cblnq | Образование

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Подписаться на канал

cybulinka

Дыета з высокім утрыманьнем тлучшоў павысіла трывожнасьць у пацукоў

Каманда навукоўцаў падзяліла пацукоў-падлеткаў на дзьве групы, каб высьветліць уплыў на здароўе высокай колькасьці ненасычаных тлушчоў.

Першую групу цягам 9 тыдняў кармілі стандартным рацыёнам (11% тлушчоў), а другую гадавалі на дыеце з высокім утрыманьнем тлушчоў пераважна жывёльнага паходжаньня (45%, у стандартным рацыёне чалавека паказьнік даходзіць да 36%).

Цягам усяго досьледу ў грызуноў рэгулярна бралі ўзоры спражненьняў для ацэнкі мікрабіёму кішэчніку, а ў канцы назіраньня ўсе пацукі мусілі прайсьці адмысловыя тэсты.

Як і чакалася, у групе з высокім утрыманьнем тлучшоў жывёлы набралі вагу. А таксама ў іх назіралася нізкая разнастайнасьць мікрабіёму кішэчніку зь перавагай уласьцівых для «індустрыяльнай дыеты» і атлусьценьня бактэрый роду Fіrmіcutes.

Яшчэ ў гэтай групе выявілася высокая экспрэсыя генаў tph2, htr1a slc6a4, зьвязаных перадачай сыгналу нэўрамэдыятара сэратаніну ў зоне мазґоў, «адказнай» за стрэс і трывогу. Вядома, што актывацыя некаторых сэратанінавых нэўронаў можа справакаваць у жывёлаў рэакцыі, падобныя на трывогу.

Таксама высокую экспрэсыю tph2 раней зьвязалі з разладамі настрою й рызыкай самагубства ў людзей.

Читать полностью…

cybulinka

Панядзелак (і лета)– не нагода забыцца на нядзельны дайджэст. 24 тыдзень адзначыўся бактэрыяльнай зброяй, пазытыўнай сытуацыяй з дыябэтам 1 тыпу й генэтычнымі раскопкамі ў пошуках малярыйнага плязмодыя.

🧅Даўно вядома, што на сельскагаспадарчых землях найчасьцей дамінуюць бактэрыі віду Pseudomonas vіrіdіflara: яна хутка распаўсюджваецца й у астатніх мікробаў не застаецца шанцаў. Прытым такое назіраецца выключна на с/г землях. Амэрыканскія навукоўцы пашукалі прычыны такога эфэкту й знайшлі штосьці дзіўнае.

Падчас вывучэньня бактэрыяльных геномаў высьветлілася, што згаданыя вышэй мікраарганізмы могуць захопліваць фагаў – вірусы бактэрый, – і пераналаджваць іх так, каб тыя атакавалі канкурэнтныя віды. Працы пакуль шмат, але гэта можа стаць тэхналёгіяй, яка дасьць рады з крызысам рэзыстэнтнасьці да антыбіётыкаў.

🧅Сярод пажылых людзей сьмяротнасьць ад дыябэту 1 тыпу зьнізілася на 25% з 1990 году. Да такой высновы прыйшлі кітайскія навукоўцы, якія зладзілі глябальнае папуляцыйнае дасьледаваньне. Найбольш выразнае зьніжэньне назіралася ў краінах з высокім сацыяльна-дэмаграфічным індэксам. Праўда, распаўсюджанасьць захворваньня ўзрасла з 400 на 100 000 чалавек у 1990 да 514 у 2019 годзе.

🧅Каманда генэтыкаў і археолягаў знайшла доказы таго, што старажытныя людзі хварэлі на малярыю й распаўсюджвалі яе задоўга да зьяўленьня авіяцыі й аўтамабіляў. Дзеля гэтага давялося вывучыць больш за 10 000 геномаў старажытных людзей у пошуках ДНК паразытаў Plasmodіum, якія й выклікаюць малярыю. У выніку знайшлося 36 выпадкаў інфікаваньня па ўсім сьвеце: ад тэрыторыі Нямеччыны 5 600 гадоў таму, да Бэльгіі ў пачатку 1700-х гадоў. Дагэтуль самым старым доказам малярыі быў узор крыві, ўзяты ў 1944 годзе ў Гішпаніі.

Читать полностью…

cybulinka

Рэальны здымак флямінга ўзяў бронзавую ўзнагароду конкурсу фотаздымкаў, створаных нэўрасеткамі

На фотаконкурсе 1839 Awards зрабілі адмысловую катэгорыю для выяваў, створаных «штучным інтэлектам», а фатограф Майлз Эстрэй даслаў туды рэальны, хоць і падобны на галюцынацыю нэўрасеткі здымак флямінга, які схаваў галаву ў перʼе.

Такім учынкам аўтар хацеў паказаць, што няма нічога больш фантастычнага, чымся сама прырода. Арганізатары конкурсу ацанілі такое актуальнае пасланьне, але дыскваліфікавалі фатографа. Вынікі былі перагледжаныя й 3 месца аддалі іншаму ўдзельніку.

Зрэшты, Эстрэй задаволены вынікам сваёй акцыі.

А як вам такая акцыя?

Читать полностью…

cybulinka

Тыдзень таму на ўзьбярэжжы штата Арэгон знайшлі велізарную рыбу з роду Mola. Памер знаходкі складаў 2 м 21 см.

Ідэнтыфікаваць від дапамагла дасьледніца Марыан Найгард. Гэта быў апісаны ёй у 2017 годзе Mola tecta.

Лічыцца, што рэдкая рыба жыве пераважна ў паўднёвай паўсфэры Зямлі. І на фота (пакуль) самы буйны экзэмпляр.

Каб больш даведацца пра M. tecta, навукоўцы сабралі ўзоры тканак для генэтычнага дасьледаваньня.

Читать полностью…

cybulinka

Выкрыліся сувязь некаторых навукоўцаў з тытунёвымі кампаніямі

Паводле зладжанага BMJ і Investigative Desk расьсьледаваньня, больш за 900 мэдычных дасьледаваньняў, што былі апублікаваныя з 1996 году, маюць мінімум аднаго чалавека ў сьпісе аўтараў, які атрымліваў фінансы ад тытунёвых кампаній. Прытым 27 з вывучаных публікацый зьявіліся ў 13 часопісах, дзе існуе забарона на публікацыю работ аўтараў, зьвязаных з табачнай галіною.

Частка навуковай супольнасьці падтрымала такія забароны й заклікала зрабіць іх больш жорсткімі, бо тытунёвая індустрыя неаднаразова хавала вынікі дасьледаваньняў, якія нэгатыўна адбіліся на прыбытку. А вось за адмену згаданых абмежаваньняў выступілі навукоўцы, зьвязаныя з Big Tobacco. Яны сьцьвярджаюць, што такое фінансаваньне аніяк не паўплывала на іхныя навуковыя высновы.

Читать полностью…

cybulinka

Кампутарную тамаграфію для рыбкі мы ўжо бачылі, а зараз хамяк...

Звычайна для правядзеньня такой працэдуры жывёлам робяць анэстэзію, каб яны ляжалі спакойна й здымкі атрымаліся добрымі, але тут сырыйскіх хамякоў пастанавілі закруціць у элястычны бінт.

Пацешныя фатаздымкі працэсу спадабаліся не ўсім. Напрыклад, на Reddіt некаторыя карыстальнікі хваляваліся за жыцьцё грызуноў, бо «чалавечы» апарат выдае вялікую дозу выпраменьваньня [сучасныя апараты можна аптымізаваць і пад хамячка]. Таксама некаторыя варажылі нізкую якасьць сканаваньня праз тое, што хамякі, імаверна, спрабавалі вызваліцца падчас працэдуры.

У адказ на заўвагі ўсіх занепакоеных, на форум хутка выклалі вынікі КТ-сканаваньня.

Читать полностью…

cybulinka

Super Heavy здзейсніў паспяховую пасадку ў Мексіканскім заліве, а Starship прывадніўся ў Індыйскім акіяне.

Задачы IFT-4 былі выкананы ў прамым эфіры.

1. Liftoff of Starship!
2. Гарачы падзел прыступак, манеўр перавароту і паскарэнне Super Heavy.
3. Скід секцыі гарачага падзелу.
4. Прывадненне Super Heavy.
5. Пікавы нагрэў Starship.
6. Плаўнік губляе цеплаахову.
7. Прывадненне Starship.

Гэта было сапраўднае відовішча 🔥

#навіны

Читать полностью…

cybulinka

Тэлескоп Hubble больш ня бачыць бліжэй за Марс

NASA паведаміла, што знакаміты тэлескоп перавялі ў рэжым працы з адным рухавіком сыстэмы арыентацыі. Мяркуецца, што гэта падоўжыць тэрмін службы касьмічнай абсэрваторыі, але разам з тым значна павялічыць час навядзеньня на абʼекты. Таму цяпер тэлескоп не ў стане назіраць за рухлівымі абʼектамі бліжэй за Марс.

Такім чынам, працаздольнасьць тэлескопу застаецца на ўзроўні 70%.

Читать полностью…

cybulinka

Ранічная фізычная актыўнасьць станоўча адбілася на стане касьцей

Вядома, што фізычныя практыкаваньні дапамагаюць захаваць здароўе касьцей, асабліва ў сярэднім веку, калі яны натуральным чынам губляюць трываласьць. Аднак пакуль невядома, ці зьвязаны станоўчы эфэкт ад фізычнай актыўнасьць з часам, калі тая адбываецца.

Вось кітайскія навукоўцы спрабавалі высьветліць гэта на мышах. Маладых грызуноў разьмеркавалі на 6 досьледных і 1 кантрольную групу. Жывёлы ў досьледных групах бегалі па 30 хвілінаў на дзень у розны час, а кантрольная група цягам усіх 4 тыдняў назіраньня заставалася без фізычнай актыўнасьці.

Потым каманда вывучыла мышыныя сьцягніцы й выявіла, што ў жывёлаў, фізычная актыўнасьць каторых прыпадала на раніцу, косьці былі больш доўгімі й тоўстымі, на 3 і 25 адсоткаў адпаведна. У групах зь вечаровай актыўнасьцю такога эфэкту не назіралася.

Зрэшты рабіць высновы аўтары не наважыліся, бо трэба яшчэ спраўдзіць на людзях вынікі, але карысьць фізычнай актыўнасьці вечарам ці раніцай ніхто не адмаўляе.

Читать полностью…

cybulinka

🧅Тэлескоп Hubble другі раз за апошнія месяцы перайшоў у бясьпечны рэжым праз праблемы з рухавікамі. Ад 24 траўня ўсе навуковыя назіраньні прыпыніліся.

🧅Францускія навукоўцы выявілі сувязь паміж спажываньнем ультраапрацаваных прадуктаў (паўфабрыкаты) і хранічнай бессаньню. Агулам рызыка праблемаў са сном павялічвалася на 6% ў людзей зь вялікай колькасьцю паўфабрыкатаў у рацыёне.

🧅Бальшыня зязюль зьяўляецца гнездавымі паразытамі: яны адкладаюць яйцы ў гнёзды іншых птушак, птушаня-паразыт хутка вылупляецца й пазбаўляецца ад яец птушак-гаспадароў.

Аднак такая стратэгія не заўсёды эфэктыўная, бо некаторыя віды птушак навучыліся заўважаць дзіўнаватае патомства й пазбаўляцца ад яго. Зрэшты, зязюлі Chrysococcyx basalіs з адказам не марудзілі, таму іхныя птушаняты паступова пачалі станавіцца больш падобнымі на птушак-гаспадароў.

Цяперака дасьледнікі высьветлілі, што такая каэвалюцыя спрыяе зьяўленьню новых відаў зязюль і агулам біяразнастайнасьці.

🧅Дзесьці з 1950-х гадоў у выбарку для навуковых дасьледаваньняў траплялі пераважна мужчыны, бо меркавалася, што вынікі будуць актуальнымі й для жанчын. Прытым гендэрны перакос усё яшчэ застаецца й у сучасных публікацыях, хаця доказаў памылковасьці такога падыходу становіцца ўсё больш.

Напрыклад, раней уплыў рэцэптараў астрацытаў на кагнітыўныя функцыі вывучаўся толькі на мужчынскіх мазґах, аднак цяпер выявілася, што гэтыя нэрвовыя вузы ўдзельнічаюць у спэцыфічных для кожнага полу мэханізмах. І эфэкт на жаночых мазґах можа быць супрацьлеглым.

Так, навуковая каманда засяродзілася на вывучэньні mGluR3 – рэцэптараў глютамату ў астрацытах і гене, які найчасьцей мяняецца пры дэменцыі. Досьледы на лябараторных жывёлах паказалі, што павышэньне ўзроўню mGluR3 вяло да паляпшэньня памяці ў пажылых самак, а ў старых самцоў такі эфэкт назіраўся толькі пры паніжэньні mGluR3.

Читать полностью…

cybulinka

Сямʼя зьела мядзьведзя й падчапіла паразытычных чарвякоў

У нядаўнім артыкуле адмыслоўцы падзяліліся незвычайным выпадкам трыхінэлёзу ў 6 чалавек.

На сямейным сьвяце гатавалі шашлыкі зь мяса дзікага чорнага мядзьведзя, а ўжо празь месяц у 29-гадовага мужчыны праявіліся сымптомы нейкай хваробы. Пацыент скардзіўся на ліхаманку, моцны боль у цягліцах і азызласьць вакол вачэй. На другім візыце высьветлілася, што мужчына частаваўся мясам дзікага мядзьведзя, якога злавілі ў Канадзе. У выніку лекары выявілі ў мужчыны паразытычных чарвякоў Trichinella.

Раней такія паразыты часьцяком сустракаліся ў сьвіным мясе, асабліва ў кепска пасмажаным. Аднак сучасныя мэтады забесьпячэньня бясьпечнасьці харчовых прадуктаў зрабілі такія выпадкі інфікаваньня надзвычай рэдкімі. Таму асноўнай крыніцай трыхінэлы засталося мяса дзікіх жывёл.

Пасьля пастаноўкі дыягназу, адмыслоўцы зрабілі тэсты й сваякам пацыента. У выніку паразыт выявіўся ў 6 чалавек, праўда сымптомаў у іх не было. Прапісаны курс прэпаратаў даў плён, і ўсе хворыя ачунялі.

Цікавай асаблівасьцю стала й тое, што ў мясе мядзьведзя знайшлі, так бы мовіць, марозаўстойлівы від трыхінэл T. nativa, які не сустракаўся ў сьвініне. Такія чарвякі выжываюць пасьля 45-50 дзён замарозкі, і ўяўляюць небясьпеку для чалавека, калі мяса недастаткова прасмажыць.

Читать полностью…

cybulinka

Старажытныя вірусы ў нашай ДНК могуць выклікаць псыхічныя разлады

Паводле новай публікацыі ў Nature Communications, каля 8% чалавечага ґеному складаюць «старажытныя» вірусныя фрагмэнты ад разнастайных рэтравірусаў чалавека (HERVs). Хаця раней адмыслоўцы лічылі гэтыя фрагмэнты звычайнай «сьмецьцевай ДНК», цяпер тэхналёгіі дазволілі высьветліць, што спэцыфічныя HERVs могуць уплываць на схільнасьць да псыхічных разладаў.

Такую сувязь каманда навукоўцаў выявіла пры параўнаньні дзясяткаў тысяч ґенэтычных дадзеных людзей, як з псыхічнымі разладамі, так і бязь іх.

Бальшыня ґенэтычных варыяцый рызыкі разьвіцьця псыхічнага захворваньня зьвязаныя з добра вядомымі ґенамі, якія выконваюць пэўную біялягічную функцыю. Аднак дасьледнікі выявілі, што некаторыя варыяцыі наўпрост уплываюць на экспрэсыю старажытнай віруснай ДНК у мазґах. Агулам знайшлося 5 маркёраў экспрэсыі HERVs зьвязаных з разьвіцьцём шызафрэніі, біпалярнага разладу й дэпрэсыі.

Читать полностью…

cybulinka

🧅Каманда Voyager-1 упершыню за 5 месяцаў атрымала ад апарату навуковыя зьвесткі. Для збору былі задзейнічаныя магнітомэтар і інструмэнт дасьледаваньня плязьменнага асяродзьдзя. Цягам бліжэйшых тыдняў яшчэ два інструмэнты будуць адкалібраваныя для перадачы зьвестак на Зямлю. Летась у апарата здарыўся найбуйнейшы за 46 гадоў збой. У выніку Voyager-1 пачаў дасылаць бязглузьдзіцу, аднак інжынэры далі рады з праблемай.

🧅Міколягам удалося паўторна адкрыць рэдкі грыб Austroomphaliaster nahuelbutensis. Від упершыню знайшлі яшчэ ў 1982 годзе, але пасьля таго яго ніхто ня бачыў. Летась навукоўцы знайшлі некалькі пладовых цел, якія супадалі з апісаньнямі, а цяпер ґенэтычны аналіз сьцьвердзіў відавую прыналежнасьць.

🧅50-гадовага мужчыну пакаралі за напад на касатку. Выпадак здарыўся яшчэ ў лютым, калі ў інтэрнэце зьявілася відэа, як нецьвярозы мужчына спрабуе адагнаць касатку ад яхты. Для гэтага быў абраны вельмі дзіўны спосаб: мужчына наўпрост скокнуў на кіта. Празь некаторы час галоўнага гэроя відэа знайшлі й выпісалі яму штраф у $365, бо паводле законаў Новай Зэляндыі плаваць з кітамі й турбаваць іх іншым чынам забаронена.

Читать полностью…

cybulinka

Міжнародная каманда дасьледнікаў выправілася ў Аўстралію, каб паглядзець, як торбачнікі рэагуюць на страшэнных драпежнікаў у прыродзе. Для гэтага навукоўцы ўключалі кенгуру й валабі запісы браханьня сабак, рыку тасманскага дʼяблу й спакойнай размовы людзей, а потым сачылі за рэакцыяй.

У Аўстраліі няма буйных драпежнікаў, таму мясцовыя торбачнікі звычайна спакойна рэагуюць на гукі сабак, ваўкоў і г.д. Аднак яшчэ ніхто не ўлічваў чалавечыя гукі ў падобных досьледах.

Вынікі можна бачыць на відэа. Кенгуру даволі спакойна рэагавалі на браханьне й рыканьне, аднак імгненна кідаліся прэч, як толькі пачулі чалавека.

Дарэчы, гэта не першы падобны досьлед. Летась высьветлілася, што й афрыканскія віды жывёл чалавека баяцца больш, чым драпежнікаў.

Читать полностью…

cybulinka

Жаласьлівыя вочкі ўласьцівыя ня толькі свойскім сабакам

У 2019 годзе зьявілася дасьледаваньне, у якім аўтары паведамілі, што знайшлі ў свойскіх сабак больш разьвітыя цягліцы вакол вачэй. Такая асаблівасьць надавала сабак больш шырокі дыяпазон мімікі ў параўнаньні з ваўкамі. Тады меркавалася, што адаптацыя ўзьнікла ў выніку штучнага адбору: людзям проста падабаліся сабакі з жаласьлівымі вочкамі й такія асобіны разводзіліся.

Але цяпер такую выснову паставілі пад сумнеў, бо выкрылася наяўнасьць аналягічных «мімічных» цягліц і ў дзікага афрыканскага сабакі Lycaon pictus. Дасьледчая каманда кажа, што вочныя цягліцы ў афрыканскіх жывёл разьвіліся для ціхай каардынацыі падчас паляваньня на адкрытых прасторах.

Што праўда, абедзьве публікацыі могуць паказваць на эфэкт канвэрґентнай эвалюцыі, калі дзьве прыкметы зьяўляюцца ў блізкіх відаў незалежна. То бок, цалкам імаверна, што ў свойскіх сабак міміка стала вынікам штучнага адбору.

Читать полностью…

cybulinka

Мужчыне ў чэрапе зрабілі «акно», каб сачыць за мазґавой актыўнасьцю ўльтрагукам

Навукоўцы ўпершыню зазірнулі ў мазґі чалавека з дапамогай ультрагуку падчас выконваньня заданьняў па-за межамі мэдычнай установы. Для гэтага пацыенту імплянтавалі ў чэрап пранікальны для ЎГ-хваляў матэрыял, які стаў акустычным акном.

Апрача нэўроннай актыўнасьці, такі падыход дазволіў ацаніць і абʼём крыві ў мазґах, які цесна зь ёй зьвязаны.

Адзначаецца, што ўльтрагукавыя дадзеныя, як і ў выпадку з прыматамі, паказвалі намер пацыента ў відэагульнях і падчас практыкаваньняў на гітары.

Функцыянальная ЎГ-візуалізацыя можа стаць паўнавартаснай альтэрнатывай грувасткай МРТ і абмежаванай ЭЭГ.

Пацыенту да ўстаноўкі імплянту вымушана выдалілі частку чэрапа, каб зьнізіць ціск пасьля траўмы.

Читать полностью…

cybulinka

Хада зь пераменнымі крокамі можа дапамагчы скінуць залішнюю вагу

Аўтары прэпрынту заахвоцілі 18 чалавек у веку ад 18 да 45 гадоў прайсьціся па бегавой дарожцы. Першы падыход паддосьледныя рабілі са звычайнымі крокамі, а падчас другой спробы на дарожцы пазначаліся месцы, куды трэба было ступаць. У апошнім выпадку крокі мадуляваліся такім чынам, каб яны часам былі на 5-10% карацейшымі ці даўжэйшымі.

Паралельна з гэтым навукоўцы адсочвалі й узровень вуглякіслага газу ў выдыхах, каб ацаніць мэтабалічныя затраты людзей.

Такім чынам высьветлілася, што на кожны 1% павелічэньня варыябельнасьці хады прыпадаў 0.7% рост мэтабалічных затрат на актыўнасьць.

Хаця расход калёрый у дасьледаваньні не адсочвалі, каманда робіць лягічную выснову, што чаргаваньне даўжыні крокаў падчас хады павялічвае хуткасьць мэтабалізму. Так адбываецца праз тое, што арганізму трэба больш энэргіі, каб захоўваць устойлівасьць.

Читать полностью…

cybulinka

Задышка стала першым сымптомам пухліны яечніку

Гішпанскія мэдыкі апавялі пра незвычайны выпадак, які здарыўся з 51-гадовай жанчынай.

Пацыентка трапіла ў лякарню з моцнай задышкай цягам апошніх двух месяцаў. Прытым раней аніякіх скаргаў на здароўе ў жанчыны не было. Першасны агляд выявіў ня толькі аслабелае дыханьне, але й шчыльнае ўтварэньне ў вобласьці лагва.

Наступнае рэнтгеналягічнае дасьледаваньне паказала паталягічнае скапленьне вадкасьці ў лёгкіх жанчыны, а кампутарная тамаграфія выявіла вадкасьць і вакол печані. Таксама знайшлося й буйное новаўтварэньне ў логвавай вобласьці.

Хаця ўзровень муцыну-16 (бялок, зьвязаны з ракам яечнікаў) быў моцна падвышаны, пухліна аказалася дабраякаснай і была пасьпяхова выдаленая хірургамі. А вадкасьць у лёгкіх і вакол печані зьнікла праз тры тыдні пасьля апэрацыі.

Читать полностью…

cybulinka

У ТыкТоку прапануюць заклеіць рот, каб пазбавіцца храпу, але ці эфэктыўна гэта?

У ТыкТоку зьявілася пэўная колькасьць відэа (mouthtaping), дзе людзі заклейваюць сабе рот клейкай стужкай. Гаворыцца, што такі падыход дазваляе лепей спаць і пазбавіцца храпеньня.

Лёгіка тут простая: хроп утвараецца, калі чалавек дыхае праз рот, а калі яго заклеіць, то застанецца толькі нос. Аднак ідэя не новая, яе спраўджвалі навукоўцы й навукоўкі яшчэ да зьяўленьня трэнду ў сацсетцы.

Напрыклад, у 2014 годзе было паказана, што выкарыстаньне клейкай стужкі сапраўды дазваляе зьменшыць хроп і колькасьць эпізодаў апноэ за ноч (але не ўсім, у траціны паддосьледных назіралася пагаршэньне сымптомаў). Прыблізна такія ж вынікі атрымаліся й у аўтараў дасьледаваньня 2022 году: там заклейваньне ратоў дапамагло людзям зь лёгкай формай начнога апноэ.

Аднак галоўнае абмежаваньне згаданых публікацый – малая выбарка. Таму казаць пра нейкую эфэктыўнасьць мэтаду няма падставаў, тым больш, што ў цяжкіх выпадках гэта можа быць небясьпечным

Читать полностью…

cybulinka

🧅На гэтым тыдні велізарная ракета Starshіp пасьпяхова скончыла свой чацьвёрты выпрабавальны палёт, шматпакутная капсула Boeіng Starlіner даставіла астранаўтаў на МКС, а кітайская місыя Changʼe 6 узяла ўзоры рэгаліту зь цёмнага боку Месяца й хутка яны прыляцяць на Зямлю.

🧅Міжнародная дасьледчая каманда дапасавала альгарытмы машыннага навучаньня для аналізу геномных баз дадзеных з мэтаю знайсьці патэнцыйныя антыбіётыкі. У выніку атрымаўся каталёг з 863 498 рэчывамі. Таксама зладзілі выпрабаваньні 100 злучэньняў на антымікробную актыўнасьць: 79 злучэньня прайшлі выпрабаваньні, а яшчэ 63 паказалі актыўнасьць у дачыненьні да рэзыстэнтных бактэрый.

🧅Сабакі паказвалі лепшыя вынікі пасьля муштровак, калі ім давалі ня толькі ежу ў якасьці ўзнагароды, але й пяшчоту з пахвалою. Высьветлілася гэта на досьледах, дзе сабак вучылі новым камандам, толькі ў адным выпадку муштроўка была стандартнай, а ў другім з абнімкамі, ласункамі й інш. Потым сабакі спалі з электродамі на галаве, каб можна было ацаніць іхны стан. Такім чынам выявілася, што пасьля стандартных заняткаў жывёлы мелі вышэйшы ўзровень стрэсу. Гэта адбівалася й на пасьпяховасьці сабак на наступных занятках.

Читать полностью…

cybulinka

Вірус птушынага грыпу забіў першага чалавека

У сераду мэксыканскія ўлады сумесна з Сусьветнай арганізацыяй здароўя апавялі пра інфікаванага птушыным грыпам (H5N2) 59-гадовага мужчыну, які сканаў у выніку ўскладненьняў. Гэта першы пацьверджаны выпадак сьмерці ад згаданага вірусу, аднак прадстаўнікі САЗ сьцьвярджаюць, што рызыка распаўсюду такога штаму малая.

Паводле справаздачы, першыя сымптомы хваробы ў мужчыны пачалі праяўляцца яшчэ 17 красавіка, і ўключалі ліхаманку, задышку, ляксы й моташнасьць. 24 красавіка пацыента шпіталізавалі, але было ўжо позна.

Мужчына жыў у рэгіёне, дзе ў сакавіку фіксаваліся ўспышкі штаму H5N2 на птушкафабрыках, аднак ці сталі яны прычынай інфікаваньня – пакуль сказаць складана, бо ён не паведамляў пра кантакты са свойскай птушкай і іншымі жывёламі.

Птушыны грып выклікае занепакоенасьць, бо людзі маюць нізкі імунітэт да падобных штамаў у параўнаньні з сэзонным грыпам. Таксама існуе пагроза таго, што некаторыя штамы птушынага грыпу могуць эвалюцыянаваць такім чынам, што набудуць мутацыі, якія дазволяць вірусу распаўсюджвацца сярод людзей (пакуль такога няма; лекары, якія спрабавалі выратаваць мужчыну, здалі адмоўныя тэсты).

Читать полностью…

cybulinka

Падсалоджвальнік ксыліт зьвязаны з павышанай рызыкай інфарктаў і інсультаў

Летась зьявіліся першыя зьвесткі, што падсалоджвальнік эрытрыт падвышае рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў. Таму навукоўцы зьвярнулі ўвагу й на іншыя падобныя злучэньні, у прыватнасьці на ксыліт.

Ксыліт зьяўляецца цукровым сьпіртам, які можна знайсьці ў садавіне й гародніне, а таксама ў камэрцыйных прадуктах, такіх як зубная паста, гумка й дыетычныя напоі. Аднак у апошнім выпадку канцэнтрацыі будуць значна перавышаць «прыродныя».

Цяпер дасьледчая каманда вывучыла ўзоры крыві 3 306 чалавек з Эўропы й ЗША на ўзровень ксыліту, і зладзіла 3-гадовае назіраньне за станам здароўя. У выніку траціна людзей з самым высокім узроўнем ксыліту ў крыві сутыкнулася з сэрцава-судзіннымі праблемамі.

Потым тэндэнцыю спраўдзілі ў лябараторыі на чалавечых трамбацытах і мышах. Аказалася, што пад уплывам ксыліту трамбацыты пачыналі хутка зьліпацца, а ў венах грызуноў часьцей утвараліся тромбы.

Читать полностью…

cybulinka

Кураняты зьвязалі формы з гукамі «буба» і «кікі»

Людзям часта падаецца, што некаторыя словы больш пасуюць пэўнымі формам. Напрыклад, раней было паказана, што слова «буба» часьцей асацыюецца з круглявымі формамі, а «кікі» – з вострымі. Прытым гэта не залежала ад культурных асаблівасьцей. Цяпер дасьледнікі выявілі эфэкт гукавога сымбалізму й у куранят.

Для досьледаў бралі звычайных 3-дзённых куранят, якіх выводзілі на адмысловую пляцоўку, дзе было дзьве панэлі: адна чыстая, а на другой былі круглявая й шылаватая формы. Тут яшчэ хваліся лічынкі мучных хрушчакоў (мучныя чарвякі), якія кураняты мусілі самастойна адшукаць, каб прызвычаіцца да пляцоўкі.

Потым навукоўцы пачыналі мяняць формы месцамі, толькі ўжо без схаваных ласункаў, а таксама ўключалі куранятам аўдыёзапісы, на якіх хтосьці казаў «буба» ці «кікі». У выніку птушаняты часьцей падыходзілі да круглявай формы, калі чулі «буба», і да шылаватай, калі з дынамікаў гучала «кікі»

Читать полностью…

cybulinka

Маленькая папараць з рэкордна вялікім ґеномам знайшлася на ціхаакіянскіх астравах

Калі надрукаваць увесь чалавечы ґеном, то атрымаецца прыблізна 109 кніг, а калі тое самае паўтарыць з ґеномам невялікай папараці, якая сустракаецца на некаторых аставах у Ціхім акіяне, то атрымаюцца ўжо рэкордныя 11 000 кніг.

Кагадзе высьветлілася, што расьліна Tmesipteris oblanceolata мае самы вялікі ґеном з усіх вядомых арґанізмаў. Так, кожная вуза сьціплай папараці можа пахваліцца наяўнасьцю 321 млрд пар азоцістых асноваў ДНК – гэта ланцужок, даўжынёй каля 105 мэтраў.

Адмыслоўцы тлумачаць, што ёсьць дзьве прычыны, якія абумоўліваюць такі вялікі ґеном у расьлін. Па-першае, шматлікія расьліны ў норме маюць больш за два наборы храмасом. Тая ж папараць T. oblanceolata мае ажно 8 набораў.

Што праўда, бальшыня расьлін з пашыраным наборам храмасом ня могуць пахваліцца вялікім ґеномам. Таму другая прычына – няздольнасьць стрымліваць рост ґенома за кошт транспазонаў.

Транспазоны – гэта кавалачкі ДНК, якія могуць капіяваць і ўстаўляць самі сябе, што вядзе да хуткага пашырэньня ґеному, калі арґанізм ня знойдзе спосаб гэтаму супрацьстаяць. Тое самае назіраецца й у чалавечым ґеному, які ўтрымлівае шмат аднолькавых пасьлядоўнасьцей, створаных акурат транспазонамі.

Аднак наяўнасьць вялікага ґеному зьяўляецца істотным недахопам, які запавольвае дзяленьне вузаў, бо штораз даводзіцца рэплікаваць усе пасьлядоўнасьці ДНК. Таксама вялікі ґеном (ДНК) патрабуе больш месца, таму й вузы мусяць быць адпаведных памераў, а гэта запаволіць «расьлінную» рэакцыю на зьмены ў навакольлі.

У выніку падобныя расьліны выміраюць, але T. oblanceolata, імаверна, будзе існаваць, бо жыве на невялікіх астравах, дзе канкурэнцыя не амаль адсутнічае.

Далей навукоўцы хочуць сэквэнаваць невялікую частку ґеному папараць, каб больш зразумець ґенэтыку віду. А за ґеном цалкам пакуль брацца ня будуць, бо дорага й трэба багата вылічальных магутнасьцей.

Читать полностью…

cybulinka

Аўстралійскія заолягі ўпершыню запісалі вакалізацыю маленькай пустэльнай жабкі

Памер жабкі Uperoleia micromeles не перавышае 4 см, жыве яна ў пустэльні на поўначы Аўстраліі. Хаця від апісалі яшчэ ў 1981 годзе, пра яго дагэтуль вядома вельмі мала, у тым ліку не было й запісаў голасу.

Аднак навукоўцам сёлета ўдалося ня толькі пабачыць жабку пасьля сэзону дажджоў, але й запісаць ейнае кваканьне.

Читать полностью…

cybulinka

Экалягічныя чайныя пакецікі не расклаліся ў глебе

Некаторыя чайныя пакецікі, вырабленыя з выкарыстаньнем плястыкавых альтэрнатыў, не раскладаюцца ў глебе й могуць нанесьці шкоду жывым істотам.

У дасьледаваньні разглядаліся створаныя з полімалочнай кіслатою (PLA) «экалягічныя пакецікі». Меркавалася, што дадаваньне такога рэчыва з кукурузнага крухмалу дазволіць вырабу хутка раскласьціся ў глебе. Аднак на практыцы ўсё было крыху іначай.

Аўтары закапалі розныя ўзоры пакецікаў на 7 месяцаў, каб выявіць ступень распаду. Аказалася, што пакецікі, вырабленыя выключна з PLA аніяк не зьмяніліся за час назіраньня. А вось узоры дадаткам цэлюлёзы (+PLA) пасьпелі раскласьціся на маленькія кавалачкі, праўда полімалочная кіслата засталася безь зьменаў.

Адзначаецца яшчэ й тое, што наяўнасьць полімалочнай кіслаты ў глебе нэгатыўна адбівалася на размнажэньні дажджавых чарвякоў, а таксама на 15% павялічвала ім сьмяротнасьць.

Читать полностью…

cybulinka

Татуіроўкі могуць павысіць рызыку разьвіцьця лімфомы

Людзі вельмі даўно пачалі мадыфікаваць сваё цела шляхам нанясеньня татуіровак, але дагэтуль нам мала вядома пра доўгатэрміновыя наступствы для здароўя ад такога занятку. Выправіць недарэчнасьць паспрабавала група навукоўцаў, якая знайшла імаверную сувязь паміж наяўнасьці татуіровак і ракам лімфатычнай сыстэмы.

Аўтары параўналі зьвесткі пацыентаў зь лімфомай і здаровых людзей, і высьветлілі, што рызыка разьвіцьця рака лімфатычнай сыстэмы ў людзей з татуіроўкамі была на 21% вышэйшай. Прытым аніякай залежнасьці ад памераў малюнку на скуры не было.

Мяркуецца, што такі эфэкт абумоўліваецца абаронным мэханізмам лімфатычнай сыстэмы чалавека: часьцінкі пігмэнту ўспрымаюцца арганізмам варожа, таму лімфацыты іх хутка паглынаюць і транспартуюць у лімфатычныя вузлы, дзе пігмэнты часткова асядаюць. У выніку ў арганізьме зьяўляецца невялікае запаленьне, якое, на думку аўтараў, можа стаць фактарам рызыкі разьвіцьця рака.

Читать полностью…

cybulinka

Доза кафэіну зрабіла мурашак больш кемлівымі

Мурашкі, якія пілі рошчын з кафэінам, знаходзілі салодкія ўзнагароды хутчэй за суродзічаў, якім не давалі кафэін. Гэта можа паказваць на тое, што рэчыва паляпшае працэс навучаньня.

Каб спраўдзіць, якім чынам аргентынскія мурашкі Lіnepіthema humіle рэагуюць на кафэін, дасьледчая каманда зрабіла невялікую арэну, на якой пакідалі кроплю салодкай вады з кафэінам і безь яго. У кожнай з 142 мурашак было па 4 спробы пошуку ласункаў.

У выніку каманда заўважыла, што мурашкі, якія пілі рошчын зь нізкімі й сярэднімі дозамі кафэіну, у наступных спробах абіралі боль аптымальны маршрут да салодкай вады. А вось вусякі з «безкафэінавай» групы, карысталіся больш віхлявымі шляхамі.

Адзначаецца, што кафэін аніяк не ўплываў на хуткасьць мурашак, толькі памяшаў колькасьць выгібаў і паваротаў. Так нізкая доза рэчыва скараціла час пошуку салодкай вады на 28%, а сярэдняя, аналягічная энэргетычным напоям, – на 38. Пры больш высокіх канцэнтрацыях кафэіну марашкі гінулі.

Читать полностью…

cybulinka

Эль-Ніньнё сьціхае пасьля году экстрэмальных умоваў надворʼя

Цёплы характар Эль-Ніньнё ў Ціхім акіяне разам з глябальнымі зьменамі клімату зрабілі мінулыя 11 месяцаў самымі гарачымі за гісторыю назіраньняў. Імаверна, у хуткім часе стане прахалодней, але ня сёлета.

Умовы Эль-Ніньнё характарызуюцца падвышэньнем сярэдняй тэмпэратуры паверхні вады ў трапічнай частцы Ціхага акіну. Аднак у гэтым рэгіёне падобныя кліматычныя зьявы адбываюцца раз на 2-7 гадоў: на зьмену цёплым умовам прыходзяць нэўтральныя, а потым і прахалодныя (Ля-Ніньня).

Цяперашні цёплы Эль-Ніньнё ўпершыню праявіўся ў чэрвені 2023 году, адразу пасьля рэкорднай трохгадовай Ля-Ніньня. Цяпер адмыслоўцы мяркуюць, што тэмпэратура ў Ціхім акіяне мусіць вярнуцца да нэўтральных паказьнікаў цягам наступнага месяца, а вось прахалодныя ўмовы Ля-Ніньня мусяць праявіцца ў пэрыяд з чэрвеня па верасень.

Читать полностью…

cybulinka

Мазґавы імплянт разам зь вялікай моўнай мадэльлю дазволіў чалавеку гаварыць

Каманда нэўрахірургаў і адмыслоўцаў у штучным інтэлекце з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Францыска дабілася пэўных посьпехаў у аднаўленьні мовы ў пацыента пасьля інсульту.

Аўтары імплянтавалі інтэрфэйс мазґі-кампутар для счытваньня мазґавых хваляў і прымянілі да атрыманых зьвестак мэтады штучнага інтэлекту, каб дапамагчы пацыенту зноўку загаварыць. Падобнае ўжо рабілася ў папярэдніх дасьледаваньнях, аднак у гэтым выпадку пацыент быў білінгвам, што крыху ўскладніла задачу.

Адразу пасьля апэрацыі мужчына распачаў працэс навучаньня, які зацягнуўся на тры гады. Навукоўцы паказвалі пацыенту словы на гішпанскай і анґельскай мове й прасілі «паўтарыць» іх у розуме. Потым вялікая моўная мадэль дапамагала расшыфроўваць і пераўтвараць зьвесткі ў словы.

Агулам такая сыстэма мела 88% дакладнасьці у вызначэньні мовы й 75% пры расшыфроўцы слоў. Паводле аўтараў, гэтага было дастаткова, каб пацыент мог весьці гутаркі на досьледах.

Читать полностью…
Подписаться на канал