодзённа спажывалі 100 і болей грамаў часьцей кідалі дыету праз абрыдласьць. Таму аўтары называюць аптымальным варыянтам 50 гр прадукту (4-6 шт) на дзень.
Першы выпадак сындрому Даўна ў нэандэртальцаў паказаў на ўласьцівы ім альтруізм
На гэтым тыдні група антраполягаў паведаміла пра выяўленьне парэшткаў нэандэртальскага дзіцяці з сындромам Даўна ў Гішпаніі. Знаходка мае вялікае значэньне для разуменьня сацыяльнага жыцьця архаічных людзей, бо наяўнасьць альтруістычных паводзінаў у іх была пад сумневам.
Мікракампутарная тамаграма правай скроневай косткі дзіцяці выявіла брак разьвіцьця ўнутранага вуха, які назіраецца разам з сындромам Даўна. Каманда таксама вызначыла, што дзіця дажыло прыблізна да 6 гадоў, што было б немагчымым без адпаведнага догляду з боку дарослых.
Матылькі перасеклі Атлянтычны акіян у бесьперапынным палёце
Яшчэ ў 2013 годзе ў Францускай Гвіяне знайшлася зграйка матылькоў-дзядоўнікаў (Vanessa carduі). Вусякі сядзелі на пяску, а іхныя крылы былі ў вельмі благім стане. Такая знаходка зьбянтэжыла навукоўцаў, бо такіх матылькоў не сустракалі раней у Паўднёвай Амэрыцы.
На высьвятленьне абставінаў зьяўленьня матылькоў у нетыповым месцы навукоўцам спатрэбілася 10 гадоў. За гэты час яны сэквенавалі геномы вусякоў, прааналізавалі ДНК пылку з крылаў і вывучылі ізатопы вадароду й стронцыю зь целаў матылькоў.
У выніку геномны аналіз паказаў, што знойдзеныя V. carduі былі блізкімі да эўрапейскіх і афрыканскіх папуляцый, пылок на крылах належаў да 2 відаў расьлін трапічнай Афрыкі, а ізатопы аказаліся ўнікальнымі для Заходняй Эўропы.
З гэтага дасьледнікі зрабілі выснову, што матылькі пераляцелі цераз Атлянтычны акіян, пераадолеўшы каля 4 200 км. Такая вандроўка заняла прыблізна 8 дзён бесьперапыннага палёту.
Твар на відэа зроблены з жывых вузаў чалавечай скуры. У будучыні такі матэрыял плянуюць выкарыстоўваць ня толькі для наданьня робатам здольнасьці рэалістычна паказваць эмоцыі, але й для тэставаньня касмэтычных прэпаратаў.
Жывая тканка ўяўляе сабою сукупнасьць вузаў, выгадаваную на калягенавым каркасе, якую потым зьмясьцілі на аснову, створаную на 3D-друкарцы. Такая скура, у адрозьненьні ад папярэдніх распрацовак, мае ўнутры эквівалент вязаў (зьвязак), якія ў нас адказваюць за міміку.
Агулам матэрыял атрымаўся вельмі падобным на сапраўдную скуру, хоць пакуль без судзінаў і сэнсарных функцый. Таксама навукоўцы прымусілі рабатызаваны твар пасьміхацца цягам месяца й высьветлілі, што на ім утвараюцца зморшчыны. Такая ўласьцівасьць можа стаць запатрабаванай у касмэтычнай прамысловасьці для тэставаньня адпаведных прадуктаў.
🧅 У 2001 годзе ібэрыйскія рысі былі зусім блізка да зьнікненьня, бо ў прыродзе іх заставалася каля 62 асобінаў. Аднак разьвядзеньне ў няволі, аднаўленьне натуральнага асяродзьдзя й рэінтрадукцыя далі плён: колькасьць папуляцыі ўзрасла да 2000 жывёл. Таму Міжнародны зьвяз аховы прыроды зьмяніў статус ібэрыйскай рысі з «пад пагрозай выміраньня» на «ўразьлівы». Вядома, яшчэ шмат трэба намаганьняў, але прыклад матывуе.
🧅 Бесьпілётныя аўтамабілі не саступаюць кіроўцам. Паводле вынікаў буйнога дасьледаваньня транспартных здарэньняў, бесьпілётныя аўтамабілі агулам уяўляюць менш небясьпекі, чымся кіроўцы-людзі. Што праўда, аналіз 2100 аварый зь бесьпілётнікамі й 35000 зь людзьмі выявіў і слабыя месцы сыстэм аўтаматычнага кіраваньня. Напрыклад, ва ўмовах кепскай асьветленасьці й на паваротах бесьпілётнікі паказалі сябе горш. Прытым аўтары зьвяртаюць увагу на тое, што кампаніі, якія займаюцца распрацоўваньнем і тэставаньнем такіх аўто, быццам бы не вельмі ахвотна дзеляцца зьвесткамі пра колькасьць здарэньняў.
🧅Спажывальнікі марыхуаны часьцей хварэлі на цяжкі covid-19. Навукоўцы вывучылі мэдычныя зьвесткі 72501 чалавека, за якімі назіралі з нагоды цяжкага ковіду. Нечакана высьветлілася, што людзі, якія паведамлялі пра спажываньне наркатычнага сродку цягам году перад хваробай, значна часьцей траплялі ў аддзяленьні інтэнсыўнай тэрапіі. Прытым высокая рызыка цяжкай хваробы была на адным узроўні з курэньнем.
Спадарства! Мы (група аўтараў беларускага кантэнту ў ТГ) радыя прадставіць вам распрацаваную намі папку «Кантэнт 1.0».
Мы сабралі для вас шмат цікавых каналаў, на самыя розныя тэмы ад клясычных мемаў да сэкс-асьветы. Мы спадзяёмся, што гэта прапанова вас зацікавіць. (Не хвалюйцеся, “экстрыму” сярод прапанаванага няма!)
/channel/addlist/mYJofajf5HFmM2Vi
/channel/addlist/mYJofajf5HFmM2Vi
/channel/addlist/mYJofajf5HFmM2Vi
Калі нехта жадае далучыцца да падборкі (незалежна ад колькасьці падпісантаў) зьвяртайцеся ў "Прышпільныя коміксы": @pryshpilny_bot
Спадчыннасьць можа павысіць рызыку разьвіцьця хваробы Альцгаймэра
Дасьледчая каманда з Mass General Brіgham прааналізавала дадзеныя 4 400 чалавек у веку 65-85 гадоў з пэўнымі кагнітыўнымі парушэньнямі й выявіла некаторыя спадчынныя рызыкі разьвіцьця хваробы Альцгаймэра:
🧅Высокі ўзровень біямаркэру хваробы Альцгаймэра (ХА) назіраўся ў людзей, маці якіх мелі сымптомы нэўрадэгенэратыўнай хваробы.
🧅Наяўнасьць у бацькі сымптомаў позьніх сымптомаў ХА не паўплывала на ўзроўні амілёіду ў дзяцей.
🧅Кагнітыўныя парушэньні з боку абодвух бацькоў (толькі раньнія праблемы з памяцьцю ў бацькі) таксама вяло да высокага ўзроўню амілёіду ў нашчадкаў незалежна ад полу.
Перавагі вэґетарыянскай дыеты зьвязалі з ґенэтыкай
Паводле новага дасьледаваньня амэрыканскіх навукоўцаў, калі гаворка ідзе пра перавагі вэґетарыянскай дыеты, нашыя ґены граюць важную ролю.
Дасьледчая каманда вылучыла зь вялікай выбаркі 2 300 чалавек, якія прытрымліваліся строгага вэґетарыянства, каб вывучыць сувязі паміж ґенамі і карысьць дыеты для здароўя.
Высьветлілася, што ў большасьці вэґетарыянцаў узровень халестэрыну быў ніжэйшым, чымся ў невэґетарыянцаў. Прытым тэндэнцыя захоўвалася для розных парамэтраў: агульны, кепскі і добры халестэрын. У пэрспэктыве гэта можа станоўча адбіцца на здароўі сэрца.
І на гэтым, відаць, перавагі скончыліся, бо далей у вэґетарыянцаў выявіўся паніжаны ўзровень вітаміну D і высокія паказьнікі трыгліцэрыдаў. Вітамін D, як вядома, спрыяе добраму стану костак і імуннай сыстэмы, а ягоны недахоп мае пэўныя клінічныя наступствы. А вось высокая канцэнтрацыя трыгліцэрыдаў (тлушчоў) у крыві можа павялічыць рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў.
Калі навукоўцы ўключылі ў аналіз ґенэтычны складнік, яны пабачылі, што пры наяўнасьці пэўных варыянтаў ґену, зьвязанага з мэтабалізмам кальцыю ў арґанізьме (MMAA), у людзей назіраліся розныя паказьнікі здароўя. Напрыклад, у бальшыні вэґетарыянцаў адбывалася зьніжэньне ўзроўня кальцыю, аднак у людзей з варыянтам MMAA назіралася адваротная сытуацыя.
Агулам гэта можа спрыяць здароўю зубоў і костак, але надмер Ca стане прычынаю камянёў у нырках і праблем з сэрцава-судзіннаю сыстэмаю.
🧅 У водах каля Кейптаўну знайшлі шалёных цюленяў. Паведамленьні пра агрэсыўныя паводзіны марскіх сысуноў пачалі зьяўляцца даўно, а ў чэрвені адзін цюлень нават пакусаў людзей. Пасьля гэтага адмыслоўцы злавілі 4 цюленяў і вірус шаленства выявіўся ў трох зь іх. На дадзены момант вірус знайшоўся ў 9 жывёл, у людзей выпадкаў інфікаваньня не назіралася.
🧅 Паводле апублікаванага ў пятніцу дасьледаваньня, кнігі і фільмы ў будучыні могуць стаць прадказальнымі і аднастайнымі, калі стваральнікі пачнуць актыўна выкарыстоўваць «штучны інтэлект». Для досьледаў аўтары паклікалі 300 чалавек, якія мусілі пісаць аповеды на вызначаныя тэмы. Толькі адным трэба было цалкам самастойна стварыць твор, а іншым дазволілі карыстацца ChatGPT для ґенэрацыі ад 3 да 5 ідэй. Вынікі ацэньвалі ўласна аўтары/ аўтаркі, а таксама незалежныя крытыкі. Выявілася, што выкарыстаньне ШІ пайшло на карысьць на індывідуальным узроўні: +10% якасьці, +22% захапляльнасьці. Аднак на калектыўным узроўні ШІ-творы выглядалі вельмі падобна.
Пры наяўнасьці выбару ежу чайкі ўсё адно аддаюць перавагу морапрадуктам
Дасьледнікі вывучалі выратаваных пасьля падзеньня з дахаў птушанят чайкі Larus argentatus. Іх разьмеркавалі на дзьве групы паводле дыеты: першая харчавалася марскімі прадуктамі, а другая – тыповай гарадзкой ежай (хлеб і каціны корм).
Раз на колькі дзён паддосьледным птушанятам прапаноўвалі на выбар 4 стравы, але птушкі заўсёды аддавалі перавагу звычайнай рыбе, незалежна ад дыеты, на якой яны гадаваліся.
Такім чынам, хаця чайкі лічацца непажаданымі жыхарамі гарадоў (выварочваюць сьметніцы, атакуюць людзей), яны ня будуць харчавацца даступнай чалавечай ежай пры наяўнасьць рыбы побач.
Птушанят потым выпусьцілі на волю.
Заолягі паслухалі біцьцё сэрца кажаноў падчас палёту
Вячэрніцы (Nyctalus) сустракаюцца па ўсёй тэрыторыі Эўропы й селяцца непадалёк ад чалавека, але пра гэтых кажаноў дагэтуль вядома мала. Таму дасьледнікі пастанавілі ацаніць, колькі энэргіі жывёлам неабходна для выжываньня й якія стратэгіі эканоміі яны выкарыстоўваюць.
Як і ў людзей, частата сэрцавых скарачэньняў у кажаноў можа выкарыстоўвацца для ацэнкі энэргазатрат, таму каманда пачапіла на некаторых самцоў вячэрніц адмысловыя прылады для маніторынгу біцьця сэрца (0.8 г кожная) і пачала сачыць за імі. Праз тое, што дадзеныя маглі перадавацца толькі на невялікай адлегласьці, навукоўцам давялося літаральна лётаць разам з кажанамі ноччу на самалёце.
Апрача таго, што сэрцы самцоў скарачаліся з частатой 900 удараў за хвіліну, аўтары высьветлілі яшчэ й тое, што летам вячэрніцы спажывалі на 42% больш энэргіі, чымся ўвесну. Тлумачыцца гэта тым, што самцы амаль не выкарыстоўваюць кароткую сьпячку летам, бо ім трэба быць гатовымі да размнажэньня. Таксама аўтары кажуць, што для аднаўленьня запасаў энэргіі, кожная жывёліна мусіць зьесьці каля 33 хрушчоў ці 2 500 камароў за ноч.
Гарбатыя кіты былі больш шчасьлівымі падчас пандэміі COVID-19
Высьветлілі гэта навукоўцы, якія сачылі за папуляцыяй гарбатых кітоў Megaptera novaeangliae каля ўсходняга ўзьбярэжжа Аўстраліі. Для гэтага выкарыстоўвалі ня толькі здымкі зь бесьпілётнікаў [што дазваляе ацаніць запасы энэргіі, неабходнай для працяглых міграцый], але й аналіз ўзораў скуры й тлучшу, каб вызначыць экспрэсыю ґенаў і ўзроўні гармонаў, зьвязаных са стрэсам.
У выніку лябараторных аналізаў стала вядома, што ўзровень картызолу ў кітоў у 2021 годзе быў значна ніжэйшым, чымся ў 2020. То бок, кіты агулам адчувалі менш стрэсу.
Каманда мяркуе, што гэта пазытыўная рэакцыя на скарачэньне колькасьці шкодных рэчываў у марскіх экасыстэмах. Таксама сваю ролю тут мог адыграць і пачатак Ля-Ніньнё.
Мужчына літаральна вычхаў свае вантробы, але ўсё скончылася добра
Мэдыкі нядаўна апісалі жудасныя наступствы чханьня ў 63-гадовага мужчыны.
Пацыент праходзіў курс тэрапіі ад раку прастаты, што дало ўскладненьні на мачавік, таму мэдыкі выдалілі яго за два тыдні да шакавальнага здарэньня. Апэрацыя прайшла добра, і лекары хутка зьнялі швы, бо раны выглядалі зацягнутымі.
Мужчына пастанавіў адсьвяткаваць такую падзею, таму яны разам з жонкай пайшлі ў рэстарацыю на сьняданьне. Ва ўстанове мужчына чхнуў, кашлянуў і хутка адчуў боль і нешта мокрае ў жываце. Калі ён паглядзеў уніз, то пабачыў некалькі петляў свайго кішэчніку, які тырчаў з хірургічнай раны.
Спачатку мужчына хацеў ехаць у больніцу сам, але жонка выклікала хуткую дапамогу, каб ня стала горш.
Калі фэльчарка пабачыла ўсю сытуацыю, то таксама крыху разгубілася, але потым накрыла кішэчнік намочанай у фізрастворы тканінай і мужчыну павезьлі ў больніцу. Сам пацыент увесь гэты час пачуваўся добра.
У выніку хірургі хутка вярнулі ўсё на месца, а пацыент быў выпісаны праз 6 дзён.
У Паўднёвай Афрыцы знайшлі новыя віды «чароўных грыбоў»
Абодва віды адносяцца роду Psilocybe, які налічвае ў сабе каля 140 відаў псыхаактыўных грыбоў. Агулам род лічыцца найбольш дасканала вывучаным.
Знаходкі атрымалі назовы P. ingeli і P. maluti. У абодвух выпадках да адкрыцьця датычныя міколягі-аматары.
Аўтары таксама апісалі традыцыйнае выкарыстаньне P. maluti у лекавых практыках карэнных народаў.
Пчала ўджаліла амэрыканца ў вока, і ён часова страціў зрок
Адразу пасьля незвычайнага здарэньня 55-гадовы амэрыканец зьвярнуўся па дапамогу да мэдыкаў, якія выцягнулі джала. Аднак праз 2 дні мужчына ўсё яшчэ пакутаваў на боль і благі зрок, а з вока ішла кроў.
Пацыент пайшоў да афтальмолягаў, якія й знайшлі ў воку рэшткі джала. Яны хаваліся паміж вясёлкавай абалонкай і склерай, таму сымптомы не сыходзілі.
Пасьля канчатковага выдаленьня джала мужчыне выпісалі антымікробныя прэпараты й процізапаленчыя кроплі, што дало плён, і праз 5 месяцаў мужчына без праблем бачыў траўмаваным вокам.
🧅 Касьмічны карабель Boeіng Satrlіner застанецца прыстыкаваным да МКС яшчэ некалькі тыдняў. За гэты час мусяць адбыцца дадатковыя правяраньні сыстэмы рухавікоў. Таксама NASA зладзіць наземныя выпрабаваньні аналягічнай сыстэмы. Праблемы ў Starlіner пачаліся акурат перад стыкаваньнем з МКС сёлета ў траўні: спачатку выцек гэлій з сыстэмы кіраваньня, а потым не спрацавала 5 з 28 рухавікоў.
🧅 Сусьветная арганізацыя здароўя выдала глябальную справаздачу аб спажываньні алькаголю й лячэньні разладаў, зьвязаных з ужываньнем псыхаактыўных рэчываў. У ёй сьцьвярджаецца, што такія прадукты адказныя за сьмерць 3.2 млн чалавек за год (чвэрць зь іх – мужчыны).
🧅 Тэхналягічны ўнівэрсытэт у Эйндговэне (Нідэрлянды) заявіў, што ягоная палітыка па ліквідацыі ґендэрнага прагалу аказалася пасьпяховай і прывяла да павелічэньня колькасьці дасьледніц за 5 гадоў. Ва ўнівэрсытэце на некаторыя пазыцыі пачала разглядаць толькі жанчын цягам першых 6 месяцаў пошуку. Гэта прывяло да таго, што колькасьць выкладчыц на інжынэрных спэцыяльнасьцях павялічылася з 22 да 29 адсоткаў. Цяперака агулам ва ўстанове працуе аднолькавая колькасьць жанчын і мужчын.
Навукоўцы выявілі 2 групы нэўронаў, адказных за пачуцьцё сыці перад і пасьля яды
Суполка амэрыканскіх і брытанскіх дасьледнікаў зладзіла экспэрымэнты з мышамі, каб зразумець, якім чынам прэпараты падобныя на Ozempіc уплываюць на пачуцьцё сытасьці й дапамагаюць зьнізіць вагу. Выявілася, што падобныя прэпараты (імітатары гармону GLP-1, які кантралюе ўзровень цукру ў крыві) узаемадзейнічаюць з дзьвюма групамі нэўронаў у мазґах: адна адказвае за пачуцьцё сыці да яды, а другая – пасьля.
Тэсты на людзях з атлусьценьнем паказалі, што прыём імітатараў GLP-1 быў акурат зьвязаны зь меншым пачуцьцём голаду перад ядой і пасьля яе.
А вось у досьледах з мышамі, калі аўтары штучна стымулявалі нэўроны грызунам перад і пасьля яды, уласна й выявіліся згаданыя вышэй групы нэўронаў у гіпаталямусе. Потым на гэты нэўронах выявіліся рэцэптары GLP-1, што й тлумачыць эфэктыўнасьць азэмпікаў у барацьбе з атлусьценьнем.
Нашыя мазґі па-рознаму рэагуюць на натуральныя й сынтэтычныя галасы
Людзі не надта добра адрозьніваюць чалавечыя галасы ад галасоў, створаных «штучным інтэлектам», але нашыя мазґі, відаць, па-рознаму рэагуюць на іх.
Навуковая каманда зладзіла досьлед з удзелам 43 чалавек, якіх папрасілі паслухаць запісы чалавечых галасоў і зґенэраваных «штучным інтэлектам». У абодвух наборах запісы адпавядалі 5 розным эмацыйным афарбоўкам: нэўтральныя, злосьць, страх, радасьць і задавальненьне. Пакуль паддосьледныя знаходзіліся ў апараце фМРТ і слухалі галасы, іх прасілі ня толькі вызначыць паходжаньне голасу, але й ацаніць іхнюю натуральнасьць і верагоднасьць.
У выніку людзі дакладна вызначалі чалавечыя галасы толькі ў 56% выпадкаў, а для зґенэраваных такі паказьнік склаў 50,5% (аднолькава кепска). Найлепш людзі ідэнтыфікавалі нэўтральныя галасы «штучнага інтэлекту» (75% дакладнасьці) і радасныя чалавечыя (78%). Адзначаецца, што «нэўтральныя чалавечыя галасы» ўдзельнікі й удзельніцы часьцяком пазначалі, як створаныя ШІ.
Вывучыўшы здымкі мазґоў, каманда заўважыла, што чалавечыя галасы выклікалі выразныя рэакцыі ў зонах, зьвязаных з памяцьцю й эмпатыяй. А вось сынтэтычныя галасы актывавалі вобласьці мазґоў, зьвязаныя з распазнаваньнем памылак і рэгуляваньнем увагі.
Навукоўцы спраўдзілі папулярныя міты, зьвязаныя зь інтэрвальным гадаваньнем
Чым большую папулярнасьць набірае інтэрвальнае гадаваньне ў якасьці спосабу кантролю вагі, тым больш вакол яго зьяўляецца мітаў (папужаць сябе можна й вынікамі некаторых навуковых дасьледаваньняў). Напрыклад, ёсьць меркаваньні, што інтэрвальнае гадаваньне можа стаць прычынай зьяўленьня праблем з харчовымі паводзінамі, скарачэньня цяглічнай масы й зьніжэньня лібіда.
Гэта й пастанавілі спраўдзіць амэрыканскія навукоўцы сваім мэтааналізам. У выбарку трапілі дасьледаваньні, дзе вывучалі ўплыў на здароўе 2 распаўсюджаных схем галадаваньня: 1/1 (галадаваньне праз дзень) і 16/8 (калі чалавек спажывае ежу цягам 8 гадзін на дзень + варыяцыі).
У выніку аніводны міт не сьцьвердзіўся.
🧅 Было заўважана, што ўзроўні цукру, насычаных тлушчоў, халестэрыну, натрыю й г.д. не мяняюцца падчас інтэрвальнага галадаваньня, як і адсотак суткавай энэргіі зь бялкоў, тлучоў і вугляводаў. З гэтага каманда робіць выснову пра адсутнасьць сувязі між галадаваньнем і зьменамі ў харчовых звычках.
🧅 Таксама не знайшлося сувязяў і з разладамі харчовых паводзінаў у выніку інтэрвальнага галадаваньня. Што праўда, у вывучаных дасьледаваньнях адсейваліся людзі, якія раней мелі падобныя праблемы. Таму аўтары аналізу раяць з асьцярогай ставіцца да інтэрвальнага галадаваньня, калі ў анамнэзе ёсьць харчовыя разлады.
🧅 Падчас інтэрвальнага галадаваньня людзі гублялі такую ж колькасьць цяглічнай масы, як і тыя, хто прытрымліваўся іншых дыет. Але ў абодвух выпадках дапамогуць фізычныя практыкаваньні й большая колькасьць бялкоў у рацыёне.
🧅 Уплыву галадаваньня на палавыя гармоны аналіз таксама не выявіў.
Шымпанзэ заўважылі за самалячэньнем
Самалячэньне заўважалі ў некаторых жывёлаў ужо даўно, напрыклад, шымпанзэ могуць апрацаваць рану вусякамі ці зьесьці горкую кару, каб пазбавіцца паразытаў. Можна прыгадаць таксама арангутана Ракуса, які старанна жаваў лекавую ліяну й прыкладаў да раны. Аднак у такіх выпадках часта застаецца невядомым, ці намерана спажываюць жывёлы лекавыя расьліны, альбо гэта ў іх рацыён такі.
Цяпер міжнародная навуковая каманда паспрабавала даць адказ на гэтае пытаньне. Навукоўцы й навукоўкі цягам 8 месяцаў назіралі за паводзінамі й здароўем 2 суполак шымпанзэ ў адным зарочніку ва Ўгандзе. Апрача назіраньня, каманда яшчэ зьбірала ўзоры мачы й калу прыматаў, каб выявіць інфэкцыі й паразытаў, а таксама вылучала экстракты расьлін, якія елі шымпанзэ.
У выніку высьветліліся цікавыя акалічнасьці. Па-першае, хворыя прыматы часта адлучаліся ад групы й мянялі свой рацыён. Напрыклад, шымпанзэ з траўмамі елі кару й лісьце дрэваў Khaya anthotheca і Whіtfіeldіa elongata. Такія ж расьліны зьяўляліся ў рацыёне прыматаў з сымптомамі рэсьпіраторных інфэкцый. Насамрэч, навукоўцы сабралі 13 расьлін, якія выкарыстоўваліся для самалячэньня.
Па-другое, аналіз экстрактаў усіх гэтых расьлін паказаў, што 88% зь іх былі актыўнымі супраць патаґенных бактэрый, у тым ліку небясьпечных для чалавека. Таксама адзначаецца, што кожная расьліна мелі выразны супрацьзапаленчы эфэкт.
Па-трэцяе, шымпанзэ без асаблівага імпэту частуюцца нечым незнаёмым, бо гэта можа быць небясьпечна. Таму дадаваньне ў рацыён незвычайных расьлін мусіць мець асаблівыя прычыны.
З гэтага каманда зрабіла выснову, што шымпанзэ мэтанакіравана займаюцца самалячэньнем у выпадках хваробаў.
Спажываньне сыру можа станоўча ўплываць на псыхічны стан
Людзі з добрым псыхічным здароўем звычайна маюць большую працягласьць жыцьця й лепшае здароўе. Прытым некаторыя асаблівасьці ладу жыцьця, такія як спажываньне сыру, могуць граць важную ролю ў такім эфэкце. Кітайскія навукоўцы вывучылі гены мільёнаў эўрапейцаў і знайшлі патэнцыйныя доказы гэтаму.
Вывучаныя 8 набораў дадзеных, кожны зь якіх уключаў 38 000 – 2.4 млн чалавек, паказалі патэнцыйныя доказы таго, што добры псыхічны стан, які вымяралі задаволенасьцю жыцьцём, настроем, наяўнасьцю трывожных і дэпрэсыўных сымптомаў, дапаможа пражыць доўгае й здаровае жыцьцё.
Яшчэ каманда адсачыла на выбарцы ў 33 чалавека прамежкавыя фактары, якія б вызначалі такую сувязь. І тут высьветлілася цікавае: аматары сыру й садавіны часьцей мелі высокія паказьнікі псыхічнага дабрабыту. Таксама спажываньне сыру на 3.67% паляпшала самаацэнку й працягласьць жыцьця (а курэньне й прагляд ТВ скарацілі яго на 4.56 і 7.39 адсоткаў адпаведна).
Навукоўцы зладзілі хімічны аналіз найстарэйшага віна ў сьвеце
Без неспадзяванак не абышлося.
Ёмістасьць зь віном знайшлі яшчэ ў 2019 годзе на поўдні Гішпаніі, а цяпер сталі вядомыя вынікі археахімічнага аналізу.
Наяўнасьць поліфэнолаў паказала на сапраўднасьць віна. Агулам знайшлося 7 падобных злучэньняў, якія ёсьць і ў сучасных гішпанскіх вінах. Аднак адсутнасьць сырынговай кіслаты ў сьпісе выяўленых рэчываў дала падставу меркаваць, што віно 2000 гадоў таму было белым, а чырвоны колер зьявіўся падчас захоўваньня.
Астатнія паказьнікі таксама былі падобныя на сучасныя гішпанскія гатункі віна. Аднак у ёмістасьці яшчэ знайшлі прах чалавека. Імаверна, гэта быў мужчына, бо ў Рымскай імпэрыі жанчынам было чамусьці забаронена піць віно, да ўсяго ж падобную ўрну з жаночымі парэшткамі, але без віна знаходзілі ў тым жа маўзалеі.